Разабрацца непрадузята і кампетэнтна

- 11:04Інфармацыйная гадзіна

Абнародаваны вытрымкі з пісьма Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў адрас прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта Томаса Баха ў сувязі з сітуацыяй вакол судзейства выступлення беларускага фрыстайліста Антона Кушніра на Алімпіядзе ў Пхёнчхане.

“Уся беларуская спартыўная грамадскасць, а таксама прадстаўнікі міжнароднай супольнасці, вядучыя спартсмены і спецыялісты фрыстайла сыходзяцца на думцы, што такое дзеянне мела на мэце адхіленне аднаго з лідараў сусветнага ўзроўню ад удзелу ў заключнай стадыі спаборніцтваў”, — гаворыцца ў пісьме.

У ім таксама змешчана просьба да Томаса Баха як прафесіянала і гаранта захавання міжнародна прызнаных прынцыпаў алімпізму аператыўна прыняць усе меры і забяспечыць непрадузятае і кампетэнтнае даследаванне выступлення Антона Кушніра ў духу вышэйшай спартыўнай справядлівасці фэйр-плэй.

Аб накіраванні адпаведнага пісьма кіраўніцтву МАК Прэзідэнт Беларусі расказаў журналістам пасля ўдзелу ў галасаванні на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. “Мне давялося ноччу падняць па трывозе МЗС, задзейнічаць Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Карэя. Накіраваць неадкладна ўрадавую тэлеграму ў адрас Баха. Выказаў яму ўсё, як я думаю, у мяккай форме. Мы гэта абнародуем. Мы хаваць гэта не будзем”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі лідар падкрэсліў, што прэтэнзіі ў адрас кіраўніцтва МАК былі падпісаны ім не толькі як прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта, але і як кіраўніком дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама не выключыў свайго ўдзелу ў адной з маючых адбыцца сесій МАК, дзе абмяркоўваліся б гэтае і іншыя праблемныя пытанні, якія ўзніклі ў міжнародным спорце. “Думаю, што мне трэба пабываць там у найбліжэйшы час, каб гэтае соннае палітызаванае царства крыху разварушыць. Занадта добра жывецца. Дзеляць гэтых людзей загадзя па рангах і пачынаюць дзяліць медалі: хто мацнейшы палітычна, той і атрымлівае медаль. Так быць не павінна!” — падкрэсліў беларускі лідар.

Гаворачы аб выступленні Антона Кушніра і несправядлівым судзействе, прэзідэнт сказаў: “Яны проста, шчыра вам скажу як чалавек, які крыху ў гэтым разбіраецца, выкінулі галоўнага канкурэнта з фіналу”. Сярод членаў судзейскай калегіі былі ў тым ліку прадстаўнікі Расіі, Кітая і Швейцарыі. “Усе яны працягнулі ў фінал сваіх спартсменаў”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы.