Расія: чаму сярод настаўнікаў на дзесяць жанчын прыпадае адзін мужчына

- 12:00Паралелі

На дзесяць жанчын-настаўнікаў у школах прыпадае толькі адзі­н мужчына. Чаму так склалася і ці трэба выпраўляць сітуацыю? І хто гэтыя адважныя прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва, што ўсё ж такі ідуць вучыць дзяцей? Чым яны кіруюцца? Пра гэта карэспандэнт “Российской газеты” ў Екацярынбургу даведалася ад саміх мужчын-настаўнікаў.

Успамінаю, як цяперашняй вясной была на выпускным у адной са школ. На ўрачыстай частцы выходзілі жанчыны-педагогі, гаварылі традыцыйныя пажаданні пра “карабель, які адпраўляецца ў вялікае плаванне пад назвай “жыццё”. І тут на сцэну падняўся мужчына з гітарай — адзіны мужчына ў школе — і замест тужлівых слоў з усмешкай вымавіў: “Ну што, хлопцы, адмучыліся?”. Потым ён спяваў, і ўся школа, уключаючы баць­коў, яму падпявала. А калі ён сыходзіў са сцэны, яго абдымалі за плечы хлопцы з выпускнога класа.

Карціна была кранальная і сумная адначасова. Яна наглядна дэманстравала, што пры ўсіх заслугах настаўнікаў жанчын, вядома, моладзі патрэбны мужчыны.

Але, на жаль, статыстыка сумная: на дзесяць жанчын-педагогаў у школах сёння прыпадае ўсяго адзін мужчына. А сярэдні ўзрост настаўнікаў — 46 гадоў.

Чаму так склалася? Хто гэтыя адважныя, што ўсё ж такі ідуць вучыць дзяцей? Што імі рухае? Пра гэта мы вырашылі даведацца ў саміх мужчын-педагогаў.

“Адзін з самых здольных хлопцаў на нашым курсе, калі мы вучыліся ў ВНУ, быў мой прыяцель”, — расказвае настаўнік грамадазнаўства гімназіі № 8 Екацярынбурга Сямён Казанцаў. — Ён вельмі хацеў пай­сці ў школу, яму падабаецца выкладаць, ён любіць размаўляць з дзецьмі, але вырашыў, што лепш пайсці працаваць клеркам у банку. Цяпер атрымлівае разы ў два больш, чым я”.

Сам Сямён, скончыўшы педуніверсітэт, пайшоў выкладаць, атрымлівае каля 30 тысяч у месяц (сярэдні заробак у рэгіёне — 37 тысяч) і са школы сыходзіць не збіраецца. Кажа, што галоўнае для яго — атрымліваць задавальненне ад работы. Пры гэтым прызнаецца, што сваёй сям’і ў яго пакуль няма.

“Яшчэ адна прычына, якая адпужвае мужчын ад школы, гэта стэрэатып, што настаўніцтва — чыста жаночая справа, — дадае Данііл Ляхавец, настаўнік матэматыкі спецыялізаванага вучэбна-навуковага цэнтра (СВНЦ) пры Уральскім універсітэце. — Гэтую ўстаноўку, якая ўкаранілася ў свядомасць, адразу не праб’еш”.

“Вядома, зарплата — адзін з самых важных фактараў, якія б’юць па прэстыжы прафесіі, — пацвярджае Аўгуст Белкін, заслужаны настаўнік Расіі, які працаваў дырэктарам школы ў Екацярынбургу ў савецкі час. — Калі ў 60-я гады жалаванне настаўнікам узня­лі да 120 рублёў у месяц, — для параўнання, інжынеры тады атрымлівалі 96, — у школу адразу пайшло больш мужчын. Грошы важныя, бо акрамя выхавання чужых дзяцей мужчыну-настаўніку трэба яшчэ і сваіх карміць”.

Пры гэтым настаўнік перакананы, што без мужчын паўнавартаснай школа быць не можа.

“Вось толькі адзін прыклад: матэматык у нашай школе мог паставіць 10—15 двоек за раз. На яго крычалі на педсавеце, маўляў, нельга ж так, але ён ведаў, што робіць. Пры ўсёй настаўніцкай лютасці дзеці і матэматыку ведалі, і ў ім душы не чулі. Для навядзення парадку мужчыну часам трэба толькі ссунуць бровы, і ўсё становіцца на свае месцы. Жанчына на гэта па прыродзе не здольная — пры ўсёй да яе павазе”.

