Ванечка (так юнака ласкава называе Тамара Васільеўна Ільіна, хаця ростам ён амаль пад два метры) яшчэ ў мінулым годзе скончыў Ліцэй БНТУ, але час ад часу ва ўстанову заходзіць: з сябрамі пабачыцца, з настаўнікамі словам перакінуцца, пабываць ізноў у знаёмай і прыемнай атмасферы. Ужо ўсе яго аднакласнікі прыходзілі да іх класнага кіраўніка Тамары Васільеўны і расказалі, як яны здалі сваю першую сесію, а ён спазніўся. Прыйшоў адзін. Амаль гадзіну цярпліва чакаў, пакуль вызваліцца Тамара Васільеўна. Гэты візіт для яго — вучнёўскі абавязак, унутраная патрэба. “Тамара Васільеўна як класны кіраўнік павінна ведаць”, — просты адказ, які не прадугледжвае таго, што можа быць неяк інакш.
За маладосцю — на работу
Тамара Васільеўна Ільіна — класны кіраўнік класа, у якім вучыўся Іван, і яшчэ 8-і выпускаў. Менавіта столькі іх было за 36 гадоў педагагічнай дзейнасці. Таму месяц напярэдадні традыцыйнага лютаўскага вечара сустрэчы з аднакласнікамі і яшчэ некалькі тыдняў пасля яго — самыя насычаныя дні для Тамары Васільеўны. Ёй трэба адказаць на некалькі дзясяткаў тэлефонных званкоў выпускнікоў, сустрэцца з асобнымі. Так заведзена. Пра ўсіх сваіх вучняў памятае Тамара Васільеўна, для ўсіх знайшлося месца ў яе сэрцы, сэрцы настаўніка.
У Тамары Васільеўны адзін родны сын, затое вялікая вучнёўская сям’я. Выхаванцы, як і Ванечка, лічаць яе сваёй класнай маці, таму і стаўленне да яе адпаведнае: паважлівае, адкрытае, эмацыянальнае.
“Выхаванне — аснова маёй работы, — заўважае Т.В.Ільіна, настаўнік гісторыі і класны кіраўнік 10 “А” класа Ліцэя БНТУ. — Я лічу, што гэта найбольш важна. Навучыць прасцей, чым выхаваць людзей, годных свайго грамадства, краіны, здольных вырашаць самыя розныя праблемы”.
Першымі выхаванцамі Тамары Васільеўны 40 гадоў таму назад былі самыя маленькія дзеткі, якія наведвалі дзіцячы садок. Туды яна прыйшла пасля заканчэння Магілёўскага педагагічнага вучылішча. Затым, адвучыўшыся на гістарычным факультэце БДУ, перайшла ў школу. Там яе зноў чакала больш выхаваўчая работа (хаця ў гісторыі, якую Тамара Васільеўна выкладае, ёсць вялікі выхаваўчы складнік) — работа выхавацеля групы прадоўжанага дня. Актыўную супрацоўніцу адзначылі хутка, і Тамара Васільеўна была прызначана намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Апошнім часам працуе ў Ліцэі БНТУ, дзе знаёміць маладых людзей з гісторыяй Беларусі, свету, а яшчэ выконвае абавязкі класнага кіраўніка. “Мне па жыцці шанцавала на добрых людзей, — прызнаецца Т.В.Ільіна. — Увесь час працавала ў здаровых калектывах, дзе прысутнічалі разумная патрабавальнасць і дысцыпліна”.
У ліцэй Тамара Васільеўна ходзіць за маладосцю і радасцю. Так і адзначае, што “калі ёсць радасць ад стасункаў з вучнямі і ты, не адчуваючы сваіх гадоў, ідзеш на работу, то зусім не на першым месцы стаіць пытанне з заробкам. Пакутуеш якраз ад іншага — калі нічым не можаш дапамагчы дзіцяці ў цяжкую для яго хвіліну”.
У палове восьмай Тамару Васільеўну ўжо можна сустрэць на рабоце. І прыходзіць яна так рана не таму, што ў яе пачынаюцца ўрокі. Урокаў няшмат, яна толькі адзін раз у тыдзень, напрыклад, сустракаецца са сваім падшэфным класам на ўроках гісторыі, але пры гэтым бачыць і стасуецца з дзецьмі амаль на кожным перапынку, сустракае іх перад заняткамі. Яна павінна быць у курсе ўсяго: хто не прыйшоў у школу, па якой прычыне, хто дзяжурны, як падрыхтаваліся да заняткаў, як ідзе падрыхтоўка да класных мерапрыемстваў і г.д. Ці можна такую работу вызначыць гадзінамі, рамкамі? Яна пастаянная, штохвілінная.
