Час напярэдадні Новага года, Каляд прымушае задумацца кожнага з нас, дарослых, аб духоўным, даючы магчымасць праявіць лепшыя маральныя якасці.
Кажуць, як сустрэнеш Новы год, так яго і правядзеш… Аднак не менш важна правільна завяршыць адыходзячы год. Самы час заняцца добрымі справамі, якія напоўняць жыццё асаблівым сэнсам.
“Дабрыня — гэта сонца, якое сагравае душу чалавека. Усё добрае ў прыродзе — ад сонца, а ўсё лепшае ў жыцці — ад чалавека” (Міхаіл Прышвін). Вучыць рабіць дабро неабходна з ранняга дзяцінства. Задача дарослых — дапамагчы дзецям усвядоміць важнасць клопату і ўвагі да іншых. У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў Роскім яслях-садзе, што на Гродзеншчыне, праведзена акцыя “Сем цудаў дабра пад Новы год”, мэта якой — не толькі падарыць часцінку цяпла і павіншаваць выхаванцаў Ваўкавыскага дзіцячага дома з навагоднімі святамі, але і вучыць дашкольнікаў дзяліцца, клапаціцца, думаць аб іншых дзецях, рабіць добрыя ўчынкі.
Актыўны ўдзел у акцыі прынялі выхаванцы, іх бацькі (законныя прадстаўнікі), супрацоўнікі ўстановы адукацыі. Каб навагоднія падарункі аказаліся прыемнымі, пры іх фарміраванні арыентаваліся на патрэбы, інтарэсы дзяцей. Лічым, што далучэнне дзяцей да акцыі спрыяла выхаванню ў іх спагадлівасці, міласэрнасці, спачування, добразычлівасці, клапатлівасці — асноўных складнікаў паняцця “чалавечнасць”. Упэўнены, што хлопчыкі і дзяўчынкі адчуюць клопат пра іх, хуткае набліжэнне свята, а значыць, стануць больш шчаслівымі, дабрымі.
А вось меркаванні ўдзельнікаў акцыі “Сем цудаў дабра пад Новы год”.
Т.Бойка, маці выхаванца дзіцячага сада: “Дзякуючы акцыі, кожны з нас мог стаць чараўніком. Дзякуй за магчымасць выканаць жаданне тых, хто ў гэтым асабліва мае патрэбу”.
Н.Сезень, выхавальнік: “Праявіць удзел у лёсе дзяцей, якія маюць патрэбу ў дапамозе, падтрымаць іх, паказаць клопат і ўвагу — наш агульны абавязак”.
Тамара ПРЭСНЯК,
выхавальнік Роскага ясляў-сада.