Пытанне дзяржаўнай важнасці

- 9:00Актуально, Апошнія запісы

У час выступлення на Рэспубліканскім педагагічным савеце Аляксандр Лукашэнка заявіў аб маючай адбыцца перазагрузцы сістэмы адукацыі.

“Урокі засвоены. Падзеі, што здарыліся, прадвызначылі глабальнасц­ь тых пытанняў, якія мы вынеслі на гэты педсавет. Нам трэба будзе пера­загрузіць сі­стэму адукацыі. Сёння гэта пытанне дзяржаўнай важнасці”, — адзначыў у пачатку выступлення кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў аб старажытнай мудрасці: пасля хлеба самае важнае для народа — гэта школа. “Не прымяншаючы ролю сям’і, мы ўсё з вамі добра разумеем, што менавіта выхавальнік і настаўнік стаяць ля вытокаў фарміравання народа як адзінай нацыі. Навука гэта называе нацыянальнай ідэн­тычнасцю, па-простаму — патрыя­тызм”, — сказаў прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў гэтым паняцці шмат сэнсаў: любоў да Радзімы, павага да дасягненняў мінулага, прыхільнасць да традыцый, шанаванне старэйшых пакаленняў і гордасц­ь за поспехі сучаснікаў, імкненне ўнесці свой уклад у гісторыю краіны.

“Час ставіць перад сістэмай адукацыі беспрэцэдэнтны па сваёй сур’ёзнасці выклік”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з апошняга такога мерапрыемства мінула чатыры гады, прычым апошнія два з іх былі ня­простымі і для краіны, і для сістэмы адукацыі. “Вельмі важна, што вы прыехалі з усіх куткоў Беларусі”, — звярнуў ён увагу.

“Шмат было выпрабаванняў. Гэта і пандэмія, якая стварыла стрэсавыя ўмовы і прымусіла на хаду перабудоўваць вучэбны працэс. Гэта і палітычныя падзеі, якія закранулі работнікаў сістэмы адукацыі не менш, чым сілавікоў і дзяржаўных служачых. І сёння я дзякую тым, хто не пахіснуўся, і ў вашай асобе нашай педагагічнай грамадскасці за прафесіяналізм, адданасць сваёй справе і грамадзянскую пазіцыю, ад якой залежала шмат”, — падкрэсліў прэзідэнт.

“Вы чарговы раз пацвердзілі, што адукацыя — гэта не сфера паслуг, не бізнес, а апора нашай дзяржаўнасці, сацыяльна значная галіна эканомікі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Вы зрабілі ўсё, каб нашы дзеткі вучыліся, калі мы нічога не ведалі пра вірус і было страшна выходзіць на работу. Ведаю, якія пагрозы сыпаліся ў ваш адрас, калі пачаліся бунты і бліцкрыг, асабліва ў Мінску. Ва ўмовах цкавання вы мужна праводзілі сваю работу: вучылі, выхоўвалі, цярпліва размаўлялі з агрэсіўна настроенымі бацькамі”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, шмат у чым дзякуючы работнікам сістэмы адукацыі, удалося ўтрымаць падлеткаў ад проціпраўных дзеянняў, няхай і не ўсіх. “Вы ледзь не за руку іх лавілі. Гэтыя дзеці, іх бацькі сёння павінны зрабіць вывады і па-новаму паглядзець на місію настаўніка, яго ролю ў лёсе народа і нашай краіны”, — перакананы кіраўнік дзяржавы.

“Справа добрая, вядома”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даў станоўчую ацэнку створанаму ў Беларусі адзінаму інфармацыйна-адукацыйнаму рэсурсу. Распрацоўку кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі перад пленарным пасяджэннем Рэспубліканскага педсавета.

“Справа добрая, вядома”, — сказаў прэзідэнт.

Як далажыў міністр адукацыі Ігар Карпенка, яшчэ трэба будзе зрабіць беларускамоўную версію рэсурсу. Гэтую работу пачалі ўжо. Некаторыя матэрыя­лы будуць яшчэ дапаўняцца і абнаўляцца, у тым ліку ў залежнасці ад магчымых змяненняў у адукацыйных методыках і праграмах.

