Расія: якасную прафесійную адукацыю забяспечаць кластары

- 12:00Паралелі

У Расіі па-ранейшаму вострай застаецца праблема кваліфікаваных кадраў для рэальнага сектара эканомікі, найперш прамысловасці і будаўніцтва. Асноўны шлях яе вырашэння — умацаванне сувязей устаноў адукацыі з работадаўцамі. Дапамога профільных прадпрыемстваў навучальным установам патрабуецца нават у дробязях, без якіх асвоіць прафесію студэнту немагчыма. З мэтай павышэння якасці падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў сярэдняга звяна ў Якуціі пачалі ствараць прафесійна-адукацыйныя кластары, паведамляе “Российская газета”.

У мінулым годзе такія структуры былі арганізаваны ў сферы здабычы золата і вугалю, будаўніцтва, IT-тэхналогій, аленегадоўлі, сельскай гаспадаркі, сувязі і энергетыкі. На чарзе — індустрыя харчавання, алмазная і ювелірная вытворчасць. Гэта тыя галіны, якія пастаянна маюць патрэбу ў прытоку не проста працоўнай сілы, а добра падрыхтаваных, кваліфікаваных спецыялістаў.
У склад новых кластараў уваходзяць профільныя навучальныя ўстановы, прадстаўнікі прадпрыемстваў і органаў выканаўчай улады рэгіёна. Пры гэтым агульнае кіраўніцтва ажыццяўляе не ўлада ці тэхнікум, а аб’яднанне работадаўцаў, паколькі менавіта яны больш, чым хто-небудзь іншы, зацікаўлены ў канчатковым “прадукце” гэтага праекта — прафесійным маладым работніку, якога не давядзецца перавучваць.
“Па некаторых патрэбных нам спецыяльнасцях падрыхтоўка ў рэспубліцы наогул не вядзецца. Даводзіцца прымаць на работу выпускнікоў ВНУ, якія пачынаюць кар’еру з рабочых пасад, але ім часта не хапае вопыту і навыкаў, каб спраўляцца з усімі абавязкамі”, — адзначае начальнік упраўлення персаналам кампаніі “Якуцкэнерга” Міхаіл Мяснянкін.
Што можа даць навучальным установам аб’яднанне з прадпрыемствамі? Першае, што прыходзіць у галаву, — гэта насычаная практыка студэнтаў і аснашчэнне вучылішчаў і тэхнікумаў не дапатопным абсталяваннем, а тым, з якім выпускнікам давядзецца мець справу на вытворчасці.
“Гэта дэталі. У цэлым усё значна глыбей, — патлумачыла “Расійскай газеце” дырэктар камунальна-будаўнічага тэхнікума Святлана Калініна. — Сярод галоўных задач кластара — распрацоўка і ўзгадненне асноўных і дадатковых адукацыйных праграм, вучэбных дысцыплін, прафесійных модуляў. Што тычыцца практыкі, зараз мы будзем рабіць стаўку на тое, каб нашы студэнты сумяшчалі вучобу з работай на прадпрыемствах”.
Вакол гэтага тэхнікума сфарміраваны будаўнічы кластар. Кіраваць справамі ў ім будзе Саюз будаўнікоў Якуціі. Сваю дзейнасць аб’яднанне пачынае з ключавых пытанняў. У першым квартале гэтага года, напрыклад, запланавана прааналізаваць адукацыйныя праграмы і распрацаваць прапановы па адкрыцці новых спецыяльнасцей, у якіх мае патрэбу галіна. Акрамя таго, будуць падрыхтаваны стажыровачныя пляцоўкі, у тым ліку і для выкладчыкаў.
Пра тое, што можа атрымацца з такога шчыльнага супрацоўніцтва навучальных устаноў і прадпрыемстваў, можна меркаваць па вопыце Мірнінскага рэгіянальнага тэхнічнага каледжа. У 2015 годзе ён стаў першай на Далёкім Усходзе арганізацыяй, узнагароджанай прэміяй урада Расійскай Федэрацыі ў галіне якасці. У аснове поспеху калектыву ляжыць якраз цеснае ўзаемадзеянне з работадаўцамі.
З моманту заснавання Мірнінскі каледж знаходзіцца ў сферы ўплыву алмазаздабыўной кампаніі, рыхтуе для яе кадры, жыве ў той жа атмасферы, што і любое з прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у яе структуру. Падобны клімат хочуць стварыць і ў іншых навучальных установах рэгіёна.
