Расія: школьныя бібліятэкі аб’яднаюць у нацыянальную сетку

- 11:00Паралелі

Нацыянальная сетка школьных бібліятэк з адзіным каталогам літаратуры і агульнай сістэмай распаўсюджвання педагагічных методык будзе створана ў Расіі, паведамілі МІА “Расія сёння” ў Мінадукацыі Расійскай Федэрацыі.

Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі распрацоўвае Канцэпцыю нацыянальнай сеткі інфармацыйна-бібліятэчных цэнтраў адукацыйных арганізацый. Яна будзе ўключаць у сябе аналіз існуючага стану інфармацыйна-бібліятэчных цэнтраў, рэкамендацыі па іх мадэрнізацыі, распрацоўку тыпавых дакументаў і г.д. Таксама ў канцэпцыі будуць адлюстраваны прапановы па арганізацыйных мерапрыемствах, неабходных для ўладкавання нацыянальнай сеткі інфармацыйна-бібліятэчных цэнтраў, галоўным з якіх з’яўляецца стварэнне адзінага федэральнага інфармацыйна-метадычнага цэнтра.
Такі цэнтр будзе падтрымліваць школьныя бібліятэкі сучаснымі методыкамі, у тым ліку вучэбна-метадычнымі і дыдактычнымі матэрыяламі для настаўнікаў, фарміраваць патрабаванні да праграм падрыхтоўкі работнікаў школьных бібліятэк і школьнай адміністрацыі. Акрамя таго, цэнтр будзе весці адзіны каталог літаратуры з агульнай сістэмай картак, што вызваліць школьных бібліятэкараў ад дубліравання работы па каталагізацыі кніжных фондаў, а таксама ўсебакова суправаджаць працэс мадэрнізацыі шляхам кансультавання, маніторынгу і фарміравання патрабаванняў да развіцця бібліятэк.
“У свеце назапашаны багаты вопыт стварэння школьных бібліятэчных сетак, і практычна ўсюды іх падтрымлівае адзіны цэнтр прафесійнай экспертызы. У Савецкім Саюзе такім цэнтрам была бібліятэка Ушынскага, і цяпер вельмі важна выкарыстаць гэты вопыт, каб дапамагчы школьным бібліятэкам справіцца з выклікамі лічбавай эпохі”, — лічыць дырэктар бібліятэкі імя Ушынскага Аляксей Габаў.