Скончыліся школьныя канікулы, вясёлыя і цёплыя, забаўляльныя і пазнавальныя, са мноствам прыгод і ўражанняў. Пачынаецца новы навучальны год. Радуюць новая школьная форма, новыя падручнікі, ранцы, сшыткі, нататнікі, фламастары і шмат-шмат іншых цікавых і карысных рэчаў. Але перш за ўсё новы навучальны год — гэта новыя класы і групы, новыя прадметы і сябры, новыя заданні і цяжкасці, новыя патрабаванні і дасягненні, новыя магчымасці і выпрабаванні, надзеі і чаканні. Пасталелыя вучні і іх бацькі, адпачыўшыя настаўнікі і кіраўнікі ідуць вучыць і вучыцца. Уся краіна ідзе ў паход за ведамі: школьнікі і студэнты, настаўнікі і прафесары, адвакаты і дэпутаты, інжынеры і пенсіянеры. Пачынаецца новы навучальны год і для бацькоў. Яны таксама будуць увесь год вучыцца разам са сваімі дзецьмі, вучыцца разумець іх і дапамагаць ім станавіцца больш разумнымі і добрымі, больш адказнымі і кампетэнтнымі. Сёння няма ў Беларусі чалавека, які ў гэтыя дні не думаў бы пра школу, пра тых, хто вучыць або ідзе вучыцца, не жадаў бы ім поспеху, усеагульнага прагрэсу і росквіту.
Вядома, вучоба — нялёгкая праца. У нашай краіне створаны добрыя ўмовы для вучобы. Кожны беларус адчувае вялікую дзяржаўную падтрымку і ўвагу да сістэмы адукацыі. Любая інфармацыя сёння даступна дзецям і дарослым у самай маленькай вёсцы. Штодня тысячы педагогаў самааддана працуюць і вучацца. Урачы і журналісты, навукоўцы і кіраўнікі, работнікі сацыяльных службаў і праваахоўных органаў, грамадскіх арганізацый і вытворчых калектываў робяць вельмі шмат для дзяцей, для нашай будучыні. Прэзідэнт краіны А.Р.Лукашэнка на Рэспубліканскім педагагічным савеце асабліва падкрэсліў важнасць дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў. На заводзе “БелАЗ-Холдынг” праводзіцца акцыя “Дзеці — будучыня БелАЗа”. На нарадах пры генеральным дырэктары завода, на сходах працоўных калектываў заводскіх падраздзяленняў часта кажуць пра дзяцей, іх праблемы і формы супрацоўніцтва з педагогамі як у вырашэнні пытанняў прафарыентацыі, так і заводскіх кадравых праблем. Там рыхтуюць сваю змену штодня і мэтанакіравана праз далучэнне вучняў да каштоўнасцей працоўных калектываў, праз стымуляванне працоўных дынастый, арганізацыю прафесійных проб навучэнцаў, у тым ліку на працоўных месцах бацькоў. У гэтым перспектыўным руху ўдзельнічаюць рабочыя і інжынеры, канструктары і выпрабавальнікі, бухгалтары і эканамісты, начальнікі цэхаў і лабараторый, генеральны дырэктар і яго намеснікі.
Намеснік генеральнага дырэктара па інфармацыйнай і ідэалагічнай рабоце завода гаворыць: “Нам патрэбны не проста спецыялісты, а тыя, хто любіць сваю справу, хто ўмее вучыцца і перавучвацца, лёгка адаптавацца да новай тэхнікі і новых патрабаванняў”. Пасля такіх наведванняў і адкрыцця сваіх бацькоў з новага боку, глыбокага асэнсавання важнасці і каштоўнасці іх працы вучні сярэдняй школы № 4 Жодзіна кажуць: “Мы ніколі не думалі, што гэта так цікава — быць рабочым. Яны так віртуозна кіруюць найскладанейшымі сучаснымі станкамі!” Ці не таму па выніках мінулага навучальнага года гэтая школа ў 2 разы перавысіла паказчыкі паступлення вучняў у прафесійныя ліцэі? Прычым выбар быў усвядомлены. Лозунг завода і кожнага яго работніка: “На працу — з радасцю, з працы— з гордасцю”. Дзецьмі ён засвойваецца з малых гадоў.
