Расія: дзіцячы амбудсмен прапанавала са школы пачынаць падрыхтоўку да сямейнага жыцця

- 11:37Паралелі

Падрыхтоўку да сямейнага жыцця неабходна пачынаць са школы, фарміруючы ў свядомасці дзяцей вобраз паўнавартаснай здаровай сям’і, заявіла ўпаўнаважаны пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па правах дзіцяці Ганна Кузняцова.

“Важна гаварыць пра падрыхтоўку да сямейнага жыцця, фарміраваць у свядомасці дзяцей вобраз чалавека-сем’яніна і лад жыцця паўнавартаснай здаровай сям’і. Менавіта ранняя падрыхтоўка да сямейнага жыцця, пачынаючы са школы, можа стаць эфектыўнай прафілактычнай мерай”, — сказала Г.Кузняцова падчас адкрыцця XIV Усерасійскага з’езда ўпаўнаважаных па правах дзіцяці.

Амбудсмен таксама дадала, што да яе паступае вялікая колькасць скаргаў на СМІ, якія трансліруюць негатыўны вобраз сям’і. Як адзначыла Г.Кузняцова, у гэтай сферы важнай з’яўляецца і праца журналістаў.

Як паведаміла МІА “Расія сёння” са спасылкай на прэс-службу дзіцячага амбудсмена, у Белгарадзе прайшоў двухдзённы XIV Усерасійскі з’езд упаўнаважаных па правах дзіцяці ў суб’ектах Расійскай Федэрацыі, падчас якога разглядаліся самыя балючыя пытанні ў сферы абароны правоў дзяцей, у тым ліку ўплыў негатыўнага інтэрнэт-кантэнту, прафілактыка суіцыдаў і падтрымка прыёмных сем’яў. У працы форуму прынялі ўдзел дзіцячыя амбудсмены ўсіх суб’ектаў Расійскай Федэрацыі, а таксама прадстаўнікі профільных міністэрстваў і ведамстваў, НКА, эксперты і валанцёры.