Тамара Васільеўна сама вельмі актыўная па жыцці і такімі ж імкнецца выхаваць сваіх ліцэістаў. Яна заўсёды была адной з першых у многіх справах: старастай групы, камсамольскім і прафсаюзным лідарам. Ды і сёння не пакідае настаўнікаў-пенсіянераў без увагі, тэлефануе, запрашае на сустрэчы. “Яны павінны ведаць, што пра іх памятаюць. Ім жа цікава, што ў нас адбываецца, яны самі гэтым некалі жылі”, — адзначае Т.В.Ільіна.
Жывая гісторыя
Ліцэй БНТУ мае тэхнічны профіль, як і сама ўстанова вышэйшай адукацыі, таму сюды паступаюць дзеці мэтанакіравана, каб сур’езна займацца фізікай і матэматыкай, а сустрэча з Тамарай Васільеўнай нярэдка мяняе іх планы. Пяцёра яе вучняў скончылі гістарычны факультэт БДУ. Як Ігар Аўласенка. Ён марыў стаць архітэктарам. А Тамара Васільеўна захапіла яго гісторыяй. У ліцэі Ігар стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі, удзельнічаў у навукова-практычных канферэнцыях. Зараз вучыцца ў аспірантуры.
“Ад нас залежыць, ці захочуць дзеці вучыцца, — пераканана Т.В.Ільіна. — Захочам мы, захочуць і яны. Іх нельга прымушаць. Урок прасцей даваць. У падручніку ўсё прапісана. Там ёсць і пытанні, і дакументы, і вытрымкі. Сёння нават, калі навучэнец не падрыхтаваўся да ўрока дома, за вялікі перапынак ён можа праз мабільны інтэрнэт знайсці любую інфармацыю і падрыхтавацца”.
Гісторыя, якую выкладае Тамара Васільеўна, жывая. Яна ажывае дзякуючы стасункам дзяцей з відавочцамі не вельмі даўніх падзей, знаёмству з дакументамі, наведваннем гістарычных музеяў, спектакляў, уласным даследаванням, вандроўкам па гістарычных сцежках.
“Увогуле не ўяўляю, як чалавек можа асэнсоўваць сябе беларусам, калі не ведае гісторыі сваёй краіны, — адзначае педагог. — Наша зямля вельмі пакутавала. Лёс краіны цесна звязаны з лёсам яе грамадзян, а значыць, сям’ёй, дзе выхоўваюцца нашы вучні”. Таму веданне радаводу, біяграфіі блізкіх людзей, якія перажылі пэўныя моманты гісторыі, настаўніца лічыць абавязковым для сваіх вучняў. Нярэдка яна прапаноўвае ім напісаць гістарычныя сачыненні, напрыклад “Вайна ў лёсе сям’і”, якія затым могуць ператварыцца ў даследчую работу.
Тамара Васільеўна вучыць дзяцей уважліва ставіцца да людзей, якія побач з імі, і не толькі дома, у класе, а і ў калідоры, гардэробе, на лесвічнай пляцоўцы. Так, ліцэісты даведаліся, што ліцэйскі вахцёр (цяпер ужо былы) Станіслаў Іосіфавіч Ліс у дзяцінстве быў вывезены ў Германію на прымусовую працу — на аснове яго лёсу была напісана навуковая работа пра малалетніх вязняў Другой сусветнай вайны.
“Такія работы, — заўважае настаўніца, — трэба вынасіць, выпакутаваць”. А яе вучні ўсё прапускаюць не толькі праз розум, а і праз пачуцці. Зразумела, чаму яны не пакідаюць герояў даследаванняў, калі заканчваецца работа, а бяруць над імі своеасаблівае шэфства. І такіх падшэфных сяброў у вучняў Тамары Васільеўны дастаткова. У тым ліку гэта блакаднікі Ленінграда на чале з кіраўніком Беларускага саюза блакаднікаў Марыяй Давыдаўнай Ягадніцынай. Гэта не разавыя сустрэчы, а пастаяннае ўзаемадзеянне. І ветэраны, героі даследаванняў, у сваю чаргу шчыра дзякуюць дзецям…
“У нас зямля дыхае гісторыяй, — дзеліцца педагог. — Наш ліцэй знаходзіцца на вуліцы, якой дадзена імя мінскага падпольшчыка М.А.Кедышкі. Ад метро дзеці да вуліцы Кедышкі ідуць па бульвары, які названы ў гонар героя Савецкага Саюза Ф.І.Талбухіна. На тэрыторыі БНТУ размешчаны помнік выкладчыкам і студэнтам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. І нашай традыцыяй стала пачынаць свята пасвячэння ў ліцэісты з мітынгу і ўскладання кветак”.
