Прывівае любоў да прафесіі

- 10:59Людзі адукацыі, Рознае

Большасць добрых выкладчыкаў былі апантаны марай аб прафесіі педагога яшчэ з дзяцінства. У жыцці майстра вытворчага навучання Магілёўскага электратэхнічнага каледжа Алы Трацэўскай усё было крыху інакш.

Па першай прафесіі Ала Іванаўна — інжынер сувязі. Больш за дзевяць гадоў яна адпрацавала на пошце. Прычым доўгі час у якасці загадчыка аддзялення. Здавалася, жыццё будзе такім жа мерным і спакойным. Але лёс крута павярнуў у зусім іншы бок.

— Сямнаццаць гадоў назад у Магілёўскім электратэхнічным каледжы адкрылі новую спецыяльнасць — “Аператар сувязі”. Патрэбны былі майстры вытворчага навучання, а ў мяне якраз былі і неабходныя веды, і вопыт. Тады і ўзнікла імкненне да педагагічнай дзейнасці, жаданне вучыць моладзь азам прафесіі, — расказала Ала Трацэўская.

Першыя свае заняткі майстар памятае і цяпер.

— Перажывала наконт таго, ці змагу заваяваць аўтарытэт у навучэнцаў, наколькі выніковымі будуць мае ўрокі. А ў той час я вучыла дзяцей і тэорыі, і вытворчаму майстэрству, — адзначыла Ала Іванаўна.
Тады, на першых занятках, у яе ўсё атрымалася. І гэта нядзіўна, бо, каб стаць прафесійным педагогам, яна імкнулася да самаадукацыі. Завочна скончыла Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі па адпаведнай спецыяльнасці, павышала прафесійны ўзровень падчас разнастайных вучэбных мерапрыемстваў, вывучала вопыт калег з іншых рэгіёнаў. Як вынік, атрымала вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, выпрацавала ўласныя эфектыўныя методыкі выкладання.

Каб сфарміраваць у навучэнцаў трывалыя прафесійныя навыкі, якія дазволяць ім стаць запатрабаванымі на рынку працы спецыялістамі, Ала Трацэўская выкарыстоўвае разнастайныя метады і прыёмы навучання. На сваіх занятках яна актыўна прымяняе інфармацыйныя тэхналогіі, у прыватнасці мультымедыйныя прэзентацыі і тэматычныя відэаролікі. Даволі часта яе ўрокі суправаджаюцца элементамі дзелавой гульні.

Немалаважна і тое, што майстар імкнецца знайсці індывідуальны падыход да кожнага вучня. Устанаўленне даверлівых адносін з навучэнцамі — для Алы Іванаўны справа прыярытэтная. Яна пераканана: спрыяльны мікраклімат у групе шмат у чым уплывае на якасць і выніковасць навучання, таму для сваіх вучняў яна не толькі настаўнік, але і старэйшы таварыш.

— Ала Іванаўна патрабавальная, але адначасова і добразычлівая. У яе вельмі цікавыя заняткі. Калі ж раптам штосьці не зразумела, яна заўсёды гатова растлумачыць тэму зноў. А яшчэ з ёй можна пагаварыць не толькі пра вучобу, але і пра асабістыя праблемы, — падзяліліся навучэнкі каледжа Лізавета Лусцянкова і Вікторыя Пазнякова.

Не забывае Ала Трацэўская і пра пазаўрочную дзейнасць. Разам з вучнямі яна наведвае кінасеансы і спектаклі, выставы і культурныя мерапрыемствы, ходзіць на экскурсіі. Асаблівае месца сярод іх займаюць экскурсіі на вытворчасць. Такія выхады, па словах майстра, адыгрываюць важную ролю ў далучэнні навучэнцаў да прафесіі. Праз азнаямленне з сучасным абсталяваннем, матэрыяламі, арганізацыяй працы ў іх фарміруецца дакладнае ўяўленне аб будучай справе. Нароўні з урокамі на вытворчасці гэта дазваляе ім быць больш падрыхтаванымі да працоўнай дзейнасці. Ды і самой Але Іванаўне пастаянныя стажыроўкі дазваляюць быць у курсе ўсіх змяненняў і новаўвядзенняў у галіне, каб потым укараняць іх у вучэбную праграму.

Плённая педагагічная дзейнасць, нястомнае імкненне да прафесійнага самаўдасканалення дазволілі Але Трацэўскай дасягнуць пэўных прафесійных вышынь. Яна неаднаразова адзначалася ганаровымі граматамі, а сёлета здолела перамагчы ў адпаведным конкурсе і стаць лепшым майстрам вытворчага навучання Магілёўшчыны. Такое прызнанне — справа прыемная, але самае вялікае задавальненне Але Іванаўне прыносіць тое, што большасць яе былых навучэнцаў працуюць па спецыяльнасці, бо галоўнае для яе — прывіць моладзі любоў да прафесіі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.