Радавод былой вёскі

- 17:08Выхаваўчая прастора

Родная вёска. Якая яна? Самая прыгожая і самая светлая. Родная вёска — гэта наш дом, дзе самае высокае неба і самыя пахучыя кветкі. Родная вёска — твае карані, маміна песня, адкрытыя і добрыя людзі. Тут заўсёды светла і добра, ёсць вера і надзея, падтрымка і дапамога. Сюды, у родную вёску, імкнецца наша душа. Але мая вёска ніколі не будзе тануць у кветніках, не стане сучаснай. Засталiся толькi боль, памяць i гісторыя.

Нарадзілася і вырасла я ў маленькай вёсачцы Вязцы, якая знаходзілася ў Ельскім раёне Гомельскай вобласці. У пісьмовых крыніцах яна ўзгадваецца з XIX стагоддзя (1897 года) як паселішча ў Скараднянскай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні. Праіснавала вёска да 1990 года. У 1986 годзе ў сувязі з чарнобыльскай трагедыяй жыхары былі расселены. 29 лістапада 2005 года вёска выключана з даных па ўліку адміністрацыйна-тэрытарыяльных і тэрытарыяльных адзінак. Жыхары вёсак Вязцы і Шыя паставілі помнікі на тым месцы, дзе быў іх дом. Пры наведванні памерлых на Радаўніцу наведваюць і свае паселішчы.
Я цікаўлюся гісторыяй роднай вёскі, паходжаннем прозвішчаў яе жыхароў і сваім дзявочым прозвішчам. Прозвішча Неўмяржыцкі(-ая) насілі амаль усе жыхары нашай вёскі і вёсак, размешчаных побач. У цяперашні час многія гэтыя вёскі ўжо не існуюць, старэйшае пакаленне пайшло з жыцця, дзеці і ўнукі раз’ехаліся.Ужо больш за 30 гадоў я жыву ў Гродзенскай вобласці. Часам па тэлевізары бачу людзей з прозвішчам Неўмяржыцкі(-ая), я ўпэўнена, што малая радзіма і карані ў нас адны.

Гісторыя ўзнікнення прозвішча адкрывае забытыя старонкі жыцця і культуры нашых продкаў і можа расказаць шмат цікавага пра далёкае мінулае. Прозвішча Неўмяр-жыцкі належыць да цікавых сямейных найменняў, утвораных ад геаграфічных назваў пры дапамозе суфікса -цкi-.

Вядомы шляхецкі дваранскі род Неўмяржыцкіх узнік на кіеўскіх землях Вялікага Княства Літоўскага ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Неўмяржыцкія былі ўнесены ў Гербоўнік Адама Банецкага, у Гербоўнік дваранскіх родаў Царства Польскага, у Спіс дваран Валынскай губерні. Прозвішча Неўмяржыцкі бярэ свой пачатак ад іх радавога гнязда Нямірыча Оўруцкага павета, назва якога ў сваю чаргу была вытворным найменнем імя іх родапачынальніка Няміра, які атрымаў зямлю Нямірыцкую ад вялікага літоўскага князя Вітаўта. Згодна з актамі аб шляхце, сабраных археаграфічнай камісіяй, першыя згадкі пра адносяцца да першай паловы XVI стагоддзя. У акце падзелу зямель у 1552 годзе паміж Неўмяржыцкімi сказана, што было трое братоў Неўмяржыцкіх: Сідар, Несцер і Ешута. Яны падзялілі сваю айчыну на тры часткі. Як паказалі далейшыя падзеі, гэта сыграла злы жарт з нашчадкамі: сяброўства як сумеснае валоданне перастала існаваць, а паўстала дробнае прыватнае валоданне, на якое дакументаў ужо не захавалася, паколькі гэта не патрабавала рэгістрацыі ў гарадскіх кнігах. Драбненне зямель у сваю чаргу прывяло да ўзнікнення розных мянушак у Неўмяржыцкіх.

Вось такая цікавая гісторыя ў маіх продкаў. А ці ведаеце вы свой радавод?

Юлія УДАЛЬЕВА (НЕЎМЯРЖЫЦКАЯ),
дырэктар Смаргонскага ясляў-сада — пачатковай школы.