Пры гэтым А.Белкін расказаў, як сам наводзіў парадак у школе:

“Цэлы клас аднойчы на ўрок не прыйшоў. Я нядоўга думаў, дзе яны. У кінатэатры тады ішоў фільм “Банда брытагаловых”. Патэлефанаваў дырэктару, прыходжу ў кінатэатр і ўявіце карціну: сеанс перарываецца, і на сцэну выходзіць дырэктар школы. Вось у іх быў шок!”

Дзеці большую частку свайго часу праводзяць у школе, калі прыходзяць дадому — бацькоў альбо яшчэ няма, альбо яны занятыя. Дзецям не хапае ўвагі, сувязі з бацькамі. Пры гэтым мужчына ў школе стварае прыклад, дэманструе мадэль мужчынскіх паводзін, што асабліва важна для хлопчыкаў, — у гэтым перакананы Яўген Дзям’янаў, настаўнік гісторыі, намеснік дырэктара школы № 4 Екацярынбурга. Тым больш, часта мадэль сям’і цяпер такая: бабуля — мама — дзіця, гэта зна­чыць дзве жанчыны жывуць разам і выхоўваюць дзіця.

“У такой сітуацыі, калі пра нешта трэба параіцца, расказаць шчыра, хлопец, вядома, падыдзе хутчэй да мужчыны-настаўніка, а не да жанчыны. Пры тым, што я вельмі паважліва стаўлюся да жанчын і працую з выдатнымі калегамі, але гэта аб’ектыўны факт: мужчына школе патрэбен. Школа без мужчыны, як няпоўная сям’я”.

“У маёй школе вучыўся прапашчы хуліган, сядзеў на задняй парце, паджарта­ваць мог з мяне. Звалі яго Валерка Несцераў, але ён быў разумным, яркай асобай. І напружаны этап у нашых узаемаадносінах быў нядоўгім, хутка мы сталі сябрамі, — расказвае Аўгуст Белкін. — Гэты Валерка стаў потым міністрам адукацыі Свярдлоўскай вобласці. І заўсёды называў потым мяне лепшым настаўнікам у жыцці. Трэба мець пэўную ўстойлівасць, велікадуш­насць і пачуццё гумару, каб умець наладжваць кантакт нават з самымі цяжкімі дзецьмі”.

“Я захоплены матэматыкай з дзяцін­ства, удзельнічаў у алімпіядах, я ад гэтага фанацеў. Зараз выкладаю матэматыку ў школе і фанацею ад гэтай работы ўдвая. Мне падабаецца дзецям даваць веды, падабаецца з імі мець зносіны, яны такія ўсе розныя, дзіўна цікавыя, — прызнаецца настаўнік матэматыкі СВНЦ УрФУ Данііл Ляхавец. — Я не збіраюся сыходзіць са школы, у мяне і жонка настаўніца пачатковых класаў, у нас расце дзіця, яму год. Я — настаўнік малады, у школе пяты год. Але думаю, ужо выразна магу сказаць, што важна, каб у школе заставаліся працаваць са­праўдныя настаўнікі. Мужчыны ці жанчыны гэта — адыходзіць на другі план. Хоць калі б у мяне было калег-мужчын пабольш — гэта было б, вядома, выдатна”.

А вось меркаванне Кацярыны Сібірцавай, начальніка дэпартамента адукацыі адміністрацыі Екацярынбурга:

“Сёння ў школах мужчын-педагогаў стала ўсё ж такі крыху больш, чым 15 гадоў назад. Зараз 10%, а тады было 8,4%. Іншымі словамі, сітуацыя пакрысе мяняецца. Безумоўна, нам хацелася б, каб мужчыны ішлі выкладаць. І каб настаўнікі маглі зарабіць больш, праводзім прафесійныя конкурсы. Прызы ў іх грашовыя. І часта перама­гаюць у іх менавіта мужчыны. Але разумееце, праца настаўніка — праца вельмі карпатлівая, і не кожны мужчына псіхалагічна гатовы да яе. Гэта ўсё ж такі важны фактар. А наогул, я не рабіла б вялікага размежавання, — школе патрэбны прафесіяналы, асобы, якія лю­бяць і разумеюць дзяцей. І не так важна, мужчына гэта ці жанчына”.