Раскрыць патэнцыял кожнага

- 15:50Адукацыйная прастора

Даць запас ведаў, прывіць вучням пэўныя ўменні і навыкі — першачарговая задача для агульнай сярэдняй адукацыі, але ў сучасных рэаліях куды больш важна — развіваць індывідуальныя здольнасці, ствараць неабходныя ўмовы, сітуацыі поспеху для асобаснай самарэалізацыі навучэнцаў. Такога меркавання прытрымліваецца кіраўніцтва і педагагічны калектыў гімназіі № 3 Бабруйска. У гэтай навучальнай установе адукацыйны працэс будуюць з акцэнтам на дзіцячую асобу, а сваёй галоўнай мэтай педагогі лічаць максімальнае развіццё патэнцыялу кожнага вучня.

Не адораных дзяцей няма

— Не адораных дзяцей не бывае. Усе вучні па-свойму таленавітыя. Менавіта з гэтага мы і зыходзім, арганізуючы адукацыйны працэс. Прыярытэтным напрамкам дзейнасці ўсіх структурных пад­раздзяленняў гімназіі з’яўляецца ранняе выяўленне і развіццё патэнцыяльных магчымасцей і прыродных задаткаў навучэнцаў. Шляхам поспехаў і памылак, а таксама дзякуючы асабістай зацікаўленасці ўсіх настаўнікаў нам удалося сфарміраваць эфектыўны алга­рытм работы з адоранымі навучэнцамі, — расказвае намеснік дырэктара гімназіі па вучэбнай рабоце С.В.Севярын.

Паводле яе слоў, уся сіс­тэма работы будуецца на матывацыі і крэатыўнасці. У гімназіі створана асяроддзе, дзе навучэнцы мо­гуць знайсці сябе і рэалізаваць свае магчымасці. Сістэмнай работай ахоплены ўсе ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

— Фарміраванне інтэлектуальных здольнасцей актыўна адбываецца менавіта ў малодшым школьным узросце, таму ў нашай гімназіі вялікая ўвага ўдзяляецца ўключэнню навучэнцаў пачатковых класаў у праектную і творчую дзей­насць. Нароўні з гімназістамі яны пі­шуць і абараняюць свае праекты, удзельнічаюць у алімпіядным руху і інтэлектуальных спаборніцтвах, праяў­ляюць ініцыятыву і творчасць, — паведаміла Святлана Віктараўна.

Вучні малодшых класаў наведваюць факультатыўныя заняткі “Вучымся думаць творча”, асвойваюць праграмаванне і робататэхніку, займаюцца ў навуковым таварыстве “Малая Акадэмія” і падрыхтоўчым аддзяленні Цэнтра па рабоце з адоранымі навучэнцамі. Але ключавым момантам усё ж застаецца работа настаўнікаў пачатковых класаў. Менавіта яны абуджаюць у дзяцей цікавасць да творчага пошуку, самастойнага здабывання ведаў, вучаць іх крэатыўна мысліць і не баяцца цяжкасцей.

— Выхаваць кожнага вучня паспяховым. Менавіта гэта я і мае калегі бачым сваёй асноўнай задачай. Як мы яе рэалізоўваем? Працуем з усімі дзецьмі. У нашай гімназіі прытрымліваюцца правіла: не адораных дзяцей няма. Я таксама пераканана, што пэўнымі здольнасцямі валодае кожны вучань. Таму вучэбны працэс і яго псіхалагічнае забеспячэнне арганізоўваю з улікам індывідуальных асаблівасцей дзяцей, заўсёды імкнуся падтрымаць кожнага навучэнца і развіць яго таленты. Стараюся, каб урокі адрозніваліся разнастайнасцю, скіраванасцю на дыферэнцыяцыю і індывідуалізацыю. У сукупнасці з шырокай пазаўрочнай работай і ўзаемадзеяннем з бацькамі гэта прыносіць адпаведныя вынікі, — расказала настаўніца пачатковых класаў Т.С.Багамолава.

І сапраўды, ужо ў пачатковых класах навучэнцы гімназіі знахо­дзяць сябе. Адны паспяхова ўдзель­нічаюць у алімпіядах, другія — у творчых конкурсах, трэція — у спартыўных спаборніцтвах, хтосьці займаецца даследаваннямі і захоплены навукай, хтосьці — актывіст грамадскага жыцця і развівае свае лідарскія задаткі.

Упор — на інтэлектуальнае развіццё…

Самаразвіццё гімназісты паспяхова працягваюць і на наступных ступенях навучання, бо эстафету настаўнікаў пачатковых класаў падхопліваюць іх калегі.

