Расія: каледжы будуць рыхтаваць прадпрымальнікаў, якія ведаюць англійскую мову

- 12:10Паралелі

Трэць расійскіх каледжаў з верасня 2017 года пачне працаваць па новых адукацыйных праграмах, якія прадугледжваюць выкладанне англійскай мовы і навучанне прадпрымальніцтву, гаворыцца ў матэрыялах да прэс-канферэнцыі “Кадры новай Расіі: як рыхтуюць запатрабаваных для эканомікі спецыялістаў”.

Эксперты лічаць: вядучыя каледжы сёння не саступаюць профільным ВНУ. “10 мая былі падведзены вынікі ліцэнзавання новых адукацыйных праграм. Ужо ў новым навучальным 2017/2018 годзе 73 суб’екты пачнуць рэалізоўваць гэтыя праграмы больш чым у тысячы каледжаў Расіі — 32% ад агульнай колькасці”, — адзначаецца ў матэрыялах, прадстаўленых Мінадукацыі і навукі.

Згодна з інфармацыйнай даведкай, навучанне студэнтаў будзе ўключаць тры складнікі: выніковую атэстацыю ў форме дэманстрацыйнага экзамену, новую вучэбна-вытворчую базу з сучасным абсталяваннем і прынцыпова новыя патрабаванні да рэалізацыі адукацыйных праграм з улікам прафстандартаў, распрацаваных непасрэдна работадаўцамі.

“Важным пунктам у “багажы ведаў” выпускніка каледжа стане веданне англійскай мовы (з улікам прафесійнай спецыфікі) для свабоднай работы на абсталяванні з англамоўным інтэрфейсам і інструкцыямі, а таксама “прадпрымальніцкі пакет” (веды па арганізацыі сваёй справы ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка)”, — гаворыцца ў матэрыялах.