Расія: порцыя няроўнасці

- 11:35Паралелі

Чаму талерка супу ў школьнай сталовай такая розная?

Бацькі пры дапамозе пракуратуры спрабуюць змяніць сістэму харчавання школьнікаў. Аднак чыноўнікі спасылаюцца на дэфіцыт бюджэту і хочуць зусім перапісаць закон, адмяніўшы палёгку. У некаторых рэгіёнах, напрыклад, меню для маламаёмных дзяцей таннейшае практычна ў два разы, чым для вучняў, за якіх плацяць бацькі, паведамляе “Расійская газета”

Такая сітуацыя, напрыклад, назіраецца ў Самарскай вобласці. Так, на пачатак мая ў Кошкінскім раённым судзе  назначаны разгляд іска да адміністрацый мясцовых школ. Нагляднае ведамства высветліла, што ў адукацыйных установах недакормлівалі 120 дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя.

Як паведамляецца ў рэлізе нагляднага ведамства, згодна з артыкулам 79 N 273-ФЗ, іх павінны двойчы бясплатна карміць. Але ў гэтым навучальным годзе мэтавыя грашовыя сродкі з бюджэту Кошкінскага раёна і іншых крыніц школам не выдзя­ляліся.

Чым тлумачыцца такі фармальны падыход да арганізацыі школьнага харчавання?

“Адкуль, з якіх крыніц я павінен браць грошы на паўнавартаснае харчаванне гэтай катэгорыі дзяцей? — пытаецца дырэктар мясцовай школы  Уладзімір Гусараў. — Я не маю права зняць грошы з іншых артыкулаў расходаў, але ў мяне ёсць абавязак дзяцей карміць”.

Намеснік кіраўніка раёна Андрэй Сяргееў на пытанне “Расійскай газеты” растлумачыў, што ў мясцовай казне, па-першае, няма лішніх 600 тысяч рублёў, па-другое, дакладна незразумела, хто павінен выдзяляць сродкі на харчаванне. Падобная сітуацыя і ў 27 школах Сызрані. Тут суды, ініцыіраваныя пракуратурай, ужо завяршыліся на ­карысць сем’яў з дзецьмі. Але пакуль што іх перамога толькі на паперы. Як патлумачылі бацькі, якія папрасілі не называць іх прозвішчаў, бясплатныя абеды і снеданні дзецям ніхто так і не дае.

На запыт “Расійскай газеты” ў Мінадукацыі і навукі рэгіёна растлумачылі, што часткова закон рэалізуецца толькі ў буйных гарадах вобласці — Самары, Тальяці, Жыгулёўску, Навакуйбышаўску, а таксама ў Нефцягорскім раёне, прычым выключна за кошт сродкаў муніцыпальных бюджэтаў. У мінулым навучальным годзе бясплатнае харчаванне атрымлівалі ўсяго 3,2 тысячы вучняў — гэта не толькі хлопчыкі і дзяўчынкі з інваліднасцю і цяжкімі  захворваннямі, але і з мнагадзетных, малазабяспечаных сем’яў. Пры гэтым у рэгіёне, па папярэдніх падліках ведамства, тых, хто мае патрэбу, — звыш 5,3 тысячы. Каб забяспечыць іх харчаваннем, неабходна 140 млн рублёў.

Паводле інфармацыі пракуратуры, сродкі прадугледжаны ў рэгіянальным бюджэце бягучага года. Яны знойдзены па патрабаванні нагляднага ведамства, але каб іх патраціць па прызначэнні, неабходна ўнесці папраўкі ў Закон “Аб адукацыі ў Самарскай вобласці”. У першым чытанні яны прайшлі яшчэ ў снежні мінулага года, другое запланавана праз месяц. Тады ў рэгіянальнага Міністэрства адукацыі і навукі з’явіцца механізм перадачы сродкаў школам.

Але чыноўнікі разлічваюць на іншы сцэнарый. Яны прапану­юць увесці крытэрый патрэбнасці, а не карміць усіх запар.

“Больш за 75% ільготнікаў — гэта дзеці з затрымкай маўленчага і разумовага развіцця. Многія з іх выхоўваюцца ў сем’ях з нармальным узроўнем дастатку. Пры гэтым дзеці з малазабяспечаных сем’яў не атрымліваюць гарачыя снеданні з-за абмежаванасці бюджэтных сродкаў”, — аргументуе сваю пазіцыю на­меснік міністра адукацыі і навукі рэгіёна Алена Пінская.

З камісіі Савета заканадаўцаў пры Федэральным схо­дзе на праект Самарскай Губернскай Думы прыйшоў адказ, што неабходна далучыць для абмеркавання грамадскасць, тых жа ­бацькоў…

А пакуль бацькі і чыноўнікі з дэпутатамі месяцамі спрачаюцца, хто павінен забяс­печваць вучняў харчаваннем у школе, дзеці застаюцца галоднымі…

Зрэшты, “крытэрый патрэбнасці”, як паказвае практыка, таксама не выйсце са становішча. Часам ён спараджае праблему “харчовай няроўнасці”. Што, зразумела, дрэнна адбіваецца на выхаванні дзяцей.