Аляксандру Лукашэнку таксама расказалі аб рэалізацыі праекта “Гордасць за Беларусь”, у якім адлюстраваны дасягненні краіны за гады суверэнітэту.

Акрамя таго, у бягучым годзе завяршаецца абнаўленне зместу агульнай сярэдняй адукацыі. З 1 верасня па новых вучэбных праграмах і вучэбных дапаможніках будуць вучыцца школьнікі 11 класа. У якасці прыкладу прэзідэнту прадэманстравалі новы падручнік па геаграфіі. У вучэбным дапаможніку выкарыстаны розныя наглядныя матэрыя­лы, якія даюць магчымасц­ь лёгка і даступна засвоіць інфармацыю. Ёсць магчымасц­ь азнаёміцца і з дадатковым матэрыялам. Распрацоў­шчыкі ўдзялілі значную ўвагу рубрыцы “Свет і Беларусь”. Яе пытанні і заданні дазваляюць 11-класнікам прааналізаваць працэсы і з’явы, якія адбываюцца ў краіне ў працэсе глабалізацыі.

Апошнія падзеі ў Беларусі прымусілі звярнуць увагу на адну з галоўных функ­цый адукацыйнага працэсу — выхаваўчую, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У той жа час ён падкрэсліў, што сур’ёзных, катастрафічных праблем у гэтай сферы няма. “Усе гэтыя размовы, што мы ўпусцілі моладзь, — міністр настойвае, што гэта абсалютная дэмагогія. Я так не скажу, але блізка да гэтага. Моладзь ва ўсе часы аднолькавая — бунтарская, часам радыкальная, але ў большасці — канструктыўная. Усё гэта моладзь”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“У нас з вамі глабальная задача — знай­сці і запоўніць прабелы ў выхаваўчым і адукацыйным працэсе. Шчыра кажучы, дзе мы недапрацавалі. Закасаць рукавы і зрабіць усё, каб нам нястрашна было перадаваць краіну тым, хто заўтра выйдзе за парог школы, тэхнікума або ВНУ”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

“Пытанне, якое сёння, як кажуць, вісіць у паветры: ці павінна школа ўдзельнічац­ь у палітычным жыцці краіны? Адказ адназначны: школа не можа быць па-за палітыкай. Наогул палітыкі не бывае без школы. Але палітыка там павінна быць толькі адна — дзяржаўная. Сцяг і гімн — дзяржаўныя. І давайце спынім размовы на гэтую тэму”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што такую ж дзяржаўную палітыку праводзяць ва ўсіх краінах, якія паважаюць сябе, — ад ЗША да Кітая, уключаючы Расію. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што прафесіяналы гэта разумеюць.

“Як разумеюць і тое, што грамадзянская і жыццёвая пазіцыя педагога, яго ўдзел у грамадскім або палітычным жыцці краіны — гэта прыклад, на якім выхоўваюцца не толькі вучні, але і настаўнікі. Школа выхоўвае не толькі вучняў, але, што значна складаней, перавыхоўвае вельмі многіх бацькоў. Бо мы з вамі цудоўна ведаем, што любыя фундаментальныя веды павінны пацвярджацца прыкладамі з жыцця. У размове з дзецьмі не пазбегнуць аналізу падзей мінулага і сучаснасці, іх ацэнкі з пазіцыі інтарэсаў дзяржавы, у якой жывём. Што гэта, калі не палітыка? — запытаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта нават аснова, фундамент любой палітыкі. Але ён закладваецца намі ў школе”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт. На яго думку, у гэтым пытанні не мае значэння, які прадмет выкладае настаўнік.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што часта ў суседніх краінах беларускім студэнтам у­кладваюць у галаву не столькі новыя веды, а іншую ідэалогію, робяць з іх ідэйных праціўнікаў беларускай дзяржавы. Гэта пацвердзілі падзеі пачатку пандэміі. З Польшчы пасля ўвядзення каранціну была выдварана беларуская навучэнская моладзь. У роднай жа краіне, якая без праблем прыняла іх дадому, яны вырашылі выступіць за разбурэнне дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, з аднаго боку, беларускія педагогі выпускаюць са школ перспектыўных студэнтаў і рыхтуюць высакакласных спецыялістаў, якія цэняцца за мяжой. Гэтую работу ён ацаніў на дзясятку. З іншага — ёсць недахопы ў выхаваўчай функцыі ўстаноў адукацыі. “Якую ацэнку мы з вамі павінны паставіць сабе за патрыятычнае выхаванне дзяцей? Напэўна, да “10” мы з вамі не дацягваем. Аб гэтым гавораць факты. Усе нашы “касякі”, негатыўныя падзеі мінулага года — гэта нашы школьныя “касякі”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

