Расці прафесійна дапаможа сеткавая суполка

- 11:43Адукацыйная прастора

У сучаснай школе метадычная работа з’яўляецца сувязным звяном паміж жыццядзейнасцю педагагічнага калектыву і дзяржаўнай сістэмай адукацыі, псіхолага-педагагічнай і метадычнай навукай, эфектыўным педагагічным вопытам. Адным са спосабаў кіравання метадычнай работай з’яўляецца арганізацыя сеткавага ўзаемадзеяння педагогаў.

Прафесійная сеткавая суполка — гэта група прафесіяналаў, якія працуюць у адной прадметнай або праблемнай галіне ў сетцы. Стварэнне сеткавых суполак ва ўстанове адукацыі дазваляе вырашыць многія метадычныя задачы:

1. Ажыццяўленне маніторынгу прафесійнай падрыхтоўкі настаўнікаў і іх запытаў. Выкарыстанне Google-форм, размешчаных у суполцы, дазваляе аператыўна атрымаць інфармацыю пра педагагічныя цяжкасці, узровень прафесійнай кампетэнцыі настаўнікаў, вывучыць іх адукацыйныя запыты.

2. Стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы. Сеткавая суполка дазваляе аператыўна даводзіць інфармацыю да ведама кіраўнікоў метадычных фарміраванняў, педагогаў, размяшчаць спасылкі на нарматыўныя дакументы, неабходныя ў рабоце.

3. Абмен вопытам, падтрымка і супрацоўніцтва. Выкарыстанне адзінага віртуальнага дыска дазваляе адкрываць для сумеснага доступу дакументы, аказваць індывідуальную метадычную падтрымку настаўнікам пры абагульненні вопыту работы, стварэнні аўтарскіх метадычных прадуктаў, ажыццяўляць аналіз работы МФ, аналіз дзейнасці педагогаў.

4. Павышэнне прафесійнага ўзроўню педагогаў. Праз суполку можна арганізаваць дыстанцыйнае навучанне і кансультаванне.

5. Арганізацыя фармальных і нефармальных зносін на прафесійныя тэмы. Сеткавае ўзаемадзеянне дазваляе арганізаваць віртуальныя пасяджэнні метадычнага савета, абмеркаванне найбольш актуальных пытанняў і праблем, пошук сумесных рашэнняў у зручны для кожнага час.

6. Распаўсюджванне паспяховых педагагічных практык. Развіццё і рэалізацыя творчых здольнасцей педагогаў выяўляецца праз стварэнне прадметных і класных сеткавых суполак, тэматычных блогаў, сеткавых праектаў і аб’яднанне іх у адзіную сетку з дапамогай сайта ўстановы адукацыі.

7. Стварэнне прасторы псіхалагічнай камфортнасці настаўніка. У такіх суполках педагогі атрымліваюць магчымасць не толькі мець зносіны на прафесійныя тэмы, але і размяшчаць віншаванні са святамі для сваіх калег, паштоўкі, дзяліцца сваімі дасягненнямі і поспехамі сваіх навучэнцаў.

Чатыры гады ў гімназіі № 1 Ваўкавыска функцыянуюць прафесійныя сеткавыя суполкі “Настаўніцкая”, “Метадычны савет гімназіі”, “Школа ІТ-кампетэнтнасці”, суполкі прадметных метадычных аб’яднанняў і інш. Яны аб’ядноўваюць педагогаў, кіраўнікоў усіх метадычных фарміраванняў, спецыялістаў СППС, кіраўніка і намеснікаў кіраўніка.

Прызначэнне суполкі “Метадычны савет” — арганізаваць метадычную работу з кадрамі, стварыць умовы для прыняцця дэмакратычных рашэнняў у кіраванні адукацыйным працэсам. Гэта платформа для падрыхтоўкі метадычных мерапрыемстваў, пасяджэнняў педагагічнага савета, аператыўнага збору інфармацыі пра выніковасць узаемадзеяння навучэнцаў і педагогаў, адрасная дапамога кіраўнікам метадычных фарміраванняў.

Суполка “Настаўніцкая” аб’ядноўвае педагагічны калектыў гімназіі. Яе задача — данесці інфармацыю пра новаўвядзенні ў сістэме адукацыі, аператыўна паведаміць пра магчымасць удзелу ў розных мерапрыемствах (конкурсах, канферэнцыях, курсах павышэння кваліфікацыі, марафонах і інш.). Ва ўсіх сітуацыях, калі нам неабходна спланаваць і сінхранізаваць работу суполкі, не абысціся без анлайн-календара. Тут размяшчаецца гадавы план гімназіі, каляндарнае планаванне на розныя часавыя адрэзкі, план работы аддзела адукацыі на месяц і іншыя дакументы, звязаныя з планаваннем.

Сеткавая суполка “Школа ІТ-кампетэнтнасці” створана з мэтай навучання педагогаў выкарыстанню воблачных тэхналогій у адукацыйнай практыцы, для арганізацыі ўзаемадзеяння з навучэнцамі і іх законнымі прадстаўнікамі. Штотыднёвыя заняткі дазваляюць педагогам усвядомлена і мэтанакіравана выкарыстоўваць інфармацыйныя тэхналогіі пры арганізацыі ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці.