Па выніках аналізу 111 анкет выявілася сур’ёзная сацыяльная праблема. Бацькі школьнікаў з маламаёмных сем’яў Пскова і Пскоўскай вобласці аплачваюць толькі трэць кошту гарачага харчавання — 70% выдаткаў пакрывае бюджэт. Аднак аказалася, што абеды для дзяцей з такіх сем’яў як быццам спецыяльна падкрэсліваюць іх беднасць — варта толькі зазірнуць у талерку. Як расказала намеснік кіраўніка Пскова Алена Палонская, меню для маламаёмных часта таннейшае за звычайнае практычна ў два разы. Абед за кошт бюджэту каштуе 35 рублёў, а аплачаны бацькамі — ад 55 да 70 рублёў.

“Каб лепш разумець сітуацыю: адным дзецям на абед прапанавана гарачае мяса, а іншым — прасяная каша, — расказала яна. Каша смачная, але справа ў тым, што, се­дзячы за адным сталом, навучэнцы нярэдка атрымліваюць розную ежу.

І дзеці наогул адмаўляюцца ад ежы, каб не дэманстраваць сваё матэрыяльнае становішча”, — дадае А.Палонская.

Да таго ж нярэдкія выпадкі, калі сям’я не стаіць на ўліку ў якасці той, што жыве ў нястачы, — для гэтага сукупны даход на кожнага члена сям’і павінен складаць менш за пражытачны ўзровень, гэта значыць, менш за 10 651 рубель у месяц, але бацькі ўсё роўна не могуць дазволіць сабе выдаткоў­ваць грошы на абед дзіцяці ў школьнай сталовай.

Менавіта гэтым, на думку намесніка кіраўніка горада, можна патлума­чыць той факт, што ў школах на ўскраіне Пскова гарачае харчаванне атрымлівае не больш за трэць усіх навучэнцаў, у той час як у цэнтры горада гэты паказчык перавышае 70%. Што зразумела: у цэнтры вучыцца значна больш дзяцей з фінансава забяспечаных сем’яў .

Прычына “харчовай няроўнасці” — перш за ўсё віна выканаўцаў на месцах. Як паведамілі ў камітэце па адукацыі Пскоўскай вобласці, у не самым багатым Локнянскім раёне ўсе дзеці бясплатна атрымліваюць двухразовае гарачае харчаванне. У той жа час у Гдоўскім раёне пастаўшчык, які выйграў конкурс на арганізацыю гарачага харчавання школьнікаў, прывозіў толькі чай з булачкай, і ні дырэктара школы, ні кіраўніка муніцыпалітэта такая сітуацыя ­чамусьці не бянтэжыла. ­Заўвагі павінны быць ліквідаваны ўжо да 1 мая. У той жа час ёсць праблема, якую трэба мяняць на федэральным узроўні.

“Пры правядзенні праверак Расспажыўнагляду і выяўленні выпадкаў невыканання норм харчавання, як ні дзіўна, караюць дырэктара школы, а не пастаўшчыка харчавання, — адзначыў кіраўнік камітэта Аляксандр Седун. — І такая сітуацыя з конкурснымі працэдурамі па ўсёй краіне.

Адзначым, што ўлады Пскоўскай вобласці лічаць праведзены маніторынг не зусім аб’ектыўным — усе школы былі правераны за адзін дзень. Аднак на сітуацыю ўжо адрэагавалі: кіраўнікам раёнаў будзе рэкамендавана павялічыць долю сумеснага фінансавання арганізацыі гарачага харчавання школьнікаў з муніцыпальнага бюджэту.

У Хабараўскім краі з новага навучальнага года зменяць парадак фінансавання расходаў на харчаванне школьнікаў з маламаёмасных і мнага­дзетных сем’яў.

Тэма няроўнасці ў школьных сталовых атрымала грамад­скі рэзананс
у снежні мінула­га года, ка­лі на нарадзе па сацыяль­ных праблемах гэтага рэгіёна высветлілася, што ёсць два меню для дзяцей — у залежнасці ад таўшчыні кашалька бацькоў і фінансавых магчымасцей муніцыпалітэта.

Сацыяльныя сеткі дадалі прыкладаў: “платнікі” за асобным сталом атрымліваюць сасіскі з гарнірам, астатнія — пустыя макароны. “Харчаванне дзеці павінны атрымліваць усе аднолькава. Не ­могуць баць­кі плаціць — значыць, мы будзем”, — заявіў кіраўнік рэгіёна Сяргей Фургал. Урад краю прыняў пастанову аб дадатковай кампенсацыі на харчаванне дзецям з маламаёмных і мнагадзетных сем’яў. Цяпер гэтая сума ў год на адно дзіця складае ад 3100 рублёў у паўднёвых раёнах да 4960 у паўночных. А будзе — ад 8100 на поўдні да 12 960 руб­лёў на поўначы рэгіёна. Адукацыйныя ўстановы будуць атрымліваць субсідыі з края­вога бюджэту, каб нармальна і аднолькава карміць дзяцей. Край возьме на сябе 73% выдаткаў, астатняе павінны суфінансаваць муніцыпалітэты.