Тамара Васільеўна цесна супрацоўнічае з кафедрай гісторыі БНТУ. Там ведаюць, чым займаецца настаўніца са сваімі вучнямі, якія даследаванні яны зараз праводзяць, якія тэмы вывучаюць. Таму імкнуцца падтрымліваць пераемнасць і заўсёды адзначаюць, што выхаванцы Тамары Васільеўны гісторыю ведаюць добра. Ліцэісты па некалькі разоў у год бываюць на канферэнцыях, якія арганізоўваюць як універсітэт, так і асобныя яго кафедры. У скарбонцы дасягненняў Тамары Васільеўны нямала дыпломаў за ўдзел яе выхаванцаў у самых розных навуковых канферэнцыях. А зараз, у прыватнасці, яны рыхтуюць цікавае даследаванне да гарадской канферэнцыі па тэме “Жанчыны ў падзеях вайны 1812 года”.
“Няма такой мэты, каб усе работы ліцэістаў былі абавязкова надрукаваны ў зборніках, — адзначае настаўніца, — Важна, што дзеці займаюцца вельмі цікавай справай, вучацца збіраць, апрацоўваць матэрыял, стасуюцца з людзьмі”.
У БНТУ працуюць 27 воінаў-інтэрнацыяналістаў, і ліцэісты вырашылі запісаць успаміны кожнага з іх. Тэма так і называецца: “Нашы выкладчыкі — удзельнікі вайны ў Афганістане”. Пра сем чалавек ліцэісты ўжо сабралі матэрыял. Малодшыя вучні прадоўжаць іх работу.
Узаемны клопат
Звычайна ад класнага кіраўніцтва настаўнікі-прадметнікі спяшаюцца адмовіцца як ад асаблівай цяжкай нагрузкі, а для Тамары Васільеўны гэта самае галоўнае ў яе педагагічнай дзейнасці. Гэтае сваё жаданне-памкненне яна выказвае так: “Мне важна, якімі мае вучні будуць людзьмі. Важна, каб яны разумелі, што жыць трэба так, каб кожны дзень быў насычаны нейкімі адкрыццямі, знаёмствамі”.
У ліцэй паступаюць дзеці з розных навучальных устаноў, ад розных настаўнікаў, ужо са сваёй гісторыяй паспяховасці ў вучобе. Тамара Васільеўна не знаёміцца з адзнакамі, якія яе вучні атрымлівалі ў папярэдніх навучальных установах. Можна скласці няправільнае стаўленне да дзіцяці, бо ў школе нярэдка прыклейваюцца не зусім добрыя ярлыкі да вучняў. У ліцэі яны могуць пачынаць сваё навучанне з чыстага ліста, настаўніца заўсёды нагадвае пра гэта сваім новым вучням. Усё застаецца там, у былой школе, а тут, у ліцэі, у іх ёсць яшчэ шанс паказаць сябе іншым, больш паспяховым, пабудаваць сваю будучыню. Здараецца, што з тройкамі ў пасведчанні аб заканчэнні базавай школы прыходзяць дзеці ў ліцэй, а заканчваюць яго па рэйтынгу аднымі з першых. Разам з тым Тамара Васільеўна ніколі не забываецца пра настаўнікаў сваіх выхаванцаў. Пры кожнай новай перамозе вучняў на канферэнцыі альбо алімпіядзе дасылае іх папярэднім настаўнікам пісьмы ўдзячнасці, тэлефануе. Гэта іх агульны поспех, і яны могуць разам з ёй ганарыцца сваімі вучнямі.
У гэтым годзе ў яе новы 10 клас. Дзесьці палову года навучэнцы прыглядаюцца да свайго класнага кіраўніка. Тамара Васільеўна ведае, што адразу можа і не спадабацца, але напрыканцы вучобы ліцэісты пачынаюць цаніць і разумець яе прынцыповасць і строгасць. Бо ведаюць: Тамара Васільеўна была справядлівая і ўважлівая, спагадлівая да іх. Вось таму яны і ідуць у ліцэй пасля яго заканчэння. Ім цяжка адразу прывыкнуць, што ва ўніверсітэтах яны нікому не патрэбны так, як тут, у ліцэі. Здавалася б, толькі два гады дзеці разам вучацца, але яны так хутка становяцца роднымі людзьмі, што і пасля заканчэння ліцэя, атрымання вышэйшай адукацыі працягваюць стасункі. Падтрымліваюць у складаных сітуацыях адно аднаго.
