Псіхагімнастычныя гульні, або Сакрэт чырвонай кніжкі

- 15:47Апошнія запісы, Рознае, Суразмоўца

Для таго, каб настаўнік быў цікавым для вучняў, ён павінен быць непасрэдным, крэатыўным і са сваёй жыццёвай пазіцыяй. Менавіта такой асобай з’яўляецца настаўніца біялогіі і хіміі Лугаваслабадской сярэдняй школы Мінскага раёна класны кіраўнік 6 класа Алена Яўгенаўна Гарбар. Яна дакладна ведае, як пазбегнуць памылак у выхаванні і падрыхтаваць дзяцей да самастойнага жыцця.

— Алена Яўгенаўна, не сакрэт, што некаторыя настаўнікі ўспрымаюць класную гадзіну як урок, на якім можна запоўніць класны журнал ці праверыць сшыткі, пакуль дзеці займаюцца сваімі справамі. Ці правільна гэта?
— Кожны настаўнік сам у сілах вырашыць, наколькі правільнымі з’яўляюцца яго адносіны да класнай гадзіны. І, згадзіцеся, праўда ў кожнага свая. Для кагосьці такія адносіны да апошняга ўрока з’яўляюцца нормай, а нехта, наадварот, імкнецца пазбавіцца стандартаў. Вядома, што ў кожнага педагога ёсць план работы, метадычныя дакументы, згодна з якімі праводзяцца класныя гадзіны. Толькі справа ў тым, што вучням не заўсёды цікава тое, што робіцца па шаблоне. Навучэнцы бачаць, што настаўнік у рабоце не звяртаецца да творчасці, і ім становіцца сумна. А калі педагог будзе ведаць, якія ў дзяцей запыты, чым цікавяцца яго вучні, класную гадзіну можна будзе пабудаваць не проста фармальна, а зрабіць яе максімальна цікавай. Дарэчы, тэмы для правядзення класных гадзін далёка шукаць не трэба! Можна абмеркаваць, напрыклад, пытанні выхавання з пазіцыі дзяцей. І гэта будзе цікава і вучням, і настаўніку.

— Як, на ваш погляд, класнаму кіраўніку даведацца, чым цікавяцца дзеці? Усё-такі вучні не заўсёды выказваюць жаданне дзяліцца сакрэтамі з настаўнікам…
— Я прыйшла працаваць у школу больш як 20 гадоў назад. Тады я пачала кіраваць дзецьмі, якія перайшлі ў 5 клас. Мне было цікава, хто з вучняў чым цікавіцца, чым займаецца. І ў той час у мяне таксама ўзнікла пытанне, як даведацца, што цікавіць маіх выхаванцаў. Я разумела, што правядзенне дыялогу з кожным з вучняў зойме даволі многа часу. А час — гэта такая рэч, губляць якую шкада! Затое правядзенне агульнай размовы, калі ўвесь клас у зборы, я ўпэўнена, з’яўляецца самым ідэальным варыянтам знаёмства. Чаму? Таму што, калі дзеці размаўляюць паміж сабой, расказваюць пра адносіны адно да аднаго, у настаўніка ёсць магчымасць паназіраць за паводзінамі вучняў, прыслухацца і зрабіць высновы наконт таго, якія яго дзеці па характары, як з імі працаваць. Пасля гэтага я звярнулася да псіхалагічнай педагогікі. Яе сэнс у тым, каб настаўнік і дзеці былі раўназначнымі партнёрамі. І, згадзіцеся, будзе правільна, калі класны кіраўнік перастане быць назіральнікам і будзе побач з вучнямі.

— Дзеці, як правіла, адчуваюць, калі ў настаўніка ёсць любімчыкі. І дабіцца даверу з іх боку часам вельмі цяжка. Які, на ваш погляд, алгарытм паво-дзін настаўніка будзе правільным?
— Справа ў тым, што ў кожнага дзіцяці свая лінія развіцця. І я прытрымліваюся той пазіцыі, што настаўнік не павінен, напрыклад, падчас бацькоўскіх сходаў, кагосьці з вучняў хваліць, а пра некага гаварыць, што ён дрэнна вучыцца. Я імкнуся кожнаму з бацькоў паказаць рост іх дзіцяці. Для мяне важна расказаць мамам і татам, якія інтарэсы з’явіліся ў навучэнцаў за канкрэтны перыяд, што дзяцей пачало цікавіць. Безумоўна, у класнага кіраўніка могуць быць і заўвагі. Калі я лічу патрэбным звярнуцца па дапамогу да бацькоў, калі хачу расказаць ім пра адмоўныя якасці, звычкі, якія прысутнічаюць у іх дзіцяці, раблю гэта тэт-а-тэт. Увогуле, падтрыманне зносін з бацькамі — гэта адзін з абавязковых складнікаў працэсу выхавання навучэнца. Я ўпэўнена, што іншым бацькам неабавязкова ведаць, у якой сям’і што і як адбываецца. Таму нашы размовы з некаторымі бацькамі праходзяць у закрытай форме.

