Прыёмная маці — прафесія або лёс?

Гаварыць пра прафесію прыёмнай маці i лёгка, i няпроста. Прафесія гэтая асаблівая. У ёй спалучаюцца прафесіяналізм, разважлівасць і бязмежная любоў да дзяцей. Прыёмная маці — гэта надзвычай шчыры, сардэчны i клапатлiвы чалавек.

У мнагадзетнай мамы з вёскі Жытомлі Гродзенскага раёна Хрысціны Болбат чацвёра родных і чацвёра прыёмных дзяцей рознага ўзросту. Гэтая жанчына яшчэ і мнагадзетная бабуля, мае сем унукаў. Канечне, жыццё патрабуе ад маці такой вялікай сям’і шмат сіл — і душэўных, і фізічных.

Жыццёвы шлях жанчыны — гэта адлюстраванне нялёгкай долі працоўнага чалавека. Яна працавала аграномам у Мастоўскім раёне. Пасля пераезду ў Жытомлю Хрысціна Чаславаўна ўладкавалася ў дзіцячы сад. Але цяжкая хвароба вымусiла змянiць месца працы.

— Працавала дзе прыходзiлася: то ў магазiне, то на ферме. А пасля складанай аперацыi перад Богам зарок дала: калi выжыву, то дзяцей з дзiцячага дома вазьму. І тут гэтыя дзецi мне снiцца пачалi. Сплю я на другiм паверсе, а знiзу, здаецца, усё нехта крычыць, плача. Нешта мне так дрэнна стала, пайшла я ў райвыканкам. Так і з’явіліся ў мяне дзеткі, а разам з імі, не ведаю адкуль, і здароўе, — расказвае Хрысціна Чаславаўна.

На выхаванні ў жанчыны — дзяўчынкі, і ў кожнай розны характар. Дзіяна, Даша і Оля паспяхова вучацца ў Жытамлянскай школе, па меры сіл дапамагаюць па гаспадарцы. Дапамогу прыёмнай маці аказваюць дзяржава і грамадскія структуры. Аднак асноўнае гаспадыня вялікага дома імкнецца рабіць сваімі сіламі: вырошчвае агарод, мае свіней і коз. Маці-выхавальніца паказвае на асабістым прыкладзе і пераконвае дзяцей, што праца і стараннасць нікому яшчэ ў гэтым жыцці не нашкодзілі.

— Мае дзеці не парастаюць мяне здзіўляць, — з усмешкай гаворыць Хрысціна Чаславаўна. — Здавалася б, усё пра іх ведаеш. І раптам у дзіцяці адкрываецца новая рыса характару, пра якую ты нават не мог здагадацца.

Пра сваіх дзяцей жанчына можа гаварыць гадзінамі. Ведае, чым яны жывуць, што ім падабаецца, якія ў іх сакрэты. Дзіяна — модніца і фантазёрка. Даша — артыстка, спявае і танцуе. Для кожнай з дзяўчат мама знаходзіць асаблівае слова. Оля любіць маляваць. А ўсе разам яны бавяць вольны час, займаючыся спортам. Старэйшая Юля зараз атрымлівае спецыяльнасць муляра.

Прымаючы дзяцей у сям’ю, прыёмная маці сутыкнулася з вялікай колькасцю праблем. Чаго каштуе рэабілітаваць ды і проста адагрэць прыёмнае дзіця, ведаюць толькі прыёмныя мамы. Да таго ж стан здароўя практычна ўсіх такіх дзяцей далёкі ад нормы.

— Пачынала з таго, што проста лячыла іх, — гаворыць прыёмная маці. — Колькі каштуюць лекавыя прэпараты, усе ведаюць. І добра, калі дзеткам не патрэбна дапамога псіхолагаў, псіхіятраў, бо мінулае ў іх вельмі цяжкае.

Прыйшлося навучаць дзяўчат і манерам. Дзеці не прывыклі беражліва адносіцца да адзення, ім не хапала культуры паводзін, многія з іх часта псавалі цацкі і мэблю. Мама Хрысціна вучыць дзяцей быць сумленнымі заўсёды і ва ўсім, каб у дарослым жыцці пазбегнуць падману і інтрыг. Так што кожная прыёмная мама — гэта і медсястра, і кухар, і педагог, і псіхолаг, і лепшы сябар.

Прафесія прыёмнай маці настолькі ж ганаровая, як настаўніка ў школе, выхавальніка ў дзіцячым садзе. Выдатна, што знаходзяцца такія людзі, якія жадаюць на прафесійнай аснове дапамагчы сіраце, прыняўшы такое дзіця ў сваю сям’ю. Кожны дзень, пражыты дзіцем у сям’і, — вялікая карысць для яго. Толькі тут малое вучыцца асновам паводзін, законам сям’і як аптымальнаму спосабу чалавечага жыцця. Выхаванне ў сям’і вучыць дзяцей працаваць, зарабляць грошы, а не выпрошваць іх, сачыць за сваім выглядам, быць уважлівым да іншых, жыць у гармоніі са светам.

— Я не дзялю дзяцей на родных і выхаванцаў, — гаворыць Х.Ч.Болбат. — Гэта мая сям’я. Для мяне важна даць усё для таго, каб дзеці маглі наладзіць самастойнае жыццё. Разумееце, я бачу, як з вельмі цяжкіх мае дзеці становяцца звычайнымі. Умовы, у якіх выхоўваюцца дзеці, мяняюць іх, прыстасоўваюць да жыцця, даюць ім магчымасць стаць шчаслівымі. Галоўнае — быць з імі шчырымі, — упэўнена Хрысціна Болбат.

Галіна НІКАЛАЕНКА,
класны кіраўнік 5 класа Жытамлянскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *