Псіхолаг на сувязі

- 14:22Рознае, Сацыяльны ракурс

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Дзяцінства і сям’я ХХІ стагоддзя: праблемы і стратэгіі псіхалагічнай падтрымкі” прайшла нядаўна ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Да яе правядзення было прымеркавана і адкрыццё Цэнтра аказання псіхалагічнай дапамогі ўсыноўленым і ўсынавіцелям на базе БДПУ.

Што да канферэнцыі, то ў ёй удзельнічала больш за сто спецыялістаў з Беларусі, Расіі, Італіі — вучоныя і практыкі, якія працуюць у галіне аказання псіхалагічнай дапамогі дзецям і ўсынавіцелям, выкладчыкі, аспіранты. Ва ўрачыстым адкрыцці канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Віктаравіч Якжык, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Італія ў Рэспубліцы Беларусь Стэфана Б’янкі, рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук.
У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў канферэнцыі былі пытанні псіхалагічнай дапамогі прыёмным сем’ям, знаходжання і адаптацыі дзіцяці ў такой сям’і, прыняцця дарослымі ролі прыёмных бацькоў. Гаварылі аб тым, як будуюцца адносіны родных і прыёмных дзяцей, аб вырашэнні канфліктаў у дзіцяча-бацькоўскіх адносінах, аб дыялогу грамадства і прыёмных сем’яў і г.д. Арганізавалі канферэнцыю Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, Фларэнційскі дзяржаўны ўніверсітэт, Італьянская гуманітарная асацыяцыя РUER (Рым).
Шмат у чым дзякуючы супрацоўніцтву з італьянскім бокам удалося адкрыць у Мінску першы Цэнтр аказання псіхалагічнай дапамогі ўсыноўленым і ўсынавіцелям. Абсталяванне цэнтра закуплена гуманітарнай асацыяцыяй PUER, працуюць жа ў ім беларускія спецыялісты. Вось што расказала нашаму выданню адзін з каардынатараў работы цэнтра загадчык кафедры сацыяльнай псіхалогіі факультэта псіхалогіі БДПУ Галіна Віктараўна Гатальская:
— Нашы студэнты-чацвёртакурснікі, якія праслухалі курс псіхалагічнага кансультавання, а пазней і студэнты факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій будуць працаваць у цэнтры як аператары. Іх задача — устанаўленне кантакту з тым, хто хоча атрымаць псіхалагічную кансультацыю, збор анамнезу (высвятленне праблемнай сітуацыі). Аператараў мы вучым таму, як заставацца ў кантакце, як падтрымліваць канструктыўную лінію размовы. А ўжо самі кансультацыі праводзяць нашы выкладчыкі, сертыфікаваныя і ліцэнзаваныя ў гэтым відзе дзейнасці спецыялісты. Аператар жа бачыць праблему, ведае, хто зараз з выкладчыкаў свабодны, і звязвае яго з абанентам або арганізоўвае кансультацыю з адтэрміноўкай.
Г.В.Гатальская расказала таксама, што ўсе супрацоўнікі Цэнтра псіхалагічнай дапамогі — валанцёры. Пакуль цэнтр толькі пачынае сваю работу, аператары рассылаюць інфармацыю аб ім у рэгіёны — у цэнтры псіхалагічнага кансультавання, інтэрнаты, дзіцячыя дамы, у тым ліку інфармацыю аб семінарах, на якія могуць прыязджаць прыёмныя сем’і, бацькі-выхавальнікі з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і з SOS—дзіцячых вёсак. Плануецца, што цэнтр будзе працаваць шэсць дзён на тыдзень (акрамя нядзелі) з дзевяці гадзін раніцы да васьмі-дзевяці гадзін вечара. Звярнуцца ў яго можна будзе нават ананімна, патэлефанаваўшы на тэлефон даверу або праз інтэрнэт, выбраўшы анлайн ці скайп-кансультаванне, бо нават у скайпе можна заставацца нябачным. Пры жаданні можна будзе і прыехаць у цэнтр, папярэдне дамовіўшыся аб сустрэчы па тэлефоне.
Мяркуецца і правядзенне адукацыйных праграм як для нядаўна створаных прыёмных сем’яў, так і для школ-інтэрнатаў па вырашэнні канфліктаў, выкарыстанні стратэгій і метадаў у рабоце з дзецьмі, а таксама супрацоўніцтва з імі для палягчэння перыяду ўзаемнай адаптацыі.
Усё гэта мяркуецца рабіць у супрацоўніцтве з PUER, бо некаторыя беларускія дзеці, у тым ліку ўсыноўленыя, выязджаюць на канікулы ў Італію. Італьянскія сем’і, якія іх прымаюць, таксама хочуць мець магчымасць атрымання кансультацыі псіхолагаў. І такая магчымасць у іх ёсць. Тым больш што беларускія студэнты-валанцёры пачынаюць вывучаць італьянскую мову.
Адна з такіх валанцёраў Вераніка Ладуцька расказала, што ў Цэнтра аказання псіхалагічнай дапамогі ўсыноўленым і ўсынавіцелям ёсць свая старонка “УКантакце”, на якую яшчэ да афіцыйнага адкрыцця цэнтра падпісаліся прыкладна 100 чалавек. А гэта яшчэ адно пацвярджэнне патрэбы многіх у такой службе.
Валанцёры будуць пастаянна вучыцца, а студэнты старшых курсаў пры гэтым яшчэ і навучаць малодшых таварышаў. Заняткі плануюцца па канфлікталогіі, тэлефонным і дыстанцыйным кансультаванні, устанаўленні кантакту з кліентам і г.д. А пазней студэнты з такім вопытам навучання і работы, несумненна, будуць выклікаць больш даверу ў работадаўцаў.
Плануецца таксама арганізацыя сумеснага летніка, куды прыедуць 20 студэнтаў-валанцёраў з Італіі. Яны 10 месяцаў вывучаюць мову, знаёмяцца з беларускай культурай, а працаваць з дзецьмі будуць у Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці, у вёсцы Малыя Аўцюкі.
Прарэктар па выхаваўчай рабоце педуніверсітэта Святлана Іванаўна Копцева, выступаючы на адкрыцці цэнтра, заўважыла:
— Мы адкрываем вельмі сур’ёзны цэнтр і ўпэўнены, што такі сплаў выкладчыкаў і студэнтаў, нашых калег з Італіі, з рэгіянальных цэнтраў дазволіць развіць гэты праект.
Прэзідэнт італьянскай гуманітарнай асацыяцыі PUER Серджыа дэ Чыка нагадаў, што ідэя стварэння цэнтра ўзнікла яшчэ два гады назад.
— Для нашай асацыяцыі аздараўленне дзяцей — не адзіная задача, — сказаў ён. — Нам важна быць упэўненымі, што яны атрымліваюць усю неабходную псіхалагічную падтрымку. Да таго ж мы спадзяёмся, што, дзякуючы змяненням у адпаведных правілах, у будучыні ў супрацоўнікаў новага цэнтра з’явіцца магчымасць суправаджаць дзяцей, якія выязджаюць на аздараўленне.

Марына ХІДДЖАЗ.