Расія: пяць довадаў Вольгі Васільевай, чаму трэба вярнуцца да савецкай школы

- 10:55Паралелі

Міністр адукацыі і навукі Расіі Вольга Васільева выступіла за “вяртанне да лепшых традыцый савецкай школы”. На думку міністра, роля сучаснай школы ўсё тая ж: выхоўваць “асобу, якая паважае свой народ і шануе працу”. У чым яшчэ заключаюцца лепшыя традыцыі савецкай адукацыі з пункту гледжання Вольгі Васільевай — падборку выказванняў міністра зрабіў mel.fm.

1. Маральнае выхаванне

Вольга Васільева ў інтэрв’ю “Інтэрфаксу” адзначыла, што выхаванне грамадзяніна ў савецкі час было ледзь не больш важнай задачай школы, чым уласна адукацыя. Яна заўважыла, што цяпер духоўна-маральнаму выхаванню дзяцей у школах удзяляецца менш увагі, чым падрыхтоўцы да АДЭ. Міністр звярнулася да настаўнікаў і папрасіла іх праводзіць са школьнікамі пазаўрочны час — “час, калі мы з дзіцем можам працаваць, гаварыць і нешта рабіць, каб ён стаў грамадзянінам нашай краіны”. В.Васільева падкрэсліла, што галоўная задача настаўніка — пастаянна заставацца ў кантакце з дзіцем і быць для яго прыкладам.

2. Адзіны стандарт

Міністр лічыць, што праграма ўсіх школ павінна быць адзінай. “Сёння мы жывём з вамі тут, заўтра — пераехалі. Ваш сын ці ваша дачка пайшлі ў школу, прыйшлі, селі, адкрылі падручнікі і пачалі з таго месца,на якім яны спынілся ў папярэдняй школе”, — так у інтэрв’ю тэлеканалу РЕН ТВ патлумачыла В.Васільева сваё ўяўленне аб адзінай адукацыйнай прасторы. На яе думку, гэтае паняцце не выключае творчасці і варыятыўнасці.

Міністр паабяцала скараціць колькасць падручнікаў і стварыць стандарт па кожным прадмеце, замяніўшы прыкладныя адукацыйныя праграмы на “канкрэтныя”. Па новым стандарце будзе не больш за тры лінейкі падручнікаў — для асноўных, базавых навучальных устаноў і школ з паглыбленым вывучэннем прадметаў.

3. Працоўнае выхаванне

Падчас свайго выступлення на Агульнарасійскім бацькоўскім сходзе Вольга Васільева згадала, што ў савецкай сістэме праца лічылася неад’емнай часткай выхавання ўсебакова развітой асобы. Зараз урокі працы ў пачатковай школе зводзяцца да пляцення бранзалетаў з бісеру і арыгамі, а пасля 5 класа часта і зусім знікаюць з раскладу. Савецкія школьнікі малодшых класаў вучыліся працаваць з рознымі матэрыяламі, у тым ліку шыць і нават канструяваць простыя дэталі. З 8 класа ў школах пачыналіся “асновы вытворчасці”, і школьнікі навучаліся канкрэтнай прафесіі — напрыклад, металаапрацоўцы. Напрыканцы 80-х гадоў прафесійнае навучанне ў старшых класах прызналі неабавязковым, і “асновы вытворчасці” паступова зніклі са школ.

Вольга Васільева лічыць, што сучасным школьнікам працоўнае выхаванне неабходна — яны павінны ўмець працаваць штогадзінна, штосекундна і атрымліваць радасць ад сваёй працы. З 2017 года па ініцыятыве Міністэрства адукацыі і навукі ў расійскія школы пачнуць уводзіць гадзіны працоўнага выхавання ў рамках прадмета “Тэхналогія”, але Вольга Васільева заклікала школы не чакаць рэкамендацый зверху і самім пачынаць прывучаць школьнікаў да працы.

4. Вучнёўскія вытворчыя брыгады

В.Васільева ў рамках праекта “Гадзіна з міністрам” у Грамадскай палаце: “У вытворчых брыгадах савецкія школьнікі замацоўвалі навыкі, атрыманыя падчас працоўнага навучання. Яны выязджалі ў лагеры пры калгасах і па некалькі гадзін на дзень працавалі ў полі або ў лабараторыі, у залежнасці ад спецыялізацыі. Школьнікі вучыліся кіраваць камбайнамі і трактарамі, выводзіць гатункі сельскагаспадарчых культур, дапамагалі на жывёлагадоўчых фермах”.

Расійскія школы могуць вярнуцца да савецкай практыкі вывозіць школьнікаў на вытворчасці, каб рыхтаваць іх да працы ў сферы сельскай гаспадаркі, мяркуе міністр. В.Васільева лічыць, што вучні павінны атрымліваць карысныя прафесійныя навыкі яшчэ ў школе. Для гэтага ў рамках прадмета “Тэхналогія” па кірунку “Сельская гаспадарка” для школьнікаў будуць ствараць агракласы, ляснічыя і вытворчыя брыгады.

5. Уборка

Вольга Васільева на пасяджэнні камітэта Савета Федэрацыі па навуцы, адукацыі і культуры: “Дзяжурствы па класе, звычайныя для савецкіх школьнікаў, у апошнія гады сталі даволі рэдкай практыкай. Супраць іх выступаюць бацькі, спасылаючыся на артыкул Закона аб адукацыі, які забараняе прыцягваць вучняў да працы, што не прадугледжана адукацыйнай праграмай”.

Міністр з гэтым не згодна: яна выступіла за вяртанне ў сістэму адукацыі самастойнай уборкі школьнікамі класаў і тэрыторый вакол школы. В.Васільева заклікала спыніць выхоўваць са школьнікаў “маленькіх спажыўцоў” і заявіла, што дзяжурства ў класах не прычыніць шкоды iх здароўю, затое выхавае адказнасць. “Мы павінны вярнуць, перш за ўсё, адказнасць маленькага чалавека за тое месца, у якім ён праводзіць 11 гадоў”, — патлумачыла міністр адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін падчас штогадовай прэс-канферэнцыі заявіў, што не лічыць магчымым умешвацца ў рашэнні муніцыпальных і рэгіянальных улад па пытаннях змены школьнай праграмы, у прыватнасці, увядзення шахматных гурткоў або шахматных урокаў у школах.