“Я скажу так: ад прэзідэнта краіны да нянечкі ў дзіцячым садзе — мы ўсе: грамадства, школа, бацькі — адказваем за маральнае і духоўнае развіццё дзяцей. Іншых варыянтаў няма і быць не можа”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, калі чалавек выбірае прафесію настаўніка, ён, як гаварыў вядомы савецкі педагог Васіль Сухамлінскі, павінен аддаць дзецям сваё сэрца.

“Калі вы ўжо набылі гэтае імя — настаўнік, аддавайце сваё сэрца. Сапраўдны настаўнік ніколі не будзе раздзяляць адказнасц­ь за дзіця паміж школай і сям’ёй. Ён і бацькоў у­ключыць у працэс, зробіць іх саюзнікамі на перыяд усяго навучання, — звярнуў увагу прэзідэнт. — А тое, што адбываецца сёння, нікуды не варта. Некаторыя бацькі раптам вырашылі, што могуць глядзець на вучэбны працэс і на выхаванне дзіцяці збоку. Не крыўдуйце, але сярод настаўнікаў ёсць такія, хто зводзіць урок да механічнай адпрацоўкі тэмы, перакладваючы ўсё астатняе на бацькоў”.

У Беларусі пачынаюць развіваць праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Гэта вядомая форма работы з бацькамі. “Ну а хто ім дапаможа ў пытаннях выхавання дзіцяці, калі не настаўнікі з прафесійнымі ведамі педагогікі, псіхалогіі, дыдактыкі? Такую практыку трэба распаўсюдзіць на ўсю сістэму. І бацькі, якія прывыклі стаяць ля парога настаўніцкай і высвятляць адносіны з настаўнікамі, няхай ідуць на тэматычныя сходы і пачынаюць працаваць са школай у тандэме. Вучоба дзіцяці, яго адаптацыя, сацыялізацыя ў школе — гэта ж і адказнасць бацькоў”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Вельмі шмат залежыць ад сям’і, бо стаўленне да вучобы і настаўніка фарміруецца там, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт лічыць, што дзіцяці заўсёды будзе камфортна ў дзіцячым садзе, у сценах школы, калі бацькі першапачаткова настроены да выхавальнікаў і педагогаў пазітыўна.

“Але, перш чым патрабаваць нешта ад настаўніка, бацькі няхай спачатку адкажуц­ь на пытанне, што яны зрабілі для школы, у якой дзіця часам праводзіць больш часу, чым дома. Чытай: што яны зрабілі для свайго дзіцяці”, — заўважыў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы назваў вельмі актуальным пытанне аб статусе педагога. “Мы ўсе зацікаўлены ў тым, каб аўтарытэт настаўніка быў бясспрэчны. І ў вачах вучняў, і сярод баць­коў, у грамадстве. Без гэтага нават сэнсу няма гаварыць аб вырашэнні глабальных задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі”, — падкрэсліў ён.

