Пуцёўка ў Полацк

- 10:32Адукацыйная прастора

77 юных зорак літаратурнага чытання, пераможцы раённых этапаў Рэспубліканскага конкурсу “Жывая класіка”, выступілі ў абласным фінале, які адбыўся ў Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. А ўсяго на раённых этапах выступілі амаль 1700 удзельнікаў.

Конкурс праходзіў у чатырох узроставых катэгорыях, і першымі на сцэну выйшлі самыя юныя ўдзельнікі — навучэнцы малодшых класаў. Ацэньвала канкурсантаў журы, у склад якога ўвайшлі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Пётр Сямінскі і Дзмітрый Радзівончык, акцёр і рэжысёр Гродзенскага тэатра лялек Валерый Карышаў, бібліятэкар кіраўнік літаратурнага аб’яднання “Слова” Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Наталля Вальчук і выкладчык тэатральных дысцыплін гэтага каледжа Алена Шыплюк.

Вітаючы юных выканаўцаў, начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Асмалоўская адзначыла, што сярод дзяцей сёння папулярны не толькі інфармацыйныя тэхналогіі, але і літаратура, дзеці ведаюць і класіку, і сучасных беларускіх аўтараў, і пажадала ўдзельнікам конкурсу годна прадставіць вобласць у Полацку, дзе ў Дзень беларускага пісьменства пройдзе заключны этап Рэспубліканскага конкурсу “Жывая класіка”.

Са сцэны гучалі вершы Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Пімена Панчанкі, сучасных паэтаў, а таксама ўрыўкі з празаічных твораў.

Пуцёўку ў Полацк атрымалі: у першай узроставай катэгорыі — Алеся Чайкоўская з Вішнеўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна; у другой узроставай катэгорыі — выхаванцы Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Аляксандра Палубятка, Валерый Воўк і Вікторыя Дзенісевіч; у трэцяй — Раман Чылік (Слонімскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі); сярод навучэнцаў 9—10 класаў лепшымі сталі Андрэй Гаргун з сярэдняй школы № 7 Ваўкавыска і Аляксандра Лісік з Мяжэвіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.