Хутка пазнаёміцца з дзецьмі Тамары Васільеўны дапамагае зноў-такі пазашкольная работа. Ёй аднаго паходу ў тэатр ці музей дастаткова, каб зразумець, хто з дзяцей які: хто актывіст, хто можа дапамагчы па якім пытанні, хто які па характары і г.д.
Яна абавязкова наведвае сваіх выхаванцаў дома. Вопытнае вока педагога хутка схоплівае патрэбную інфармацыю: у якой атмасферы гадуецца дзіця, ці ёсць у яго сёстры ці браты, малодшыя ці старэйшыя, ці ёсць свойскія жывёлы… У якой сям’і жыве дзіця — гэта асноўнае, што павінен ведаць класны кіраўнік, лічыць Тамара Васільеўна. Ведаючы гэта, можна менш псіхалагічна траўміраваць дзіця. І нават часам адпусціць некага з класнай гадзіны, калі, напрыклад, размова ідзе пра сям’ю, а яго бацькі ў разводзе. Каб не параніць дзіця, трэба з ім на такія балючыя тэмы размову весці індывідуальна.
Першы сход у новым класе Тамара Васільеўна праводзіць з бацькамі, а другі — сумесна з бацькамі і дзецьмі. На першым сходзе дае анкету, дзе бацькі пішуць пра сябе, пра асаблівасці дзяцей, пра тое, на што звярнуць увагу. Пры неабходнасці Тамара Васільеўна просіць дапамогі сацыяльна-псіхалагічнай службы.
“У нас у класе ўсё, як у кожнай сям’і, пануе элементарны клопат адно пра аднаго, — гаворыць Т.В.Ільіна. — У маёй сям’і так заведзена, што пакуль старэйшы брат не патэлефануе ўвечары, то я спаць не кладуся. Мы павінны ведаць усё адно пра аднаго. Усё, што ёсць у сям’і, закладваецца ў рабоце. Нас выхоўваў бацька ў працы, у добрасумленным стаўленні да сваіх абавязкаў. Праца для нас — гэта аснова і радасць жыцця”.
Без званкоў сваіх вучняў Тамара Васільеўна не можа сапраўды часам заснуць і тады тэлефануе ім сама. Адметна, што ў яе нават самыя безыніцыятыўныя бацькі хутка становяцца актывістамі і першымі памочнікамі. Таму і пасля заканчэння ліцэя яны тэлефануюць свайму класнаму кіраўніку не толькі, каб павіншаваць са святам, але і каб расказаць пра дзяцей, бо ведаюць, што ёй будзе цікава, што яна парадуецца іх поспехам і падкажа, што рабіць у складанай сітуацыі.
Тамара Васільеўна — паспяховы настаўнік. Яна ўзнагароджана знакам “Выдатнік адукацыі”, амаль штогод адзначаецца дыпломамі, падзякамі. Т.В.Ільіна працавала ў школе з колькасцю каля двух тысяч дзяцей намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, у яе не было выхадных і святочных дней, даводзілася рабіць рознае, у тым ліку пазбаўляць бацькоў іх правоў, пісьмы ў выпраўленчыя калоніі для непаўналетніх пісаць… Усё гэта яна прапусціла праз сваё сэрца, розум. Галоўнае — не быць абыякавым да дзяцей.
“Я таксама не без недахопаў”, — самакрытычна заяўляе Тамара Васільеўна. Аднак яна з таго пакалення, якое разумее, што жыццё не бывае без складанасцей, праблем, таму не трэба стагнаць ад таго, што нічога нельга змяніць. Трэба, зыходзячы з таго, што ёсць, знаходзіць радасць, дзейнічаць. Для яе вялікім прыкладам у гэтым сэнсе быў яе бацька Васіль Міхайлавіч. Ён прайшоў вайну, перажыў палон. Для яе прыклад і скарбніца мудрасці — ветэраны, блакаднікі, якія і ў гады вайны кахалі, стваралі, будавалі. А гэта значыць жылі.
“Лёгкасць павінна быць у душы, — заўважае Тамара Васільеўна. —Хочаш быць шчаслівым — стварай усё, што трэба для гэтага. Калі ты хочаш, каб было радасна і шчасліва ў сям’і, то ты не толькі вячэру прыгатуеш, а пасцеліш белы абрус. І вось ужо свята. Можна з простага зрабіць свята, трэба толькі захацець і нешта для гэтага зрабіць”.
Святлана КІРСАНАВА.
kirsanava@ng-press.by