Работа з тэкстам на ўроках фізікі

- 12:30Якасць адукацыі

Пры вывучэнні фізікі навучэнцы сутыкаюцца з рознымі відамі тэксту: навукова-папулярнымі, вучэбнымі, тэкстамі-заданнямі, заданнямі ЦТ. Фарміраванне чытацкай пісьменнасці асноўваецца на ўменні браць з тэксту інфармацыю і будаваць на яе аснове меркаванні, а таксама здольнасці інтэграваць і інтэрпрэтаваць інфармацыю тэксту.

У сваёй рабоце я выкарыстоўваю чатыры віды чытання: азнаямленчае, вывучальнае, пошукавае і рэфлексіўнае.

Азнаямленчае чытанне накіравана на выбіранне асноўнай інфармацыі або вылучэнне асноўнага зместу ў тэксце. На гэтым этапе можна вылучыць наступныя прыёмы работы з тэкстам:

  • складанне плана тэксту, які вывучаецца;
  • знаходжанне ў падручніку месца, дзе апісваецца аб’ект;
  • вылучэнне галоўных слоў у тэксце;
  • раздзяленне тэксту на сэнсавыя ча­сткі;
  • складанне набору паняццяў з тэксту.

Школьны курс фізікі пачынаецца з 7 класа. Важным з’яўляецца ўменне працаваць з тэкстам падручніка, таму што яно прадугледжвае развіццё здольнасцей хутка чытаць і разумець тэкст, вылучаць галоўныя думкі параграфа. Адным з галоўных прыёмаў для разумення і запамінання зместу тэксту з’яўляецца знаходжанне галоўных думак у тэксце. Для гэтага навучэнцы працуюць з невялікім па аб’ёме тэкстам, вучацца пераказваць яго, дзяліць на сэнсавыя часткі, даваць ім загаловак.

Вывучальнае чытанне прадугледжвае атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі з наступнай інтэрпрэтацыяй зместу тэксту. На этапе вывучальнага чытання можна вылучыць наступныя прыёмы работы з тэкстам:

  • вылучэнне ключавых слоў у тэксце параграфа і размяшчэнне іх у пэўнай паслядоўнасці;
  • пастаноўка пытанняў да гэтага тэксту;
  • складанне расказу па ключавых словах.

У многіх навучэнцаў узні­каюць цяжкасці пры пераказе. Таму для больш поўнага разумення і запамінання зместу тэксту навучэнцы чытаюць урывак параграфа, знаходзяць у ім ключавыя словы, запісваюць іх. Потым моцны навучэнец пераказвае ўрывак для ўсяго класа, і толькі пасля гэтага пераказвае тэкст слабы навучэнец. Паўтарэнне такіх практыкаванняў дапамагае палепшыць адказы школьнікаў і фарміруе маўленне.

Пошукавае чытанне накіравана на знаходжанне канкрэтнай інфармацыі, неабходнага факта. Тут можна прапанаваць наступныя формы работы:

  • запаўненне табліцы;
  • стварэнне табліцы тэксту;
  • складанне сказаў тэксту з адным і тым жа паняццем;
  • параўнанне адлюстраваных аб’ектаў і працэсаў.

Гэты прыём работы накіраваны на абагульненне і сістэматызацыю асноўнага вучэбнага матэрыялу. Адным з прыёмаў па фарміраванні чытацкіх уменняў з’яўляецца работа з малюнкамі падручніка. Гэты прыём фарміруе ўменне складаць расказ па малюнку, знаходзіць неабходную інфармацыю, параўноўваць адлюстраваныя аб’екты і працэсы.

Рэфлексіўнае чытанне — гэта такое чытанне, пры якім чалавек разважае пра змест або структуру тэксту і пераносіць яго ў сферу асабістай свядомасці, гэта значыць рэфлексіўнае чытанне — гэта ўдумлівае чытанне.

Добра адпрацаваць навык рэфлексіўнага чытання з навучэнцамі дапамогуць наступныя прыёмы работы:

  • знаходжанне ўзаемасувязі;
  • аналіз малюнка з наступным расказам;
  • складанне крыжаванак, загадак, рэбусаў;
  • стварэнне схемы працэсаў або з’яў.

Для фарміравання рэфлексіўнага чытання важна на ўроках фізікі навучыць дзяцей складаць лагічныя схемы. Авалоданне прыёмам складання структурна-лагічных схем дае магчымасць не толькі ўспрыняць і асэнсаваць вучэбны матэрыял, але і прымяняць веды на практыцы.

Асноўваючыся на сваім вопыце, рэкамендую настаўнікам-прадметнікам наступнае: выбіраць найбольш рацыянальныя віды чытання для засваення навучэнцамі новага вучэбнага матэрыялу, фарміраваць у навучэнцаў цікавасць да чытання шляхам укаранення нестандарт­ных форм і метадаў работы з тэкстам, прадбачыць магчымыя цяжкасці навучэнцаў у тых ці іншых відах вучэбнай дзейнасці, павышаць узровень самастойнасці навучэнцаў у чытанні па меры іх прасоўвання наперад, арганізоўваць розныя віды дзейнасці навучэнцаў з мэтай развіцця ў іх творчага мыслення.

Людміла НЯДВЕДСКАЯ,
настаўніца фізікі сярэдняй школы № 4 Магілёва.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.