Крэатыўных і артыстычных студэнтаў сабрала міжнародная алімпіяда студэнтаў па асновах педагогікі і псіхалогіі, якая праходзіць ужо шэсць гадоў запар у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны.
Паралельна са студэнцкай алімпіядай арганізатары — факультэт псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Францыска Скарыны — праводзяць і алімпіяду сярод навучэнцаў школ, гімназій і ліцэяў Гомельскай вобласці. Так у дзяцей з’яўляецца магчымасць паспрабаваць сябе ў цікавай навуцы псіхалогіі, а для факультэта гэта добрая прафарыентацыйная праца.
Штогод удзельнікам мерапрыемства прапаноўваецца новая тэма, і гэтая непаўторнасць дае прастор думкам і ідэям, павялічвае цікавасць. Сёлета ўдзел у алімпіядзе прыняло больш за 500 чалавек: 20 каманд устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Расіі і 58 каманд навучэнцаў устаноў адукацыі вобласці. А працавалі ў гэтым годзе студэнты і навучэнцы ў кірунку “Асоба і Казка”.
Усе ўдзельнікі алімпіяды былі падзелены па профілях у залежнасці ад спецыяльнасцей, па якіх яны праходзяць навучанне: псіхалагічны профіль, педагагічны профіль, у якія ўвайшлі будучыя педагогі-прадметнікі, педагогі дашкольных, пачатковых, спецыяльных, сацыяльных устаноў, а таксама непсіхолага-педагагічны профіль, які склалі студэнты інжынерных, юрыдычных, эканамічных спецыяльнасцей.
У першым — тэарэтычным — неабходна было выканаць 50 заданняў на сайце сістэмы дыстанцыйнага навучання і тэсціравання Гомельскага дзяржуніверсітэта “Віртуальны ўніверсітэт”. Пераможцамі ў гэтым туры сталі каманда ГДУ імя Францыска Скарыны “Кнігатрасенне” (псіхалагічны профіль), каманда Баранавіцкага дзяржуніверсітэта “Вяршыцелі лёсаў” (педагагічны профіль) і каманда Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту “УПС” (непсіхолага-педагагічны профіль).
Другі этап — крэатыўны — прадугледжваў падрыхтоўку фота каманды, якое павінна было адпавядаць тэме алімпіяды, назве каманды, мець псіхолага-педагагічны сэнс, адрознівацца эстэтыкай, арыгінальнасцю, мастацкасцю. Конкурсныя фатаграфіі каманд размяшчаліся на вэб-старонцы алімпіяды ў сацыяльнай сетцы, і балельшчыкі маглі прагаласаваць за любімыя каманды ці проста за фота, якое прыйшлося даспадобы. Некаторым камандам удалося згуртаваць максімальную колькасць знатакоў і балельшчыкаў і атрымаць перамогу ў галасаванні, за што яны былі ўдастоены намінацыі “Інтэрнэт-згуртаванасць”. Аднак журы з улікам крытэрыяў этапу ацаніла працы інакш, і пераможцамі тура сталі ўжо вядомая нам каманда з сацыяльных псіхолагаў “Кнігатрасенне”, дзве каманды са Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта — “Фантастычная 7” і “Эскапізм для чайнікаў”.
Калі два першыя завочныя туры завяршыліся, удзельнікі нарэшце сустрэліся ў Гомельскім дзяржуніверсітэце, дзе ўжо на сцэне спрабавалі паспаборнічаць за званне лепшых сцэнарыстаў, рэжысёраў і акцёраў, бо ім належала паказаць журы і гледачам казку. Зразумела, мелася на ўвазе не проста казка з ліку тых, якія мы памятаем з нашага дзяцінства. Па-першае, казку неабходна было прыдумаць самастойна, хаця і не забаранялася браць нейкія вядомыя казачныя эпізоды ці герояў. Па-другое, яна абавязкова павінна была несці ў сабе псіхалагічную, педагагічную або псіхолага-педагагічную накіраванасць і ўяўляць сабой пэўны метадычны матэрыял, які маглі б выкарыстоўваць у сваёй рабоце спецыялісты. Задача, трэба сказаць, няпростая. Але ж прапанаваная тэма была настолькі цікавая і зразумелая, давала такі вялізны прастор для творчасці, што журы прыходзілася нялёгка. Казкі адрозніваліся разнастайнасцю як па тыпе, так і па творчай рэалізацыі: гэта былі народныя, сучасныя, сацыяльныя і вядомыя казкі, пераказаныя на новы лад.
Каманды “Гарганцюа” са Смаленскага дзяржуніверсітэта і “УПС” БелДУТа прысвяцілі свае казкі прафілактыцы суіцыдальных паводзін дзяцей і моладзі і папярэджанню распаўсюджвання ў сацыяльных сетках небяспечных гульняў. Псіхолага-педагагічнай праблемай, пастаўленай у аднайменнай казцы каманды “Кнігатрасенне”, стала развіццё навыкаў эфектыўнай арганізацыі часу, ці, гаворачы сучаснай мовай, тайм-менеджмент.
Цікавы падыход выбрала каманда “РазУмДваУм”. У казцы “Лясная школа” была паднята праблема таго, як іншы раз творчым педагогам цяжка прыжыцца на месцы працы. Пры гэтым удзельнікі каманды ўцягнулі ў гульню гледачоў з залы, прапанаваўшы ім выбіраць, як будзе разгортвацца сюжэт казкі далей.
Казка “Дарога ў свет” ад каманды “Вяршыцелі лёсаў” паказала амбівалентны ўплыў сацыяльнага асяроддзя на школьную адаптацыю і псіхасацыяльнае развіццё адораных дзяцей, раскрыўшы ідэю аб тым, што менавіта асоба настаўніка, яго стаўленне да справы, любоў да дзяцей прыносіць плён.
Насамрэч, усе прадстаўленні былі цікавыя і неслі ў сабе глыбокі сэнс. Згодна з баламі, якія выставіла журы, у трэцім этапе лепшымі, хаця і з невялікім адрывам, сталі каманды “Кнігатрасенне” (ГДУ імя Францыска Скарыны), “Церамок дашкольнага дзяцінства” (Магілёўскі дзяржуніверсітэт імя А.Куляшова), “УПС” (БелДУТ).
Па выніках усіх трох тураў дыпломы пераможцаў атрымалі каманда “Кнігатрасенне”, “Церамок дашкольнага дзяцінства”, “Фантастычная 7”, “УПС”. Акрамя таго, многія студэнты і каманды сталі пераможцамі ў розных намінацыях, такіх як “Лепшы тэарэтык”, “Бліскучы гумар”, “Стыльны псіхалагізм”, “Артыстызм”, “Сімпатыі прэсы” і інш. Пяць каманд былі ўдастоены дыпломаў і падарункаў ад Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь (Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Гомелі).
Наталля ЛУТЧАНКА.