“З 1 студзеня 2022 года мы павінны знайсці магчымасць значна прастымулявац­ь у матэрыяльным плане работу класных кіраўнікоў і куратараў груп устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Даручаю ўраду ў найбліжэйшы час унесці адпаведныя прапановы”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама даручыў падумаць і далажыц­ь, як можна падтрымаць спецыялістаў дашкольных устаноў. “Праца выхавальнікаў і іх памочнікаў такая ж складаная і вельмі важная”, — падкрэсліў ён.

“Усё, што мы зможам сабе дазволіць, улічваючы магчымасці эканомікі краіны, мы зробім”, — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Нараўне з гэтым ён акцэнтаваў увагу, што статус настаўніка — гэта і яго аўтарытэт, які не прадаецца і не купляецца ні за якую зарплату і грошы. “Шмат, калі не ўсё, залежыць ад асобы, характару, кампетэнт­насці і прафесіяналізму самога педагога. Упэўнены, вы гэта разумееце. І на сваім, дзяржаўным, узроўні мы павінны бачыць такіх людзей. І рабіць для іх усё магчымае — ад дзяржаўных узнагарод да заработных плат, жылля і гэтак далей”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што лічбавыя магчымасці павінны служыць адукацыйным мэтам, а не забаўляць. “Безумоўна, мы будзем выкарыстоўваць элементы дыстанцыйнага навучання, укараняць іх у вучэбны працэс. Напэўна, гэта аб’ектыўная неабходнасць. Тым не менш хачу вас перасцерагчы: лічбавыя магчымасці павінны служыць адукацыйным мэтам, а не забаўляць навучэнцаў”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

“Настаўнік на ўроку не блогер, не юць­юбер або інфармацыйны аніматар. Гэта пытанне прафесійнай прыгоднасці і іміджу. Дарэчы, і статусу таксама”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт, выступаючы на пленарным пасяджэнні Рэспубліканскага педсавета, таксама нагадаў аб раней пастаўленай задачы вызваліць педагогаў ад выканання н­еўласцівых ім функцый і скараціць дакументаабарот.

“Пра функцыі, неўласцівыя педагогам, залішні дакументаабарот нават і гаварыць сёння не хачу. Калі пытанні не вырашаны, паляцяць галовы. Перш за ўсё з міністра адукацыі і профільнага віцэ-прэм’ера. Я вам больш аб гэтым гаварыць не буду. Запомніце!” — папярэдзіў ён.

У час выступлення прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што падрыхтоўка кадраў для эканомікі — гэта сфера адказнасці нашых ВНУ, тэхнікумаў, ПТВ. “Тут адзін крытэрый — эфектыўнасць работы, канкурэнтаздольнасць. І ўстаноў адукацыі, і выкладчыкаў, і падрыхтаваных імі кадраў. Мы бачым, з якой хуткасцю мяняюцца спосабы вытворчасці, структура эканомікі, рынкі працы. Гэта сур’ёзны выклік сістэме прафесійнай адукацыі. Адміністрацыйны механізм вырашэння такой задачы ў нас ёсць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Мінэканомікі і Мінпрацы павінны загадзя рабіць прагнозы на запатрабаваныя часам і эканомікай краіны прафесіі, фарміраваць заказ для Міністэр­ства адукацыі: “Але што мы бачым на практыцы, асабліва калі адкрываем новыя прадпрыемствы? Дэфіцыт кадраў”.

Прэзідэнт упэўнены, што ўсё пачынаецца са школы — з якасці прафарыентацыйнай работы: “Наколькі мы сапраўды дапамагаем нашым дзецям зразумець сваё прызначэнне, вызначыцца з прафесіяй, якая стане справай усяго жыцця? Наколькі актыўна ў гэтым працэсе прымаюць удзел нашы прад­прыемствы — заказчыкі кадраў?”