Кадравы аналіз педагогаў — удзельнікаў гімназічных прафесійных суполак паказвае, што сеткавае ўзаемадзеянне — гэта ўзаемадзеянне як вопытных педагогаў, так і маладых спецыялістаў, што дазваляе наладзіць асаблівую сістэму цьютарства ў сетцы, якая ўключае ў сябе майстар-класы, кансультатыўныя лініі, прэзентацыі вопыту, экспертызу матэрыялаў калег, аўтарскія курсы павышэння кваліфікацыі і многае іншае.
За чатыры гады функцыянавання сеткавых суполак у гімназіі атрыманы значныя вынікі. Маніторынг прафесійнай падрыхтоўкі настаўнікаў і іх запытаў дазваляе ажыццяўляць дыферэнцыраваны падыход пры арганізацыі метадычнай работы, каардынаваць дзейнасць метадычных структур, забяспечваць магчымасць рэалізацыі індывідуальных маршрутаў прафесійнага росту педагогаў, распрацоўкі і рэалізацыі ў практычнай дзейнасці аўтарскіх дыдактычных сістэм, вызначаць найбольш эфектыўныя формы, метады і сродкі работы з педагагічнымі кадрамі. Пра гэта сведчаць вынікі дзяржаўнай акрэдытацыі гімназіі 2015 года. Вопыт работы гімназічнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў хіміі, біялогіі, геаграфіі абагульнены на ўзроўні раёна. Вопыт работы настаўніцы гісторыі І.Б.Клак прадстаўлены на заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу педагагічнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2014”.

Стварэнне адзінай інфармацыйнай прасторы для педагогаў дазволіла значна знізіць папяровы дакументаабарот, спрасціць доступ да актуальнай для педагогаў інфармацыі, упарадкаваць яе збор.

У рамках сеткавага ўзаемадзеяння ажыццяўляецца абмен вопытам, падтрымка і супрацоўніцтва: створана адзіная база дакументацыі з узорамі па рабоце метадычных фарміраванняў, сумесна ствараюцца метадычныя прадукты (распрацоўкі вучэбных заняткаў, сцэнарыяў мерапрыемстваў, вопыту работы), праводзіцца анлайн-кансультаванне педагогаў, якія абагульняюць вопыт работы ў рамках атэстацыі, аналіз работы метадычных фарміраванняў і інш.

За перыяд існавання сеткавых суполак педагогі гімназіі атрымалі 68 сертыфікатаў аб навучанні на дыстанцыйных курсах, распрацавалі і рэалізавалі 5 сеткавых праектаў у рамках вучэбных прадметаў, сталі ўдзельнікамі і пераможцамі 16 міжнародных праектаў. 80% педагогаў гімназіі з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

З мэтай эканоміі асабістага часу педагогаў і выпрацоўкі канкрэтных рашэнняў асобныя пасяджэнні метадычнага савета праходзяць у віртуальным рэжыме. Праз суполку ажыццяўляецца падрыхтоўка да педагагічнай нарады. Тут жа размяшчаюцца рашэнні, прынятыя на пасяджэннях педагагічнага савета, і прадстаўляецца метадычная прадукцыя, створаная педагогамі.

Паспяховы педагагічны вопыт педагогаў гімназіі распаўсюджваецца з дапамогай блогаў або сайтаў. У дапамогу маладым педагогам мной створаны блог “Сучасны ўрок”. Вывучыць тэхналогію “Дэбаты” можна, наведаўшы блог настаўніцы гісторыі І.Б.Клак “Дэбаты ў школе”. Для класных кіраўнікоў пачатковых класаў існуе блог “МА класных кіраўнікоў”.

Удзельнічаючы ў розных педагагічных суполках, настаўнік мае магчымасць вучыцца і набываць веды, уменні і кампетэнцыі; атрымліваць самую сучасную інфармацыю па тэме, якая цікавіць; мець доступ да гімназічнай базы метадычных распрацовак; дыстанцыйна атрымліваць кваліфікаваныя кансультацыі; удзельнічаць у рабоце прафесійных суполак; публікаваць свае метадычныя матэрыялы; абмяркоўваць апублікаваныя матэрыялы; удзельнічаць у прафесійных конкурсах і інш.

Работа ў сеткавай суполцы развівае у педагогаў сумеснае мысленне, талерантнасць, крытычнасць мыслення. Пазнавальная, творчая і вучэбная дзейнасць першапачаткова мае сеткавы і калектыўны характар. Ад удзельнікаў сумеснай дзейнасці не патрабуецца адначасовай прысутнасці ў адным месцы. Кожны член суполкі можа выконваць свае аперацыі ў зручны для яго час. Разам з тым сеткавае ўзаемадзеянне прадугледжвае пераход ад эгацэнтрычнай пазіцыі да разумення ролі і значэння іншых людзей, што з’яўляецца важным этапам развіцця асобы педагога. Гэта дазваляе педагогам расці прафесійна, працаваць нязмушана і захоплена.

Алена АСКІРКА,
намеснік дырэктара гімназіі № 1 Ваўкавыска,
настаўнік-метадыст, член клуба “Крыштальны журавель”.