— Дарэчы, на рэспубліканскім конкурсе педагагічнага майстэрства “Педагог-майстар — маладому настаўніку” вы праводзілі майстар-клас па арганізацыі класных гадзін. На ім расказвалі калегам пра неабходнасць запрашаць бацькоў у сумесную гульню.
— Так, бацькоў неабходна ўключаць у гульню. Гэта дае даволі шмат станоўчых эмоцый дзецям, а таксама дапамагае яшчэ больш зблізіць членаў сям’і паміж сабой. І на адным з апошніх бацькоўскіх сходаў я праводзіла менавіта такую гульню. Кожная сям’я малявала свой утульны дом, дзе пануюць павага, любоў і ўзаемаразуменне. Усе дамы атрымаліся яркімі, вялікімі, а гэта з пункту гледжання псіхалогіі гаворыць пра тое, што ў сем’ях ёсць шмат планаў на будучыню. Увогуле, назіраць за сумесным творчым працэсам, у якім узаемадзейнічаюць і бацькі, і дзеці, вельмі цікава.

— На конкурсе вы ўзгадвалі, што ў рабоце з дзецьмі аддаяце перавагу псіхагімнастычным практыкаванням. У чым іх сутнасць?
— Так, псіхагімнастычныя практыкаванні — гэта мая любімая форма работы з дзецьмі. Сутнасць гэтага метаду работы ў тым, каб дапамагчы настаўніку скарэкціраваць некаторыя асобасныя якасці вучня. У маім класе, напрыклад, дзеці звярталіся адно да аднаго не па імёнах, а выкарыстоўвалі для гэтага мянушкі. Безумоўна, пазбавіцца гэтай праблемы адным махам немагчыма. Таму некалькі класных гадзін запар мы змагаліся з мянушкамі пры дапамозе псіхагімнастычных практыкаванняў. Для таго, каб пачаць вырашаць праблему, мы павінны стварыць унутры класа даверную атмасферу. Робіцца гэта вельмі проста. Мы садзіліся ў круг, і я прапаноўвала дзецям пэўны алгарытм дзеянняў. Напрыклад, брала цацку, якая быццам бы прыйшла ў госці і хоча расказаць пра нашы станоўчыя і адмоўныя якасці. Я брала першай цацку ў рукі і сваім голасам называла адну якасць характару, якая, на мой погляд, не падабаецца дзецям. Услед за адмоўнай якасцю называліся тры станоўчыя. І так рабіў кожны з вучняў. Калі цацка прай-шла па ўсім крузе і зноў апынулася ў мяне, я пачала расказваць дзецям пра імёны. Безумоўна, растлумачыла, што імя даецца чалавеку нездарма. І менавіта імёны здольныя фарміраваць характар асобы. Калі мы замест імені выкарыстоўваем мянушку, значыць, пачынаем гаварыць пра іншага чалавека. Для таго, каб запэўніць дзяцей у сваіх словах, зачытвала кожнаму з навучэнцаў значэнне іх імён. І ведаеце, дзяцей гэта вельмі ўразіла, яны зразумелі ўсю прыгажосць імені. І як вынік — мы пазбавіліся ад праблемы мянушак. Дарэчы, вучням вельмі спадабалася і гульня, якая была накіравана на тое, каб вызначыць, што аднакласнікам не падабаецца ў канкрэтным навучэнцы. Вядома ж, каб гэта зрабіць, у гульню павінен быць уключаны і класны кіраўнік.

— Калі не сакрэт, ці змаглі вашы вучні прызнацца, што ім не падабаецца ў сваім класным кіраўніку?
— Так, змаглі. І мяне іх адказ вельмі здзівіў. Я думала, што дзеці раскажуць, якія якасці майго характару ім не падабаюцца. Але, як аказалася, навучэнцаў не задавальняла, што я кантралюю іх паводзіны пры дапамозе нашай чырвонай кніжкі. Яна была мною створана для таго, каб кожны з настаўнікаў, праводзячы ў класе ўрок, запісваў туды, хто з вучняў сябе дрэнна паводзіў. Спачатку такое новаўвядзенне — чырвоную кніжку — ніхто з вучняў усур’ёз не ўспрымаў. Затое пасля, калі там з’явілася некалькі заўваг, адносіны да вучобы, да паводзін падчас урокаў змяніліся. Мае пяцікласнікі амаль перасталі шумець, сталі больш уважлівымі. Гэта, я ўпэўнена, звязана з тым, што дзецям было сорамна ад зін перад адным, калі я зачытвала заўвагі, пакінутыя ў кніжцы, услых. Дарэчы, нават выкладчыкі пачалі адзначаць, што дысцыпліна на ўроках узрасла. І мяне як класнага кіраўніка гэтая акалічнасць не можа не радаваць! Таму што гэта сведчыць пра эфектыўнасць абраных метадаў работы з навучэнцамі.

