У Вашынгтоне з 31 сакавіка па 1 красавіка прайшоў чацвёрты па ліку саміт па ядзернай бяспецы, на які з’ехаліся дэлегацыі з 52 краін. Галоўнай тэмай на гэты раз стала процідзеянне пагрозе ядзернага тэрарызму.
Першы дзень форуму меў хутчэй урачысты характар — удзельнікі прыбывалі ў Вашынгтон. Вечарам у Белым доме для кіраўнікоў дэлегацый адбыўся абед, арганізаваны амерыканскім лідарам. Другі дзень складаўся з трох пленарных пасяджэнняў. Па выніках саміту падпісана некалькіх сумесных заяў, а таксама створаны экспертныя рабочыя групы па кантролі за рэалізацыяй рашэнняў саміту. Акрамя таго, пасля завяршэння асноўных мерапрыемстваў Барак Абама даў прэс-канферэнцыю.
Расійская дэлегацыя на гэты раз палічыла сваю прысутнасць на саміце немэтазгоднай з-за дэфіцыту ўзаемадзеяння з партнёрамі па такім пытанні, заявіў напярэдадні прэс-сакратар Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Пяскоў. “Пытанне ядзернай бяспекі вельмі актуальнае. Але разам з тым у Маскве лічаць, што прапрацоўка пытанняў, звязаных з ядзернай бяспекай, патрабуе агульных і сумесных намаганняў і ўзаемнага ўліку інтарэсаў і пазіцый. Пэўны дэфіцыт узаемадзеяння ў ходзе папярэдняй прапрацоўкі пытанняў і тэматыкі саміту мы мелі. І таму ў гэтым выпадку няма ўдзелу расійскага боку”, — растлумачыў Д.Пяскоў.
Для Расіі ўдзел у саміце па ядзернай бяспецы быў бы важным. Такое меркаванне на брыфінгу выказаў кіраўнік прэс-службы дзярждэпартамента ЗША Джон Кірбі. “Мы лічым, што для іх удзельнічаць было б важна”, — сказаў Д.Кірбі, указаўшы на значэнне тэмы ядзернай бяспекі. Акрамя таго, заўважыў ён, на саміце будзе абмяркоўвацца барацьба з групоўкай “Ісламская дзяржава”. На заканчэнне ён таксама адзначыў, што Расія была запрошана, яе ўдзел вітаўся.