Работа як хобі

- 9:49Людзі адукацыі

Гэтая сціплая абаяльная жанчына не любіць выстаўляць напаказ шматлікія ўзнагароды, атрыманыя за 44 гады работы ў сістэме адукацыі: ганаровыя граматы Вярхоўнага Савета БССР і Міністэрства адукацыі Беларусі, дзве прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, чатыры прэміі Брэсцкага аблвыканкама за работу па падрыхтоўцы пераможцаў алімпіяднага руху, медаль “За працоўныя заслугі”, нагрудны знак “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”… Заслужаная настаўніца Беларусі Людміла Мікалаеўна Амельянюк прызнаецца, што гэта заканамерны вынік штодзённай, мэтанакіраванай, адказнай, напружанай і карпатлівай работы, адданага служэння любімай прафесіі.

—Педагогіку выбрала дзякуючы бацькам, — расказвае дырэктар гімназіі № 5 Брэста Л.М.Амельянюк. — Бацька працаваў настаўнікам матэматыкі і фізікі, маці — настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Дамашняя атмасфера садзейнічала выбару будучай прафесіі. Прыклад бацькоў, іх вялікай любові і паважлівага стаўлення да дзяцей і работы натхняў і пераконваў: “Толькі настаўніцай!”
Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў настаўніца іспанскай і англійскай мовы была размеркавана ў Брэст. У сярэдняй школе № 2 (сённяшняй гімназіі № 5) Людміла Мікалаеўна сцвердзілася і як педагог, і як намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, і як дырэктар. Пад яе кіраўніцтвам установа адукацыі адной з першых у краіне арганізавала рознаўзроўневае навучанне іспанскай мове і выкладанне другой замежнай мовы, а таксама змяніла статус — стала лінгвістычнай гімназіяй. З ёй звязана амаль 40 гадоў жыцця, з якіх 19 — на пасадзе кіраўніка.— За доўгія гады работы ў прафесіі зусім не расчаравалася, бо выбрала яе свядома, па поклічы сэрца, — гаворыць Л.М.Амельянюк. — Калі б давялося паўтарыць жыццёвы шлях, не вагаючыся выбрала б зноў настаўніцкі лёс.
Людміла Мікалаеўна падыходзіць да навучання і выхавання дзяцей творча, дасканала ведае свой прадмет і методыку выкладання, удзяляе значную ўвагу развіццю асобы вучня, дабіваецца трывалых ведаў праз выкарыстанне тэхналогіі рознаўзроўневага навучання і буйнаблокавай падачы матэрыялу, умела развівае розныя віды моўнай дзейнасці, асабліва непадрыхтаванае вуснае маўленне. Выхаванцы педагога больш за 60 разоў станавіліся пераможцамі абласных алімпіяд па іспанскай мове і 27 разоў — пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. З 16 “рэспубліканскіх” дыпломаў, атрыманых гімназістамі за апошнія 5 гадоў, 10 — “іспанамоўныя”. Многія выпускнікі атрымліваюць лінгвістычную адукацыю.
Людміла Мікалаеўна з радасцю расказвае пра дасягненні высокапрафесійнага педагагічнага калектыву гімназіі, які ганарыцца 100-працэнтным паступленнем колішніх вучняў ва ўстановы вышэйшай адукацыі, шматлікімі залатымі медалістамі, высокімі вынікамі цэнтралізаванага тэсціравання па рускай, іспанскай, англійскай і нямецкай мовах. Вялікую ўвагу настаўнікі ўдзяляюць выкарыстанню інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у вучэбна-выхаваўчым працэсе. Сёння ва ўстанове актыўна ўкараняецца электронная школа.
Людміла Мікалаеўна заўсёды знаходзіцца ў творчым пошуку і няспынным прафесійным развіцці. У свой час яна распрацавала методыку рознаўзроўневага навучання іспанскай мове, аўтарскія праграмы “Рознаўзроўневае навучанне іспанскай мове”, “Літаратура Іспаніі” і “Краіназнаўства”, метадычны дапаможнік “Зборнік практыкаванняў па прыназоўнікавым кіраванні ў сучаснай іспанскай мове”, якія шырока выкарыстоўваліся ва ўстановах адукацыі Брэстчыны. Па ініцыятыве Л.М.Амельянюк у адукацыйны працэс было ўведзена вывучэнне другой замежнай мовы (англійскай ці нямецкай), створана асабістая мадэль выкладання замежнай мовы ў школе. На пасадзе намесніка дырэктара шмат увагі ўдзяляла тэхнічнаму забеспячэнню кабінетаў замежнай мовы. Дзякуючы яе намаганням, у Брэсце быў створаны першы сучасны кабінет іспанскай мовы, абсталяваны спадарожнікавым тэлебачаннем, аўдыя- і відэатэхнікай. Людміла Мікалаеўна стаяла ля вытокаў стварэння школьнага музея інтэрнацыянальнай дружбы “Амістад”, які сёння з’яўляецца краіназнаўчым і выконвае функцыю цэнтра адукацыі і выхавання вучняў па замежных мовах. На працягу шэрага гадоў Л.М.Амельянюк узначальвала пярвічную арганізацыю таварыства савецка-кубінскай дружбы, за актыўную дзейнасць якой атрымала грамату Кубінскага таварыства дружбы народаў. Акрамя таго, работа Л.М.Амельянюк па інтэрнацыянальным і патрыятычным выхаванні моладзі была адзначана сярэбраным медалём ВДНГ.
З 2001 па 2006 год гімназія з’яўлялася эксперыментальнай і інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі Беларусі па апрабацыі і ўкараненні тэхналогіі модульнага навучання, інавацыйным цэнтрам павышэння кваліфікацыі настаўнікаў Брэстчыны па засваенні сучасных адукацыйных тэхналогій. У 2007 годзе гімназія перамагла ў абласным конкурсе “Мадэль сучаснай адукацыйнай установы, якая працуе вынікова”.
Л.М.Амельянюк — заснавальніца шматлікіх гімназічных традыцый, ініцыятар правядзення фестываляў “Фіеста” і “Славянскі базар”, літаратурна-музычных гасцёўняў для вучняў і настаўнікаў, стварэння гімназічнай тэлестудыі “Five-TV” і газеты “Кенгуру”.
Да сваіх поспехаў Людміла Мікалаеўна адносіцца стрымана. Адчуваецца высокая патрабавальнасць да сябе, прыродная цягавітасць і інтэлігентнасць. Нядзіўна, што дырэктар карыстаецца заслужаным аўтарытэтам і павагай сярод калег, вучняў і іх бацькоў.
— Самае галоўнае ў рабоце педагога — шчыра любіць прафесію і дзяцей, а ў рабоце кіраўніка — ясна бачыць мэту, да якой весці калектыў, знаходзіць з ім паразуменне, адчуваць пастаянную падтрымку. Без каманды аднадумцаў нельга дасягнуць высокіх вынікаў, у тым ліку ў кіраўніцкай дзейнасці. Неабходна заўважаць і адзначаць дасягненні кожнага настаўніка, — лічыць Л.М.Амельянюк.
Людміла Мікалаеўна ўкладвае ў гімназію душу: тут па-дамашняму ўтульна і камфортна ўсім. Калегі не здзіўляюцца, калі бачаць кіраўніка на працоўным месцы падчас летняга адпачынку. Заканамерным адказам на пытанне пра хобі гучыць: “Работа…”

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.