Пра што думаюць напярэдадні новага навучальнага года ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, пра што мараць, чаго чакаюць, на каго спадзяюцца, якія ставяць мэты, да чаго імкнуцца? Да чаго гатовыя тыя, хто давярае і правярае, хто стымулюе і натхняе?
Даша Бурлуцкая, вучаніца 8 класа гімназіі № 7 Мінска: “Чаго я чакаю ад новага навучальнага года? Чакаю новага, цікавага, зносін, новых поспехаў і перамог у вучобе, у творчасці, на алімпіядах і ў розных конкурсах. Хачу павысіць узровень сваіх ведаў па ўсіх прадметах, каб быць задаволенай сабой і сваімі вынікамі. Хачу навучыцца лепш разумець аднакласнікаў і дапамагаць ім лепш вучыцца. Хачу ўдасканальваць свае навыкі ў маляванні, для гэтага планую паступіць у адпаведную школу”.
Коля з 6 класа (школу не назваў): “Не вельмі хачу ў школу. Зноў рана ўставаць, зноў урокі, дамашнія заданні… Ні тэлевізар паглядзець, ні ў футбол пагуляць… Пра што мару? Каб урокаў было менш, а камп’ютара больш”.
Ілья Гонтараў, вучань 11 класа гімназіі № 3 Мінска, старшыня гімназічнага клуба “Дэбаты”, член лігі маладых выбаршчыкаў: “Буду працягваць грамадскую працу, імкнуцца да высокага ўзроўню ведаў, каб паспяхова здаць ЦТ, выбраць прафесію па душы, хутчэй за ўсё, звязаную з матэматыкай, фізікай і новымі тэхналогіямі, каб настаўнікі і бацькі маглі ганарыцца мной”.
Л.А.Мешчаракова, настаўніца гісторыі гімназіі № 3 Мінска: “Думаю, як выклікаць цікавасць да вучобы, да ўрокаў гісторыі, асабліва гісторыі Беларусі, як зрабіць бацькоў сваімі аднадумцамі і як дапамагчы ім стаць паспяховымі і адказнымі. У гэтым годзе мы з вучнямі абавязкова працягнем цікавую работу нашага клуба “Дэбаты”.
Н.Г.Несцяровіч, класны кіраўнік 5 “Б” класа сярэдняй школы № 138 Мінска: “Рыхтуюся, хвалююся, мару пра давер і дзяцей, і бацькоў, мару аб узаемаразуменні і ўзаемадапамозе, сумесных справах і вялікіх поспехах кожнага дзіцяці і ўсіх бацькоў, дакладней, пра асобаснае развіццё кожнага і пра агульны поспех”.
Маці вучаніцы 9 класа сярэдняй школы № 87 Мінска: “Буду старацца не перашкаджаць дачцэ шукаць сябе, выкарыстоўваць шырокія магчымасці школы і сталічнага соцыуму, пастараюся дапамагчы зрабіць правільны выбар з прыцэлам на будучую прафесію і паспяхова здаць экзамены за 9 клас. Буду дапамагаць і ва ўсім падтрымліваць”.
***
Пра тое, што дапаможа ажыццявіць вышэйназванае, і пачнецца размова на першых арганізацыйна-дзелавых сустрэчах настаўнікаў з бацькамі. Гэтая сустрэча вядзе рэй, настройвае на ўвесь навучальны год. Класныя кіраўнікі, вядома, раскажуць пра ўзроставыя асаблівасці дзяцей кожнага класа, асаблівасці вучэбных праграм і іх патрабаванні, пра крытэрыі ацэнкі вучэбных і творчых дасягненняў, агучаць крытэрыі выхаванасці і асобаснага развіцця вучняў, падкажуць, як дапамагчы дзецям адаптавацца да школы, класа, да настаўнікаў і новых абавязкаў. Самы час нагадаць пра бяспеку, рэжым дня і харчавання, магчымасці школы і соцыуму для гарманічнага развіцця навучэнцаў, ролю і адказнасць бацькоў. Бацькі — першыя і галоўныя выхавальнікі свайго дзіцяці. Так задумана прыродай. І ў кожнага чалавека ёсць прыродная здольнасць і патрэба гадаваць, любіць і выхоўваць сваіх дзяцей. На жаль, са з’яўленнем на свет дзіцяці бацькам не выдаецца адпаведнай інструкцыі.
Навукоўцы сцвярджаюць, што любыя здольнасці чалавека выяўляюцца і развіваюцца ў дзейнасці. Адсюль, каб быць паспяховымі і сучаснымі, бацькам трэба дзей-нічаць, вучыцца. Важна не спадзявацца на выпадак, не пускаць выхаванне і развіццё дзяцей на самацёк, а вучыцца мэтанакіравана, настойліва развіваць свае прыродныя педагагічныя здольнасці, каб разумець і дапамагаць свайму дзіцяці быць паспяховым і адпавядаць патрабаванням часу. Настаўніку важна выслухаць бацькоў, усе іх прапановы, пажаданні, адказаць на пытанні і натхніць на нялёгкую штодзённую, высакародную працу выхавальніка. Сучасныя таты і мамы не прымаюць натацый, патрабаванняў. Яны ў большай ступені маюць патрэбу ў дапамозе, падтрымцы, у спецыяльных ведах.
***
У некаторых установах адукацыі ў мінулым навучальным годзе для бацькоў былі арганізаваны вучэбныя заняткі, распрацавана сістэма выяўлення, сістэматызацыі і задавальнення іх індывідуальных адукацыйных запытаў. Большасць татаў і мам адгукнулася, актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы і нават правядзенні такіх заняткаў. Заняткі ў групах вядуць і псіхолагі, і класныя кіраўнікі, і настаўнікі-прадметнікі, а недзе і запрошаныя спецыялісты. Усё залежыць ад пажаданняў бацькоў. Паралельна вучацца і педагогі, засвойваючы тэхналогіі навучання дарослых, супрацоўнічаючы з больш паспяховымі бацькамі. Складана і настаўнікам, і бацькам. І цяжкасці не толькі ў неабходнасці змяніць традыцыйнае мысленне і стаўленне. Няпроста знайсці вольны час, бо трэба адпрацаваць нейкі алгарытм за вельмі кароткі тэрмін, ды і заняткі праводзяцца далёка не кожны дзень. Неабходна, каб бацькі давяралі настаўнікам і вельмі любілі сваіх дзяцей, мелі велізарную матывацыю стаць педагагічна дасведчанымі, вучыліся разумець сына ці дачку і ў патрэбны момант дапамагалі ім справіцца з маленькай вучэбнай або жыццёвай праблемай, не даводзілі да стрэсу, няўпэўненасці, бездапаможнасці, нервовасці і крызісу.
Некаторыя заняткі арганізоўваюцца па суботах. Рэалізацыя вялікай мэты — навучыць татаў і мам дапамагаць дзецям станавіцца паспяховымі і шчаслівымі — робіць паспяховымі і сучаснымі як настаўнікаў, так і бацькоў. Разам заўсёды лягчэй, чым у адзіночку. Магчыма, трэба распрацаваць канцэпцыю бесперапыннай псіхолага-педагагічнай адукацыі (або павышэння бацькоўскай кампетэнтнасці) бацькоў і арганізаваць віртуальную скарбонку іх ідэй і прапаноў па ўдасканаленні айчыннай сістэмы адукацыі. Калі перафразаваць вядомую прыказку “Адна галава — добра, а дзве — лепш” на школьны лад, можна сказаць: “Адна галава — добра, а шмат — лепш”.
