Прыярытэт збалансаванага развіцця будзе няўхільна захоўвацца

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2017 годзе плануецца павялічыць на 1,5 працэнта, заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што гэтае пасяджэнне — завяршальны этап папярэдняй работы над пакетам прагнозных дакументаў на 2017 год, які будзе ў найбліжэйшы час накіраваны на разгляд прэзідэнта. Размова ідзе пра два праекты ўказаў (“Аб задачах сацыяльна-эканамічнага развіцця” і “Аб асноўных напрамках грашова-крэдытнай палітыкі”) і два праекты законаў (“Аб рэспубліканскім бюджэце” і “Аб унясенні змяненняў у Падатковы кодэкс”). Паводле слоў прэм’ер-міністра, гэтыя дакументы ўвязаны адзін з адным і забяспечваюць збалансаванасць развіцця эканомікі і фінансавага рынку.

Гаворачы аб прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2017 год, кіраўнік урада адзначыў, што колькасныя значэнні адпавядаюць мэтавым арыенцірам пяцігодкі. Найважнейшымі паказчыкамі для ўрада і Нацыянальнага банка вызначаны рост ВУП на 1,5 працэнта, рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва на 1,2 працэнта, рост прадукцыйнасці працы па ВУП на 1,6 працэнта і яго перавышэнне над тэмпамі росту рэальнай заработнай платы. Экспарт тавараў і паслуг павінен павялічыцца на 3,6 працэнта; сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі плануецца дадатным на ўзроўні $103 млн, або плюс 0,2 працэнта да ВУП; прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове (без уліку запазычанасці прамому інвестару за тавары, работы, паслугі) запланаваны ў аб’ёме $1,4 млрд.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, стаіць задача выхаду на адназначныя параметры інфляцыі — 109 працэнтаў (да снежня 2016 года). “Няўхільна будзем захоўваць прыярытэт збалансаванага развіцця эканомікі — гэта збалансаванасць плацежнага балансу і бюджэту, выкананне знешніх абавязацельстваў без зніжэння золатавалютных рэсурсаў краіны, зніжэнне інфляцыі”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Цяпер завяршаецца работа па фарміраванні мэтавых задач для міністэрстваў, канцэрнаў і прадпрыемстваў. Падыходы да выбудоўвання ключавых паказчыкаў эфектыўнасці для ўсёй вертыкалі ўлады, як і планавалася, не будуць істотна зменены ў параўнанні з гэтым годам. “Асноўны акцэнт робім на якасныя паказчыкі росту і экспарт. Усе яны будуць улічаны ў пастанове ўрада, і тым самым мы сфарміруем вертыкальна інтэграваную матрыцу задач, пачынаючы ад урада да кіраўнікоў прадпрыемстваў, праз сістэму бізнес-планавання», — адзначыў кіраўнік урада.

Гаворачы аб рэспубліканскім бюджэце на 2017 год, Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што ён захоўвае сваю сацыяльную накіраванасць. “У поўным аб’ёме ўлічаны ўсе расходы па сацыяльных выплатах, і, нягледзячы на вельмі абмежаваныя магчымасці бюджэту, захаваны на ўзроўні бягучага года рэсурсы для падтрымкі экспарту”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

“У 2017 годзе мы павінны не толькі захаваць, але і нарасціць золатавалютныя рэзервы дзяржавы. Ставім для сябе арыенцір у памеры плюс $500 млн. Задача складаная, але пры зладжаных дзеяннях урада і Нацыянальнага банка выканальная. Напрацоўкі і дамоўленасці ёсць, у тым ліку з міжнароднымі фінансавымі структурамі. Трэба актыўна і найбольш аптымальна для краіны іх выкарыстоўваць”, — адзначыў кіраўнік урада.

Паводле яго слоў, меры па фінансавым аздараўленні рэальнага сектара эканомікі, арганізацый сельскай гаспадаркі і перапрацоўкі, якія прымаюцца, дапамагаюць вырашыць некаторыя пытанні і банкаўскага сектара, забяспечыць іх устойлівае функцыянаванне.
“Кошт крэдытаў для эканомікі — вечная праблема. Але яна паступова вырашаецца. У гэтым годзе ўжо ўвайшлі ў запланаваны калідор. У ліпені 2016 года сярэдняя працэнтная стаўка па новых крэдытах у беларускіх рублях без уліку льготных склала 24,7 працэнта гадавых. Гэта ніжэй, чым па крэдытах снежня 2015 года, на 8,6 працэнтнага пункта”, — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Ён звярнуў увагу, што пытанні павінны вырашацца ўпэўнена, але “вельмі акуратна, не звальваючыся на простыя рашэнні”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *