Што такое зялёная энергетыка і чаму не варта купляць ежу ў аднаразовым посудзе? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні атрымліваюць вучні ў Цэнтры развіцця дзяцей і юнацтва ў Пензе. Тут адкрылася першая ў рэгіёне экастанцыя для школьнікаў.
Такія мадэлі дадатковай адукацыі працуюць ужо ў 47 рэгіёнах. Экастанцыі адкрываюць у рамках нацыянальнага праекта “Адукацыя”.
“Больш за ўсё на занятках мяне ўразіла, што нельга адпускаць паветраныя шарыкі ў неба, — падзяліўся Арцём Агафонаў з Пензы. — Яны могуць нашкодзіць жывёлам. Я так больш не раблю”. Летам заняткі праходзяць на свежым паветры. У дзяцей тут таксама шмат адкрыццяў. Напрыклад, не ўсе раней ведалі, дзе “расце” прасяная каша.
А старшакласнікі нядаўна вярнуліся з экспедыцыі па рацэ Пензе і азёрах. “Мы збіралі заапланктон, даследавалі расліннасць, малюскаў, — расказвае выкладчык экастанцыі Юлія Пастухова. — Дзеці могуць спрагназаваць хуткасць забалочвання. У палявых умовах яны сталі бліжэй да прыроды. Так нараджаецца любоў да роднай зямлі”.
Як растлумачылі ў Мінадукацыі рэгіёна, адкрыццё экастанцыі стала магчымым дзякуючы федэральнаму праекту “Поспех кожнага дзіцяці” (нацпраект “Адукацыя”). Гэта сістэма лабараторый, ландшафтных праектаў і лекторыяў.
А вось у Краснадары Эколага-біялагічны цэнтр размешчаны ў стагадовым Чысцякоўскім гаі. У школьнікаў ёсць свая метэастанцыя. Акцэнты ў навучанні зроблены на хімію, фізіку і батаніку, каб арыентаваць дзяцей на дэфіцытныя сельскагаспадарчыя і “зялёныя” прафесіі. Дарэчы, гэта адна з мэт нацпраекта.
Яшчэ адзін прыклад — экастанцыя ў Алтайскім краі, якая працуе адразу па шэрагу напрамкаў: “Бія”, “Агра”, “Лясная справа”. “Унікум” і “Школа каляровай мікраскапіі” — гэта індывідуальная работа з адоранымі дзецьмі. Па агранапрамку стварылі праграмы “Разумная цяпліца” і “Аграэкалогія”. А вось напрамак “Праектаванне” ў экацэнтры толькі пачалі развіваць і прыцягнулі да гэтага Клуб экалагічных валанцёраў.