Расія: цяплічны курс

- 10:54Паралелі, Рознае

Кіраўнік кабінета міністраў Расіі Дзмітрый Мядзведзеў даў рэкамендацыі міністру адукацыі Вользе Васільевай па наладжванні сістэмы навучання і ўладкавання на работу выпускнікоў мэтавага набору. Пры гэтым прэм’ер-міністр выказаў незадаволенасць тым, як дзейнічае методыка мэтавага навучання і мэтавага прыёму ў расійскія ВНУ.

“Сістэма не працуе эфектыўна, ва ўсякім разе не так, як мы разлічвалі”, — сказаў кіраўнік урада на селектарнай нарадзе па пытаннях павышэння эфектыўнасці мэтавага навучання і мэтавага прыёму. Лічбы гавораць самі за сябе: у мінулым годзе па праграмах мэтавага прыёму і мэтавага навучання падрыхтоўку прайшлі звыш чвэрці мільёна студэнтаў. І хоць квота для мэтавікаў перавысіла 15% ад агульнага прыёму на бюджэтныя месцы, у сярэднім па краіне яна была выкарыстана толькі на 2/3. “Нягледзячы на тое, што мэтавы прыём дае значную перавагу выпускнікам школ пры паступленні ў ВНУ, конкурсу сярод мэтавікаў у мінулым годзе фактычна не было”, — наракаў кіраўнік урада.

Адпаведна, задача, якая стаіць перад кабмінам і рэгіёнамі, — зрабіць сістэму мэтавага прыёму і мэтавага навучання эфектыўнай. Аднак вяртанне да савецкай сістэмы размеркавання пасля заканчэння ВНУ, на думку Дзмітрыя Мядзведзева, не мэтазгодна. “Для гэтага няма ні падстаў, ні неабходнасці. Рынак працы стаў больш мабільным і канкурэнтным, людзі актыўна пераязджаюць з горада ў горад, з аднаго рэгіёна ў іншы, каб знайсці добрую работу і камфортнае жыццё”, — сказаў прэм’ер.

Нягледзячы на перавагі для выпускнікоў, конкурсу сярод мэтавікаў у мінулым годзе фактычна не было. Аднак у некаторых галінах і некаторых рэгіёнах дадатковыя меры па замацаванні кадраў прыняць неабходна. Перш за ўсё гэта тычыцца аддаленых суб’ектаў, дзе не хапае настаўнікаў, медыкаў і іншых работнікаў.

Выйсце — іншая, чым у савецкі час, сістэма мэтавага прыёму і мэтавага навучання. Яна прадугледжвае, што работадавец загадзя дамаўляецца з ВНУ і абітурыентам: малады чалавек атрымлівае сацыяльную падтрымку ад работадаўца (напрыклад, стыпендыю), але пасля заканчэння ўніверсітэта будзе абавязаны адпрацаваць пэўны час на загадзя прыгатаваным для яго месцы.

“Сістэму трэба наладзіць такім чынам, каб універсітэты рыхтавалі сапраўды запатрабаваных прафесіяналаў. А рэгіёны і работадаўцы, адпаведна, маглі знайсці спецыялістаў. І, вядома, каб студэнты пасля вучобы гарантавана атрымлівалі работу па спецыяльнасці”, — патлумачыў Д.Мядзведзеў. Акрамя таго, праграма мэтавага навучання дапаможа вырашыць і іншую праблему — з працаўладкаваннем выпускнікоў, якія не заўсёды могуць, абараніўшы дыплом, знайсці месца працы.

Пры гэтым кіраўнік урада не лічыць неабходным ажыццяўляць прыём на ўсе бюджэтныя месцы ў расійскіх ВНУ па прынцыпе мэтавага накіравання, паколькі ў цяперашніх умовах гэта маларэальна. У цэлым жа, гаворачы пра інстытут мэтавага прыёму і мэтавага навучання, прэм’ер заўважыў, што ён дае абітурыенту пэўныя перавагі ў параўнанні з іншымі маладымі людзьмі, якія паступаюць на бюджэтныя месцы.

“Абітурыенты ідуць па асобным конкурсе, сярэдні бал па АДЭ ў мэтавікаў быў 62,3%, што ніжэй за сярэднерасійскі на 4 адзінкі, а конкурс у сярэднім па краіне складаў восем чалавек на месца, у той час як на кожнае мэтавае месца прэтэндаваў толькі адзін абітурыент”, — расказаў Дзмітрый Мядзведзеў. Дзяржава стварае спрыяльныя ўмовы для мэтавікаў, але яна павінна быць упэўнена, што выпускнік пойдзе працаваць туды, дзе ён рэальна патрэбен.

У сувязі з гэтым прэм’ер запатрабаваў прад’яўляць высокія патрабаванні да паспяховасці будучых спецыялістаў. “Нікому не патрэбны двоечнікі ў любой спецыяльнасці”, — рэзюмаваў ён.

Якія складанасці з мэтавікамі?

На мэтавы прыём у ВНУ звычайна вылучаецца 15—20% месцаў. Але ў МДУ, напрыклад, такіх значна менш. На некаторых напрамках падрыхтоўкі іх літаральна адзінкі, а ў медыцынскіх і сельскагаспадарчых ВНУ, наадварот, мэтавікаў вельмі шмат. Лічба можа даходзіць да 40—50%. Праблема ў тым, што студэнты, якія паступілі ў ВНУ па мэтавых накіраваннях з рэгіёнаў, не хочуць потым вяртацца назад. Статыстыка па медыцынскіх ВНУ такая: у лепшым выпадку толькі 30% мэтавікаў з’язджаюць назад у рэгіёны. Асабліва пакутуюць вобласці, якія размешчаны недалёка ад Масквы.

У дагаворах з мэтавікамі можа быць прапісана, што чалавек павінен вярнуцца, але ніякай адказнасці за парушэнне няма. Студэнты згрызот сумлення не адчуваюць. За іх, як і за ўсіх іншых, плаціць бюджэт, а не рэгіянальны ўрад, школа, бальніца або саўгас, якія накіравалі на вучобу. Стыпендыя ў іх сапраўды такая ж, як і ва ўсіх іншых. Пры гэтым трэба разумець, што мэтавікі паступаюць у ВНУ па асобным конкурсе, які значна ніжэйшы за агульны.

Апошнім часам многія рэктары прапаноўваюць іншы механізм мэтавага адбору: выпускнік паступае на агульных падставах, а не па асобным конкурсе. Потым патэнцыяльны работадавец на 2—3 курсе заключае дамову з ВНУ і гэтым кандыдатам, дае месца для практыкі, плаціць павышаную стыпендыю і прымае потым выпускніка на работу. Умовы таксама можна агаварыць загадзя: прадастаўленне жылля або субсідыі, пад’ёмныя і іншае. Парушыў умовы дагавора — плаці няўстойку, вяртай даплаты да стыпендыі. Такія дагаворы ўжо заключаюцца ў некаторых тэхнічных ВНУ.

Строгіх правіл прытрымліваюцца некаторыя краіны, якія адпраўляюць вучыцца ў Расію сваіх студэнтаў-мэтавікаў. Бываюць нават выпадкі, калі выпускніку-замежніку не выдаюць дыплом да таго часу, пакуль ён не вярнуўся на сваю радзіму.