Прывезлі медалі і намецілі новыя планы

- 12:49Якасць адукацыі

Бліскучым стаў удзел беларускай каманды на XXIV Міжнароднай канферэнцыі юных навукоўцаў (ICYS-2017), якая з 16 па 22 красавіка прайшла ў нямецкім Штутгарце. Усе пяць удзельнікаў беларускай каманды заваявалі медалі.

У ICYS-2017 прынялі ўдзел юныя знаўцы фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, біялогіі і экалогіі з 26 краін свету: Беларусі, Бразіліі, Балгарыі, Харватыі, Чэхіі, Грузіі, Францыі, Германіі, Грэцыі, Венгрыі, Літвы, Індыі, Інданезіі, Ірана, Македоніі, Малайзіі, Галандыі, Польшчы, Румыніі, Расіі, Сінгапура, Сербіі, Тайланда, Турцыі, Украіны, Шры-Ланкі. Прысутнічалі таксама назіральнікі з Туніса, якія ў далейшым плануюць прадстаўляць свае каманды. Удзельнікі Міжнароднай канферэнцыі юных вучоных (ICYS) — гэта навучэнцы 14—18 гадоў.

На канферэнцыі традыцыйна працавалі секцыі матэматыкі, фізікі, экалогіі, навук аб навакольным асяроддзі, інфарматыкі і тэхнікі. Праграма канферэнцыі ўключала ў сябе даклады-прэзентацыі па ўсіх дысцыплінах, падчас якіх школьнікі на працягу 15 мінут праводзілі з прафесійным журы сур’ёзную выніковую дыскусію па сваёй тэматыцы. У склад міжнароднага журы ўваходзілі вядомыя навукоўцы і практыкі, запрошаныя аргкамітэтам з розных краін і ўніверсітэтаў Еўропы, Азіі і Афрыкі.
На ICYS-2017 ад нашай краіны былі прадстаўлены чатыры лепшыя даклады па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы. Склад беларускай каманды быў вызначаны па выніках ХХІ Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі для школьнікаў. Усе яе ўдзельнікі атрымалі дыпломы. Акрамя таго, члены каманды прайшлі тэсціраванне па англійскай мове. Такім чынам, у Штутгарце Беларусь прадстаўлялі:

Мікалай Шэшка і Андрэй Шведаў з гімназіі № 41 Мінска, якія падрыхтавалі даклад па матэматыцы “Рашэнне задачы аб укладанні геронавых мностваў у zІ” і атрымалі залаты медаль.

Канстанцін Шынкароў, навучэнец сярэдняй школы № 30 Гомеля. Ён прадстаўляў даклад па матэматыцы “Эксцэнтрысітэт вяршыні сувязнога графа”, які быў узнагароджаны бронзавым медалём.

Уладзіслаў Гадалаў з сярэдняй школы № 11 Слуцка. Ён выступаў з дакладам па інфарматыцы “Air Phone — cмартфон новага пакалення” і заваяваў бронзавы медаль.

Ксенія Пацеева, прадстаўніца гімназіі № 3 Гродна, выступала з дакладам па фізіцы “Даследаванне з’явы самазборкі ўпарадкаваных мікра- і нанаструктур у выпараемай кроплі вадкасці”, за які таксама атрымала бронзавы медаль.

Вынікі беларускай каманды сведчаць не толькі аб высокім узроўні падрыхтоўкі дакладаў на Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, але і аб выдатнай працы школьных кіраўнікоў, трэнераў, якія годна канкурыруюць на міжнародным узроўні.

У ролі кіраўнікоў каманды выступілі дацэнт кафедры тэарэтычнай фізікі і астрафізікі БДУ кандыдат фізіка-матэматычных навук Віталь Уладзіміравіч Жылко, старшы выкладчык камп’ютарнага мадэлявання фізфака БДУ і настаўнік фізікі Ліцэя БДУ Леанід Рыгоравіч Марковіч, намеснік дэкана факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі па прафарыентацыі і дадатковай адукацыі БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Барыс Валянцінавіч Задворны.

Штогод на ICYS прадстаўляецца каля 60—100 дакладаў у 4—6 секцыях. Як адзначаюць арганізатары, падобныя канферэнцыі вучаць праводзіць даследаванні, прадстаўляць і абараняць вынікі работы, рыхтаваць прэзентацыю і даклад на замежнай мове. Мяркуецца, што большасць удзельнікаў канферэнцыі стануць студэнтамі ўніверсітэтаў і ўдзел у ёй можа стаць вырашальным фактарам у будучай навуковай кар’еры.

Трэба адзначыць, што ўдзельнікі канферэнцыі не толькі працавалі, але і паспелі азнаёміцца з мясцовымі славутасцямі. Школьнікі наведалі заводы “Мерседэс” і “Паршэ”, якія складаюць касцяк аўтамабільнай вытворчасці Германіі, пабывалі ў мастацкай галерэі Штутгарта і даследчых лабараторыях мясцовага ўніверсітэта. Незабыўныя ўражанні навучэнцы атрымалі і ад пешаходнай экскурсіі па сучасным і старадаўнім Штутгарце.

“Пасля ўдзелу ў Міжнароднай канферэнцыі юных вучоных мы прывезлі дадому не толькі медалі, але і намецілі новыя планы міжнароднага супрацоўніцтва з юнымі навукоўцамі іншых краін. У заключэнне ад імя ўсёй каманды хочацца выказаць самыя цёплыя словы падзякі некамерцыйнаму фонду “Навука вакол нас” за фінансавую падтрымку”, — адзначыў адзін з кіраўнікоў каманды Леанід Марковіч.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.