— У сярэдняй і старшай школе нашы навучэнцы працяг­ваюць займацца праграмаваннем, робататэхнікай і тэхнічнай творчасцю, спрабуюць сябе ў літаратурнай творчасці на традыцыйных пася­джэннях гімназічнай літаратурнай кавярні, удасканальваюць свой узровень валодання замежнай мовай, наведваючы заняткі клуба “Паліглот” і ўдзельнічаючы ў фестывалі замежнай песні, дэманструюць свой крэатыў у Міжнародным конкурсе “Адысея Розуму”. З 2018 года ў гімназіі практыкуецца рэалізацыя практыка-арыентаваных праектаў. За гэты час вучні паспелі распрацаваць і ўвасобіць у жыццё такія праекты, як “Гарадок бяспекі”, “SMART-званок”, мабільны дадатак “Дом-школа-дом”, OpenStreetMap “Актуалізацыя даных па горадзе Бабруйску” і інш., — адзначыла С.В.Севярын. — На гэтым этапе прыярытэт надаём развіццю інтэлектуальных здольнасцей дзяцей. І тут важную ролю адыгрывае функцыянаванне Цэнтра па рабоце з адоранымі навучэнцамі і таварыства “Вялікая Акадэмія”, дзе хлопцы і дзяўчаты рыхтуюцца да ўдзелу ў алімпіядным руху і займаюцца даследчай дзейнасцю, — дадала Святлана Віктараўна.

Педагагічны калектыў гімназіі здолеў аб’яднаць традыцыйныя і сучасныя падыходы да навучання ў адзіную, цэласную сістэму. Кожны педагог імкнецца ства­раць на сваіх уроках сітуацыі поспеху для вучняў. Напрыклад, настаўніца анг­лійскай мовы Т.К.Вадап’янава, якая падрыхтавала не аднаго пераможца трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, дзвюх уладальніц 100-бальных сертыфікатаў на ЦТ, лічыць, што для развіцця здольнасцей адораных навучэнцаў педагогам неабходна змяніць свае ўнутраныя ўстаноўкі ў адносінах да дзяцей.

— Сучаснаму настаўніку трэба мяняць звыклы падыход, які задаецца наступнымі ролямі: “Я — настаўнік, аўтарытэт, ведаю ўсё па сваім прадмеце, маё меркаванне з’яўляецца вызначальным, ты — вучань, ведаеш мала і павінен слухаць мяне”. Сёння неабходныя наступныя ролі ў зносінах: “Мы партнёры, наш статус роўны, няма абсалютных ісцін, існуюць розныя падыходы да вырашэння праблем, і мы разам гатовы іх абмяркоў­ваць”, — упэўнена Таццяна Канстанцінаўна.

Па яе меркаванні, раскры­ваць патэнцыял адораных дзяцей дапамагае таксама прынцып развіццёвага навучання. Педагог павінен імкнуцца да таго, каб дзеці не проста засвойвалі веды, а развівалі свае асабістыя якасці. Для гэтага настаўніку неабходна стаць арганізатарам і натхняльнікам самастойнай вучэбна-пазнавальнай і творчай дзейнасці навучэнцаў.

— Варта таксама выконваць прынцып уліку ўзроставых магчымасцей. І, канечне, не забывацца пра індывідуалізацыю і дыферэнцыяцыю навучання. Тады і дасягненні вучняў не прыму­сяць сябе доўга чакаць, — падкрэсліла Т.К.Вадап’янава.

А вось на думку яе калегі, настаўніцы матэматыкі А.Ю.Жыркевіч, на рахунку якой падрыхтоўка пераможцаў нават міжнародных алімпіяд, педагогу важна здолець абу­дзіць разумовы працэс вучня. Алена Юр’еўна дасягае гэтага, выкарыстоўваючы падчас заняткаў метад “дзіцячага эксперыменту”, даследчы, пошукавы, праблемны, мадэль­ны метады. Сутнасць гэтых методык у тым, што вучні сутыкаюцца з праблемнай сітуацыяй, а пасля самі вызначаюць, які матэрыял яны не ведаюць, што павінны паўтарыць для вывучэння новай тэмы, складаюць алгарытм для вырашэння вучэбнай задачы.

— Матэматычныя сачыненні, выкарыстанне прыказак, крыжаванак, кадзіраванне адказаў да заданняў, выкарыстанне прыёмаў “наўмыснай памылкі”, канкрэтнай сітуацыі, “тоўстых” і “тонкіх” пытанняў, “эфекту 30 секунд”, метаду “мазгавога штурму”, прынцыпу Хаджы Насрэддзіна — “хай тыя, хто ведае, раскажуць тым, хто не ведае”, прынцыпу Сарока-Расінскага — “менш настаўніка — больш вучня”, складанне задач на зададзеную тэму і па аналогіі, чытанне малюнкаў і графікаў, выраб мадэляў, прымяненне метаду харавых адказаў — гэта далёка не поўны пералік тых “педагагічных фішак”, якія актывізуюць разумовыя працэсы навучэнцаў, дапама­гаюць ім набываць вопыт у крэатыўнай і кагнітыўнай дзейнасці. Акрамя гэтага, я ўвесь час праводжу заняткі-пагружэнні, практыкую заняткі, якія вя­дуць вучні, навуковыя спрэчкі, заняткі па пошуку ісціны, — паведаміла А.Ю.Жыркевіч.

