Расія: дзе і за што плацяць стыпендыю ў 49 тысяч рублёў

- 14:17Паралелі

ВНУ і работадаўцы пачалі барацьбу за моцных студэнтаў. Каб прыцягнуць высакабальнікаў, універсітэты абяцаюць ім павышаныя стыпендыі. Напрыклад, Сібірскі федэральны ўніверсітэт гатовы даць у гэтым годзе пераможцам алімпіяд стыпендыю, якая ў пяць разоў перавышае звычайную. Пра захады ВНУ па заахвочванні перспектыўных студэнтаў піша “Российская газета”.

У тым жа Сібірскім федэральным універсітэце абітурыенты, якія набяруць больш за 250 балаў на АДЭ, у якасці студэнтаў будуць атрымліваць падвоеную стыпендыю. Яшчэ адна катэгорыя даплат тычыцца студэнтаў, якія выбралі прыярытэтныя напрамкі для Краснаярскага краю і Сібіры — яны будуць атрымліваць стыпендыю, павышаную на 50%, распавёў адказны сакратар прыёмнай камісіі ўніверсітэта Аляксандр Усачоў.

Якія напрамкі лічацца прыярытэтнымі? Нанатэхналогіі і нанаматэрыялы, атрыманне новых рэчываў, перспектыўных для стварэння айчынных лекавых прэпаратаў, тэхналогіі новых і аднаўляльных крыніц энергіі, тэхналогіі ўтылізацыі адходаў вытворчасці і спажывання і інш.

У Маскоўскім інстытуце сталі і сплаваў максімальная стыпендыя, якую выплацяць першакурснікам з высокім балам АДЭ, складзе 20 тысяч рублёў у месяц. Плюс звычайная акадэмічная. Прэтэндаваць на вялікую стыпендыю можа абітурыент, які набраў ад 240 і больш балаў на АДЭ па трох прадметах, а таксама пераможца або прызёр заключнага этапу Усерасійскай алімпіяды школьнікаў або алімпіяды, уключанай у пералік Міністэрства адукацыі і навукі Расіі. Усяго будзе 17 такіх стыпендый.

“Універсітэт мае 1200 партнёраў-работадаўцаў, якія прапануюць розныя формы дагавораў з мэтавікамі і заключаюць іх на 3—4 курсах, — распавяла рэктар МІСіСа Аляўціна Чэрнікава. — Усе дагаворы індывідуальныя. Камусьці прапаноўваюць дадатковую да асноўнай стыпендыю ў 3 тысячы рублёў, камусьці — 20 тысяч. Агаворваюцца ўмовы практыкі, праезд да месца (усе металургічныя прадпрыемствы раскіданыя па краіне), дапамога настаўнікаў”.

Упершыню асаблівую стыпендыю атрымаюць студэнты на спецыяльнасцях, звязаных з сельскагаспадарчым машынабудаваннем, — 20 тысяч рублёў.

Расійская асацыяцыя вытворцаў спецыялізаванай тэхнікі і абсталявання заснавала штогадовую Нацыянальную прэмію імя А.А.Яжэўскага. Памер стыпендыі — 20 тысяч рублёў.

Тое, што інжынерныя спецыяльнасці сёння надзвычай запатрабаваныя, пацвердзіў у кулуарах Пецярбурскага міжнароднага эканамічнага форуму кіраўнік федэральнай службы па працы і занятасці Расійскай Федэрацыі (Распрацы) Усевалад Вуколаў.

“На сённяшні дзень галоўная праблема для прадпрыемстваў заключаецца ў тым, што яны не могуць знайсці спецыялістаў-інжынераў у сферы вытворчага блока”, — адзначыў ён. Па гэтай прычыне, на думку кіраўніка Распрацы, неабходна ўдзяляць увагу падрыхтоўцы спецыялістаў менавіта ў сферы вытворчасці.

У Фінансавым універсітэце пры ўрадзе шмат розных відаў стыпендый і грантаў ад патэнцыяльных работадаўцаў: ёсць індывідуальныя стыпендыі, напрыклад, выпускнікоў ВНУ, імянная стыпендыя аднаго з загадчыкаў кафедры. Рэктар таксама ўстанавіў індывідуальную стыпендыю лепшаму замежнаму студэнту. Надбаўкі ў ВНУ выдаюцца адзін раз на год, і тады студэнт атрымлівае, напрыклад, і 350 тысяч, і 400 тысяч рублёў.

Будучыя юрысты і крыміналісты, якія вучацца ў Маскоўскім дзяржаўным юрыдычным універсітэце імя А.Я.Кутафіна, з улікам розных грантавых праграм могуць разлічваць на 25—30 тысяч рублёў у месяц.

Ва ўсіх ВНУ студэнты-выдатнікі атрымліваюць павышаную стыпендыю. Памер устанаўлівае сама ВНУ, напрыклад, у Расійскім дзяржаўным сацыяльным універсітэце гэта 9800 рублёў. У Мурманскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце быў студэнт, які атрымліваў павышаную стыпендыю ў памеры 49 тысяч рублёў.

Актыўна падтрымліваюць студэнтаў розныя недзяржаўныя фонды. Напрыклад, адзін з фондаў падтрымлівае студэнтаў з 75 ВНУ. Сярод іх МІФІ, “Баўманка”, Томскі палітэх, Ніжагародскі дзяржуніверсітэт імя М.І.Лабачэўскага і інш. Па гэтай праграме 500 студэнтаў магістратуры атрымліваюць стыпендыю 15 тысяч рублёў у месяц.

Іншы прыватны фонд актыўна развівае стыпендыяльныя праграмы ў чатырох ВНУ: МДУ імя М.В.Ламаносава, Кубанскім дзяржуніверсітэце, Кубанскім дзяржаўным аграрным універсітэце, а таксама Школе-студыі ММАТ. Напрыклад, на 2017 год выдзелена 20 стыпендый лепшым студэнтам фізічнага факультэта МДУ па 15 тысяч рублёў.

Сёння мінімальная стыпендыя ў ВНУ складае 1484 рублі. Але яна можа быць і значна большай — усё вырашае сама ВНУ. У адпаведнасці з новым загадам Мінадукацыі і навукі, троечнікам больш не варта разлічваць на фінансавую падтрымку з бюджэту. Калі ў сесіі ёсць адзнака “тры”, стыпендыю не дадуць. Не атрымае стыпендыю і той, каго адправілі на пераздачу. Пры гэтым абсалютна ўсім першакурснікам звычайная стыпендыя гарантавана да заканчэння першай сесіі незалежна ад балаў, з якімі яны паступілі ў ВНУ. Падставай для павышанай стыпендыі можа быць залаты значок ГПА, стварэнне твора, жывапісу, харэаграфіі, скульптуры, графікі, а таксама комікса, пантамімы, літаратурнага твора… Спіс вялікі і ахоплівае ўсе сферы творчасці. Сацыяльная стыпендыя гарантуецца не толькі дзецям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, але і, напрыклад, кантрактнікам, якія адслужылі ў войску не менш за тры гады. Мінімум — 2227 рублёў. А калі хлопцы, якія маюць права на сацыяльную стыпендыю, першыя два гады вучацца на “добра” і “выдатна”, ім прызначаецца сацыяльная стыпендыя ў павышаным памеры — не менш за пражытачны мінімум па Расіі (гэта амаль 10 тысяч рублёў).