Стакгольмскі ўніверсітэт, які мы наведалі падчас паездкі, уваходзіць у топ-100 лепшых універсітэтаў свету. Спачатку, з 1878 года, ён існаваў як універсітэцкі каледж. З 1904 года ўстанова стала афіцыйна прысвойваць навуковыя ступені супрацоўнікам. І толькі ў 1960-м каледж атрымаў статус універсітэта.
Сярод знакамітых выпускнікоў Стакгольмскага ўніверсітэта можна назваць Інгмара Бергмана, рэжысёра тэатра і кіно, сцэнарыста і пісьменніка; Эстэна Даля — лінгвіста; Марыю Ланг — пісьменніцу; Дага Хамаршэльда — другога Генеральнага сакратара ААН; Соф’ю Кавалеўскую — рускага матэматыка і механіка, якая стала трэцяй жанчынай-прафесарам у Еўропе (у 1889 годзе яна ўзначальвала ва ўніверсітэцкім каледжы кафедру матэматыкі). Выкладчыкі і выпускнікі Стакгольмскага ўніверсітэта даволі часта ўваходзяць у склад Нобелеўскага камітэта, які вызначае нобелеўскіх лаўрэатаў. Прафесары ўніверсітэта ў розныя гады ўдастойваліся прэміі гэтага камітэта.
Старшы саветнік па міжнародных адносінах ва ўніверсітэце Элізабет Ідэрмарк расказала аб асаблівасцях навучання ў ім, правяла цікавую экскурсію па яго аўдыторыях і кабінетах. Ва ўстанове сёння дзейнічаюць 4 факультэты (гуманітарных, прыродазнаўчых, грамадскіх навук і юрыдычны факультэт). Кожны з іх уключае розныя аддзяленні і навукова-даследчыя ўстановы. Пры ўніверсітэце ёсць лабараторыі: марская, па вывучэнні фаўны мора, гляцыялагічная, эталогіі, батанікі. Акрамя таго, існуе цэнтр марскіх даследаванняў, батанічны сад, цэнтр міждысцыплінарнага вывучэння навакольнага асяроддзя, а таксама Стакгольмская і Сальтшабадэнская абсерваторыі.
Супрацоўнікі і студэнты ўніверсітэта вялікую ўвагу ўдзяляюць правядзенню даследаванняў. 59 працэнтаў ад фінансаў, што выдаткоўваюцца ўстанове, ідуць менавіта на падтрыманне даследчай дзейнасці і аспірантуры, і 41 працэнт размяркоўваецца паміж бакалаўрыятам і магістратурай. Сёння ва ўніверсітэце вучыцца каля 50 тысяч студэнтаў. Прыкладна 38 працэнтаў з іх маладзейшыя за 25 гадоў. 87 працэнтаў студэнтаў асвойваюць гуманітарныя і сацыяльныя дысцыпліны. Выкладанне вядзецца на шведскай мове, але асобныя курсы выкладаюцца на англійскай мове. Праграму магістратуры таксама можна выбраць на англійскай мове, што дазваляе наладжваць абмен студэнтамі паміж краінамі. 33 працэнты аспірантаў — замежнікі.
Будынак універсітэта складаецца з 6 злучаных паміж сабой карпусоў. У калідорах мы заўважылі столікі, за якімі прызначаюць сустрэчы студэнты. Ва ўстанове працуе некалькі сталовых. Адна з іх арганізавана сіламі саміх студэнтаў. Такім чынам яны маюць магчымасць падзарабіць. А ў бібліятэцы ўніверсітэта зараз адбываецца рэарганізацыя з мэтай вызваліць як мага больш месца для індывідуальнай і групавой работы студэнтаў над заданнямі. Паколькі многія кнігі сёння можна знайсці ў інтэрнэце, няма неабходнасці ў вялікай колькасці стэлажоў. Аднак прасторы павінна быць больш. Элізабет Ідэрмарк адзначыла, што шведскіх студэнтаў не перагружаюць заняткамі і лекцыямі. Гэта можна зразумець па раскладзе іх дня. Шмат увагі студэнты ўдзяляюць самастойнай рабоце і ўзаемадзеянню паміж сабой у працэсе выканання заданняў. Для маладых людзей важней навучыцца працаваць у камандзе, у групе і ўмець пры гэтым самім аналізаваць і прадумваць матэрыял, а не проста запамінаць і паўтараць яго за выкладчыкам.
Асобны будынак ва ўніверсітэце адведзены пад навукова-даследчыя лабараторыі. У ім размешчана вялікая лекцыйная зала, разлічаная на 1400 месцаў. Кожны год 8 снежня ў гэтай зале выступаюць са сваімі лекцыямі нобелеўскія лаўрэаты, і аўдыторыя, зразумела, поўнасцю запоўнена. А ўручэнне Нобелеўскай прэміі праводзіцца 10 снежня ў Стакгольме.
Міжнародны каардынатар кафедры моўнай адукацыі ўніверсітэта Сук-хі Шу расказала, што падрыхтоўка педагогаў стала часткай універсітэцкага навучання ў 2008 годзе. Зараз тут атрымліваюць адукацыю каля 7800 будучых настаўнікаў. Па колькасці студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей Стакгольмскі ўніверсітэт лідзіруе сярод 28 шведскіх універсітэтаў, якія прапаноўваюць такую ж адукацыю. Пры падрыхтоўцы педагогаў тут выкарыстоўваюцца апошнія вынікі даследаванняў у адукацыйнай сферы і адкрыццяў у прадметных галінах. Усе праграмы педагагічнай адукацыі ўтрымліваюць аснову для далейшага навучання на ўзроўні магістра або доктара, для атрымання кваліфікацыі для работы ў розных прадметных галінах і з рознымі ўзроставымі групамі.
Педагагічную адукацыю ва ўніверсітэце каардынуюць 6 аддзелаў, якія ўключаюць у сябе 22 кафедры. Студэнты атрымліваюць прафесію дашкольных педагогаў (са спецыялізацыяй па раннім доглядзе, рабоце з малышамі, якім ад 1 да 3 гадоў, а таксама з дзецьмі ад 4 да 6 гадоў), кваліфікацыю спецыялістаў пазашкольнай адукацыі, пачатковай, сярэдняй і старшай школы (выкладчыкаў вучэбных прадметаў), дадатковай педагагічнай адукацыі, а таксама ступень у прафесійнай адукацыі. У Стакгольмскім універсітэце працуюць “універсітэцкія школы”, дзе праходзяць практычныя заняткі са школьнікамі са школ-партнёраў.
Незалежна ад таго, які кірунак навучання ў будучага педагога, ёсць шэраг дысцыплін, якія павінен асвоіць кожны з іх. Сярод іх адукацыйныя курсы: “Моладзь, школа і грамадства”, “Перспектывы навучання і развіцця”, “Сацыяльныя адносіны ў школе”, “Спецыяльная адукацыя”, “Развіццё і ацэнка ведаў у пачатковай і сярэдняй школе”, “Дыдактыка”, “Вучэбная праграма і тэорыя ацэнкі”, “Веды, навука і метадалогія”, “Рыторыка”, “Закон і этыка ў школе”. Праграма дашкольнай адукацыі самая вялікая сярод адукацыйных праграм. Дарэчы, большасць студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей будуць працаваць менавіта ў сферы дашкольнай адукацыі.
У Стакгольмскім універсітэце з’яўляецца ўсё больш прапаноў аб навучанні на англійскай мове, а таксама аб міжнародным узаемаабмене студэнтамі і выкладчыкамі, удзеле ў даследчых школах, праграме стыпендый Visby.
Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.