“Да гэтага часу мы назіраем ашалелую гонку за дыпломамі аб вышэйшай адукацыі. Атрымліваюць іх дзеці, а потым, як цяпер модна гаварыць, усё жыццё шукаюць сябе. То зарплата не тая, то статус не той, то дабірацца далёка да работы і гэтак далей. Баць­кі і дзеці па-ранейшаму недаацэньваюць прэстыжнасць рабочых прафесій і ўзровень падрыхтоўкі такіх спецыялістаў”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што моладзь, якая сёння вучыцца ў тэхнікумах, па сваіх кампетэнцыях не ўступае студэнтам ВНУ. “Я бачыў, калі наведваў аўтамеханічны каледж, з якім абсталяваннем там вучаць працаваць. Да яго ж без ведання дакладных навук, камп’ютара, сучасных тэхналогій не падступішся. І дзеці, якія туды прыйшлі, выбарам сваім задаволены. І свой першы рубель, прычым важкі, ужо зарабляюць”, — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.

“Упэўнены, што вы — педагогі, выкладчыкі, міністры, якія прысутнічаюць тут, — разумееце, што ў першую чаргу на такіх спецыялістах трымаецца эканоміка краіны. Мы разам павінны падумаць, што трэба зрабіць, каб прэстыж гэтых прафесій быў высокім. Гэта стратэгічная задача”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што практыка мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў у ВНУ сябе абсалютна апраўдала. “Усе добра ведаюць, што лепшай формы забеспячэння дзяржзаказу, чым мэтавы набор, на сённяшні дзень не прыдумана. Такая форма работы сябе абсалютна апраўдала”, — сказаў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, ёсць даручэнне кіраўнікам прамысловых прадпрыемстваў, сельскагаспадарчых арганізацый, галін эканомікі пашырыць гэтую форму работы. “Тым больш што праблем з выбарам ВНУ для падрыхтоўкі кадраў у заказчыкаў сапраўды быць не павінна”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“У нас паўсотні ўстаноў вышэйшай адукацыі: універсітэтаў, акадэмій, інстытутаў. У супастаўных па тэрыторыі і колькасці насельніцтва краінах (Швейцарыя, Данія, Фінляндыя, Ізраіль) ВНУ ў 2—3 разы менш, чым у нас. Аб чым гэта сведчыць? Аб тым, што нам не пазбегнуць жорсткай канкурэнцыі сярод саміх устаноў у падрыхтоўцы неабходных для айчыннай эканомікі спецыялістаў”, — сказаў прэзідэнт.

“Будзьце на грэбені прагрэсу. Дасце краіне вучоных, інжынераў, канструктараў, іншых спецыялістаў, здольных ствараць новыя прадукты і тэхналогіі, — будзеце працаваць. Не — падпадзяце пад натуральны адбор”, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

“Будучы год мы прысвецім адукацыі. Мы павінны разгледзець усё — ад прыёму ў школу”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама, паводле яго слоў, асобная ўвага будзе ўдзелена будаўніцтву і размяшчэнню школ у гарадах. Праблем у гэтым нямала, адзначыў кіраўнік дзяржавы. “У нас хапае школ, але ўзнікла праблема. Дапусцім, у Мінску, у цэнтры, свабодныя дзіцячыя сады і школы (насельніцтва ўжо старэйшае, не нараджаюць), а моладзь, якая нараджае, жыве на ўскраіне, і мы пачынаем штампаваць там школы. А гэта каласальныя грошы”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, такія пытанні ўзнікаюц­ь і ў рэгіёнах, калі ў сельскіх школах не хапае вучняў, а педагогам з-за няхваткі педагагічных кадраў даводзіцца весці некалькі прадметаў. Такія школы давялося закрываць. Але быў арганізаваны падвоз вучняў з вёсак у райцэнтры. “Ад мяне патрабуюць школу не закрываць. Дык мы што, для птушачкі дзяцей у школу адпраўляем? Яны ж ідуць за ведамі. А якія будуць веды, калі адзін настаўнік адначасова вядзе тры ўрокі ў адным класе, — падкрэсліў прэзідэнт. — Гэтак жа і ў Мінску. Чаму мы баімся падвезці, калі трэба, асобныя маршруты арганізаваць? Гэта будзе значна танней”.