— Алена Яўгенаўна, ці дапамагло выкарыстанне інтэрактыўных метадаў у выхаваўчым працэсе знайсці аднадумцаў сярод калег?
— Безумоўна, дапамагло. Да мяне і на ўрокі, і на класныя гадзіны прыязджала вельмі шмат настаўнікаў. І менавіта так я пазнаёмілася з будучым кіраўніком рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель” Ірынай Рамуальдаўнай Клявец. У дадатак да гэтага выкарыстанне метадаў і прыёмаў адукацыйных тэхналогій дазволіла канкурыраваць з лепшымі настаўнікамі краіны ў прафесійным конкурсе педагагічнага майстэрства “Настаўнік года — 2011”. Дарэчы, удзел у конкурсе стаў для мяне важнай прыступкай, якая прывяла да дасягнення канкрэтнай мэты. Я стала членам элітнага настаўніцкага клуба “Крыштальны журавель”, які для мяне з’яўляецца крыніцай ідэй і крэатыўных думак.

— Не сакрэт, што многія настаўнікі ведаюць вас як аўтара метадычнага дапаможніка па правядзенні класных гадзін “З душою да дзяцей: нестандартныя формы работы класнага кіраўніка”.
— Так, выхад у свет дапаможніка — гэта вельмі прыемная і значная падзея ў маім жыцці. А гісторыя ўзнікнення метадычкі насамрэч вельмі цікавая. Мой калега, Сяргей Рыгоравіч Дубкоў, які працуе ў сярэдняй школе № 43 Гомеля, ведаў, што я пачала праводзіць класныя гадзіны з псіхалагічным ухілам. Адну з распрацовак, якая называецца “Люблю”, я дала яму для таго, каб ён паспрабаваў зрабіць нешта падобнае са сваімі навучэнцамі. Калегу вельмі спадабалася тая гульня, якую ўдалося наладзіць з класам. І ён, адухоўлены, напісаў у якасці дадатку да маёй распрацоўкі вершы. Кожную з работ — і вершы, і ідэю майго ўрока — адправіў на конкурс “Адкрыты ўрок”, які праводзіла “Настаўніцкая газета”. І атрымалася так, што і калега, і я ў розных намінацыях сталі пераможцамі конкурсу. Безумоўна, мяне Сяргей Рыгоравіч не папярэдзіў аб тым, што зрабіў. І калі мяне выклікалі па прыз, то я доўга не магла зразумець, за што яго будуць уручаць. І ўжо праз некаторы час выдавецкі дом “Белы вецер” прапанаваў надрукаваць увесь мой матэрыял. Менавіта так і з’явіўся дапаможнік “З душою да дзяцей: нестандартныя формы работы класнага кіраўніка”. Дарэчы, што тычыцца зместу дапаможніка, то ён складаецца з трох частак: інтэрактыўныя метады, педагагічныя майстэрні і тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення. У кожнай з трох частак ёсць шмат карыснай інфармацыі, накіраванай на тое, каб дапамагчы класнаму кіраўніку правільна і цікава будаваць работу з дзецьмі.

— Алена Яўгенаўна, як вы лічыце, ці ўдалося вам паўплываць на сваіх вучняў?
— Безумоўна, цяпер ужо можна смела гаварыць пра вынікі работы і рабіць канкрэтныя вывады. Напрыканцы навучальнага года ў школе праходзіў кансіліум па маім 5 класе. Усе настаўнікі заўважылі, што вучні сталі больш спакойнымі, дысцыплінаванымі. Акрамя гэтага, дзеці падцягнуліся ў плане вучобы. На сённяшні дзень у нас толькі 2 выдатнікі, а гэта значыць, што ў наступным навучальным годзе будзем рабіць упор на больш дасканалае вывучэнне школьных прадметаў. Дарэчы, што тычыцца станоўчай дынамікі ў класе, хочацца сказаць, што сярод дзяцей, як адзначыла школьны псіхолаг, знізіўся ўзровень трывожнасці. Але працаваць усё роўна будзе над чым. Дзеці растуць, сталеюць, і ў кожным узросце ёсць свае праблемы, якія пакідаць без увагі класны кіраўнік не мае права.

 

Гутарыла Наталля ДУБІК.