У XXI стагоддзі Якуція перажыла некалькі пікаў патрэбы ў спецыялістах. У асноўным гэта было звязана з прыходам у рэспубліку буйных нафтагазавых кампаній. І практычна ва ўсіх выпадках сістэма прафтэхадукацыі аказалася не гатовай задаволіць рэзка павялічаны попыт на тыя ці іншыя прафесіі. Вядома, з часам вакансіі запаўняюцца і мясцовымі жыхарамі, але невыпадкова адным з першых аб’ектаў на Талаканскім нафтагазакандэнсатным радовішчы стаў аэрадром. Завозіць сюды правераных вахтавікаў нафтавікам аказалася прасцей, чым спрабаваць шукаць работнікаў на месцы.
Падобныя пікавыя патрэбы ў кадрах рэгіён будзе перажываць неаднаразова. Важна іх не прапусціць. Але цесны кантакт з дзеючымі прадпрыемствамі і галінамі прадугледжвае падрыхтоўку спецыялістаў, патрэбных сёння, а не паслязаўтра. Каб гэты — імгненны — попыт не засланяў перспектыву, у склад кластараў уключаны профільныя міні-міністэрствы і ведамствы — іх ролю выконваюць прадстаўнікі галіновых органаў мясцовай улады.
“Толькі на пляцоўках тэрыторый апераджальнага развіцця ў нас плануецца стварэнне 4800 рабочых месцаў. Гэтыя тэрыторыі стануць унікальнай кропкай прыцягнення працоўных рэсурсаў у рэспубліку. Сістэма адукацыі павінна чуйна рэагаваць на патрэбы. У нас доўгатэрміновыя планы, і нам патрэбны кадры”, — заявіў намеснік старшыні ўрада Якуціі Аляксандр Салаўёў.
А вось што сказаў кіраўнік Рэспублікі Саха (Якуція) Ягор Барысаў: “Больш за 20 гадоў у сістэме прафесійнай адукацыі рэспублікі, на жаль, не праводзілася ніякіх дзеянняў па абнаўленні. Хто-небудзь чуў, каб нешта добрае адбывалася ў гэтай сферы, акрамя адкрыцця двух новых тэхнікумаў? Па вялікім рахунку, гэта вельмі адсталая сістэма, якая патрабуе вялікай увагі. Трэба прымаць меры, каб прыводзіць яе ў парадак”.
Пра актуальнасць праблемы падрыхтоўкі кадраў для эканомікі ў сістэме вышэйшай адукацыі гаворыць загадчык кафедры эканомікі прамысловасці РЭУ імя Г.В.Пляханава прафесар Андрэй Быстроў: “На жаль, мы назіраем элементы не толькі стагнацыі, але і сістэмнай дэградацыі нашых прамысловых сектараў эканомікі ў большасці галін. Але ж менавіта рэальны сектар эканомікі павінен забяспечваць фарміраванне найбольшай дабаўленай вартасці ў структуры валавога нацыянальнага прадукту краіны. Апошнія гады назіраецца парадаксальная сітуацыя. У нас вельмі шмат юрыстаў агульнага профілю, эканамістаў без спецыялізацыі, універсальных менеджараў — усе з’яўляюцца спецыялістамі ва ўсім. А ў чым канкрэтна? Незразумела! Самы вялікі конкурс сярод абітурыентаў ВНУ эканамічнага профілю на спецыяльнасці, якія прама не звязаны з канкрэтнай спецыялізацыяй кіраўніка або эканаміста”.
Між тым, лічыць Андрэй Быстроў, у сучасным грамадстве назіраецца трэнд на паляпшэнне якасці ўмоў жыцця чалавека, што надае інтэлектуальнасці і высокатэхналагічнасці ўсім вытворчым працэсам. Чалавецтва камфортна ўладкоўваецца ў гэтым свеце менавіта дзякуючы інжынерам і тэхнолагам у самых розных галінах.
Выйсце, на думку прафесара, у больш цесных сувязях эканамічных ВНУ з вытворцамі, чым яго кафедра і займаецца. “У нас ёсць практычныя сувязі з такімі кампаніямі, як “Растэх”, “Раснана”, “Раскосмас”. Мы рэгулярна праводзім выязныя заняткі на Маскоўскім верталётным заводзе імя М.Л.Міля. У якасці прафесараў на нашай кафедры выкладаюць кіраўнікі аўтарытэтных навукова-вытворчых аб’яднанняў, напрыклад, “Алмаз-Антэй” і іншых.
Акрамя таго, мы супрацоўнічаем з амерыканскім універсітэтам аэранаўтыкі “Эмбрыа-Рэдл”. Дарэчы, нядаўна прафесар гэтага ўніверсітэта чытаў у нас лекцыі па пытаннях фарміравання страртапаў у высокатэхналагічных галінах прамысловасці на прыкладзе аэракасмічнай і авіяцыйнай прамысловасці ЗША. Мы наогул імкнёмся выкарыстоўваць у нашых адукацыйных праграмах лепшы сусветны вопыт.
Апошнія дзесяцігоддзі наша грамадства жыло па законах, згодна з якімі сумленная прафесійная праца была абясцэнена. Толькі цяпер прыходзіць масавае ўсведамленне таго, што канкрэтная прафесія ў руках заўсёды цябе пракорміць. Мы рыхтуем менавіта такіх прафесіяналаў”.