Трэба выпрацаваць сістэму арганізацыі экскурсій школьнікаў па памятных мясцінах, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Ведаеце, той, хто пабываў у Хатыні, з гэтымі “анучамі” на вуліцы не хадзіў. А гэта ж наш здабытак. І мы сваіх дзяцей з гэтымі фактамі нашай гісторыі не здолелі, не змаг­лі, проста не захацелі, упусцілі гэтае пытанне, не азнаёмілі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, дзяржава выдзеліць патрэбныя сродкі. “Але трэба разумець, што павінны падключыцца і прадпрыемствы, і баць­кі, і школа. Школа — арганізаваць. Няхай маленькую капейку, але бацькі прафінансуюць, каб яны разумелі гэта. І будзем рэкамендаваць прадпрыемствам дзяржаўнай і прыватнай формы ўласнасці займацца гэтым пытаннем, — адзначыў прэзідэнт. — Тут перашкод не будзе. Трэба выпрацаваць сістэму і яе прытрымлівацца. Будзе сістэма, вы атрымаеце неабходны транспарт, фінансаванне для таго, каб праводзіць гэтыя экскурсіі. Тэма не проста ўзята на кантроль. Яна ўжо рэалізоўваецца”.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікаў бацькоў з разуменнем аднесціся да патрабаванняў школы ў пытаннях бяспекі дзяцей.

“Міністр далажыў аб прынятых мерах па навядзенні дысцыпліны і парадку ў школах. Гэта правільна і звязана непасрэдна з пытаннямі бяспекі дзяцей. Заклікаю ў першую чаргу бацькоў аднесціся да патрабаванняў школы з належным разуменнем”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што быць аднадумцамі ў тэме бяспечных паводзін дзяцей у інтэрнэце — у агульных інтарэсах бацькоў і дзяржавы. “Усё, што там адбываецца, — гэта, вядома, віртуальнае, несапраўднае жыццё. Але наступствы такіх з’яў, як булінг, тролінг, грумінг, і іншых пагроз цалкам рэальныя. Паўтараю: адказныя мы ўсе. Калі, не дай бог, дзіця зведвае цкаванне ў сетках, ды і ў жывых зносінах, то пытанні ёсць і да бацькоў, чые дзеці паводзяць сябе неадэкватна, і да класнага кіраўніка, які адказвае за псіхалагічны клімат у калектыве”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Для гэтага, паводле яго слоў, трэба больш часу ўдзяляць зносінам з дзецьмі па-за школьнымі заняткамі. “Так, гэта няпроста, улічваючы занятасць і шалёны рытм жыцця сучаснага дарослага чалавека. Але цана нашых намаганняў — бяспека дзяцей. У рэшце рэшт — іх будучыня і лёс краіны, — звярнуў увагу ён. — Аднясіцеся сур’ёзна да шостага школьнага дня. Калі ён напоўнены спартыўнымі, культурнымі мерапрыемствамі, у іх уключаны ў тым ліку бацькі, калі ўсё арганізавана цікава і з душой — школа і сям’я аб’ядноўваюцца. Вы ведаеце, гэта дарагога каштуе”.

Кіраўнік дзяржавы асобна выказаўся пра змест школьнай праграмы. “Міністэр­ства дало справаздачу, што праграмы і падручнікі абноўлены. І ў гісторыі нашай незалежнасці мы робім гэта з зайздроснай рэгулярнасцю”, — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што асобныя савецкія падручнікі вытрымалі больш за 20 перавыданняў, адзначаліся дзяржпрэміямі, былі напісаны яркай, жывой мовай з улікам узроставых асаблівасцей школьнікаў. Яны таксама былі паслядоўнымі, лагічнымі і захапляючымі, а іх змест меў выразны развіццёвы і выхаваўчы складнік.