Ужо на этапе падрыхтоўкі да ўдзе­лу ў алімпіядах Алена Юр’еўна асаблівы ўпор робіць на максімальную самастойнасць вучняў, рэалізацыю прынцыпу актыўнасці ведаў. Вельмі значным А.Ю.Жыркевіч лічыць матывуючае слова і падтрымку настаўніка. Яе парады, як і практычныя напрацоўкі, бя­руць пад увагу іншыя педагогі гімназіі. Наогул, у гэтай навучальнай установе настаўнікі знаходзяцца ў рэжыме пастаяннага абмену эфектыўным вопытам.

…і даследчую дзейнасць

Педагогі трэцяй бабруйскай гімназіі перакананы: схільнасці да даследаванняў закладзены ў кожным без выключэння вучні. Ва ўсіх ёсць дапытлівасць, пастаяннае імкненне назіраць і эксперыментаваць, самастойна шукаць новыя звесткі пра навакольны свет. Але як зацікавіць, захапіць дзяцей даследчай дзейнасцю, як пасля прывесці іх праекты да поспеху?

— Гэтую работу трэба право­дзіць метадычна, паэтапна і ненадакучліва. Найлепшым чынам тут дапаможа выкарыстанне праектнай тэхналогіі, — упэўнена настаўніца гісторыі гімназіі І.В.Лазаковіч. — З дапамогай гэтай тэхналогіі можна не проста навучыць дзяцей самастойнасці, далучыць іх да даследчай дзейнасці, але і навучыць іх быць паспяховымі!

Падрыхтоўку вучняў да даследчай дзейнасці Ірына Віктараўна пачынае падчас урокаў. На занятках настаўніца стварае праблемныя сітуацыі і падводзіць вучняў да пастаноўкі даследчай задачы ці праблемы. Іх фармуляванне адбываецца ў працэсе ўсведамлення навучэнцамі інтэлектуальнай складанасці, жадання яе пераадолець.

— Падчас такой работы дапамагаю вучням правільна вызначыць прадмет, мэты і задачы даследавання, сістэматызаваць матэрыял, зрабіць высновы і абагульненні. Тэма даследавання заўсёды вызначаецца згодна са схільнасцямі і інтарэсамі навучэнцаў. А яшчэ важна, каб даследаванне стала адкрыццём для вучня, актывізавала яго цягу да ведаў, раскрыла яго здольнасці, — патлумачыла І.В.Лазаковіч.

Вялікі стымул да даследаванняў гімназістам дае дзейнасць ва ўстанове навуковага таварыства. Вучні малодшых класаў займаюцца даследаваннямі ў “Малой Акадэміі”, тыя, хто вучыцца ў 5—11- х класах — у “Вялікай Акадэміі”. У гэтых аб’яднаннях дзеці не толькі займаюцца навуковым пошукам і эксперыментамі, але і ўпершыню прадстаўляюць вынікі сваіх праектаў. У гімназіі штогод праходзяць некалькі навуковых міні-канферэнцый, на якіх вучні могуць публічна расказаць пра свае даследаванні.

— Для нашых юных даследчыкаў гэтыя сустрэчы — свое­асаблівая трэніроўка перад аналагічнымі выступленнямі ўжо на рэальных конкурсах. Такая “рэпетыцыя”, як правіла, дае высокі вынік, — падкрэсліла намеснік дырэк­тара гімназіі па вучэбнай рабоце С.В.Севярын.

Выдатныя дасягненні

У гімназіі № 3 Бабруйска стварылі атмасферу, якая ўвесь час трымае дзяцей у інтэлектуальным пошуку, дае ім магчы­масць паспрабаваць сябе ў розных відах дзейнасці і галінах навукі. Як вынік — яны дэманструюць значныя дасягненні ў вучобе.

Гімназісты рэгулярна прыво­зяць у родную навучальную ўстанову прызавыя дыпломы са спаборніцтваў і конкурсаў рознага ўзроўню. Яны неаднаразова заваёўвалі пераможныя медалі на міжнародных алімпіядах, неаднойчы былі прызёрамі алімпіяды Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць”. Штогод навучэнцы гэтай установы становяцца пераможцамі заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, часта перамагаюць на абласным і заключным этапах рэспубліканскага конкурсу даследчых работ. Адметна, што гімназісты — пастаянныя прызёры яшчэ і творчых конкурсаў, разнастайных спартыўных спаборніцтваў.

Як запэўніла намеснік дырэктара гімназіі С.В.Севярын, плённа працаваць над развіццём сваіх вучняў педагагічны калектыў навучальнай установы плануе і надалей.

— Усебаковае раскрыццё дзіцячых здольнасцей мы лічым сваёй прыярытэтнай мэтай. Нягледзячы на ў цэлым станоўчую сіс­тэму работы, у нас ёсць і пэўныя недапрацоўкі. Мы іх бачым і выпраўляем. Прычым выпраўляем сумесна, выслухоўваючы меркаванні і прапановы настаўнікаў, навучэнцаў, бацькоў. Разам імкнёмся да ўдасканалення асяроддзя, стварэння неабходных умоў для рэалізацыі патэнцыялу кожнага дзіцяці.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.