“А што сёння? Прэтэнзій да сучасных падручнікаў па-ранейшаму процьма. У тым ліку і з боку вас, педагогаў-практыкаў. Так быць не павінна. Эксперыменты з падручнікамі павінны быць спынены. І вас, настаўнікаў у тым ліку, заклікаю: давядзіце да розуму тое, што напісана, і тады ўжо будзеце давац­ь справаздачы. Спадзяюся, што на маім узроўні размова пра падручнікі апошняя”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў, што ніякія гаджэты і “лічба” не заменяць у адукацыі і тым больш у школе падручнікі і настаўнікаў. “Падручнік і настаўнік — гэта галоўнае”, — сказаў прэзідэнт. Ён выказаў крытычныя заўвагі да якасці падрыхтоўкі вучэбных матэрыялаў у плане як знешняга афармлення, так і зместу. “Мы на гэта грошай не пашкадуем. Але вы ж выдавайце падручнік!” — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што падручнік быў і будзе асноўным рабочым інструментам не толькі вучня, але і настаўніка, нават нягледзячы на імклівае развіццё электронных адукацыйных рэсурсаў.

Прэзідэнт даручыў да другога чытання ў парламенце новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі яшчэ раз яго ўважліва прааналізаваць.

“Першае чытанне кодэкс прайшоў. Гэта канстытуцыя ў адукацыі. Давайце яшчэ раз перад другім чытаннем у прэзідэнта звернем увагу на спрэчныя, калі ёсць, моманты. І пабудуем такую размову да пачатку работы асенняй сесіі нашага парламента. Мы яшчэ раз са спецыялістамі вернемся да гэтага пытання. Каб потым рукамі не разводзілі, што мы нешта недзе прапусцілі. І, як заўсёды, будзе ў гэтым вінаваты прэзідэнт”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што трэба вырашыць прынцыповыя пытанні, ад якіх залежыць паспяховасць адукацыйнай сферы. “А гэта не толькі кодэкс, аб якім мы гаварылі. Таму што ў кодэксе ўсё не прапішаш. Як і ў іншых нарматыўных актах, якія мы павінны будзем прыняць. Асабліва ў тых, якія тычацца школаўладкавання”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Даручаю выпрацаваць таксама стандарт, дзе замацуем дакладныя патрабаванні, пачынаючы ад арганізацыі ўрока, выканання школьнага этыкету і завяршаючы знешнім выглядам вучня і настаўніка, — сказаў беларускі лідар. — І ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу павінны будуць прытрымлівацца палажэнняў гэтага дакумента беспярэчна. Гэта, дарэчы, будзе дапамогай у навядзенні парадку ў школе і рабоце з бацькамі. Гэта робіцца для таго, каб зняць усе спрэчныя пытанні або недастатковае разуменне паміж сям’ёй і школай”.

Рэагуючы на прапанову аб’явіць 2022 год Годам настаўніка і адукацыі, Аляксандр
Лукашэнка сказаў: “Амаль станоўча. Так, я не першы раз чую гэта. І я шчыра сказаў: амаль з гэтым згодны”.

“Мы ўмеем рабіць усё: ратаваць жыцці людзей, здзяйсняць гераічныя ўчынкі, мы ўмеем вырашаць вялікія эканамічныя задачы. Гэта вы — настаўнікі і выкладчыкі ВНУ. Але і негатыўнае, “касякі” нашага жыцця — гэта таксама вы. Таму давайце зробім так, каб гэтых “касякоў” было як мага менш, і будзем у гэтым напрамку працаваць”, — заклікаў кіраўнік дзяржавы.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, ён часта гаворыць аб тым, што свет ашалеў і звар’яцеў. І тое, што ёсць магчымасць збірацца разам і праводзіць у тым ліку такія агульнарэспубліканскія мерапрыемствы, як педсавет, характарызуе тое, што ў Беларусі людзі жывуць спакойна і нармальным жыццём. “Іншыя краіны гэтага сабе дазволіць не могуць. Таму што яны ўжо ваююць, а некаторыя рыхтуюцца да вайны. Нас Бог выратаваў. Ну і мы самі не драмалі — абаранілі сваю краіну. Таму давайце будзем цаніць тое, што ёсць. І давайце зробім так, каб не было горш, каб мы збераглі тое, што ў нас цэніцца, і тое, што народ наш лічыць здабыткам”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

Па матэрыялах БелТА.
Фота БелТА.