Расказваючы бацькам пра асаблівасці адукацыйнага працэсу ў новым навучальным годзе, настаўнікі абавязкова падкрэсляць, якая цяпер, у інфармацыйную эпоху і стагоддзе нанатэхналогій, наша беларуская школа, што ў ёй змянілася, што з’явілася новага і якія патрабаванні да настаўнікаў, вучняў, узроўню іх кампетэнцый і асобаснага развіцця. Педагогі раскажуць, што ўсе школы ў той ці іншай ступені працуюць у інавацыйным рэжыме, прымяняючы ў адукацыйным працэсе самыя эфектыўныя інавацыйныя тэхналогіі і падыходы — сістэмны, кампетэнтнасны, асобасна арыентаваны і іншыя. У школе сёння актыўна ўкараняецца педагогіка разнастайных магчымасцей і інтарэсаў (прычым прастора магчымасцей для дзяцей пастаянна пашыраецца) і разам з тым — педагогіка індывідуалізаванай адукацыі. Бацькі павінны разумець не толькі ролю школы ў сучасным свеце, але і яе праблемы і цяжкасці. Школа вельмі хутка мяняецца, як і ўсё вакол. Мяняюцца і вучні — гэта ўжо іншае пакаленне з іншымі магчымасцямі і запытамі.
***
У новым навучальным годзе карысна яшчэ раз вярнуцца да тлумачэння магчымасцей 10-бальнай сістэмы ацэньвання, крытэрыяў ацэнкі вучэбных і творчых дасягненняў навучэнцаў. Трэба не дапускаць культу адзнакі, а спакойна тлумачыць, што вяртанне ўчарашняй сістэмы ацэньвання — гэта крок назад, тормаз развіцця сістэмы адукацыі і кожнага яе ўдзельніка. Гэта ўсё роўна, што адмовіцца ад сучасных тэлефонаў, ракет і самалётаў, бытавой, медыцынскай і сельскагаспадарчай тэхнікі. Гэта супярэчыць і сістэмнаму, і кампетэнтнаснаму, і асобасна арыентаванаму падыходам. Неабходна падкрэсліць, што важнай з’яўляецца не столькі адзнака, колькі ацэньванне. Ні ў якім разе не трэба шкадаваць часу на каменціраванне.
У Германіі настаўнік, правяраючы кароткую творчую работу 6-класнікаў прыкладна на 1,5 старонкі, піша свой каментарый на дзвюх старонках, падкрэсліваючы станоўчыя бакі работы і тое, над чым і як трэба дадаткова папрацаваць. І ніколі бацькі не ўмешваюцца ў гэтую работу, таму што давяраюць настаўнікам. Важна, наколькі каментарый-ацэнка асобасна арыентаваны, наколькі ён стымулюе дзіця на работу над памылкамі, на самаўдасканаленне. Незадаволенасць многіх бацькоў тлумачыцца не столькі тым, што ў іх іншыя прафесіі, колькі тым, што яны не разумеюць сістэму ацэньвання ў школе. Калі яна ўводзілася, многія дарослыя яшчэ не былі бацькамі школьнікаў, ім ніхто не патлумачыў сутнасці згаданай сістэмы. За гэты час каштоўнасць якаснай адукацыі дзяцей узрасла ў вачах пераважнай большасці бацькоў. Але паняцце “якасць адукацыі” значна шырэйшае за паняцце “адзнака”.
У сувязі з патрабаваннямі некаторых бацькоў вярнуць пяцібальную сістэму ацэньвання напрошваецца выснова: нельга пакідаць незадаволенасць і неразуменне бацькоў па-за ўвагай, а трэба ўважліва выслухаць кожнага і разам шукаць рашэнні. У нашай краіне з талерантным народам і міратворчым іміджам важна кожнаму імкнуцца вырашаць праблемы, гасіць канфлікты, ператвараць негатыўныя эмоцыі ў пазітыўныя, а яшчэ важней засвойваць алгарытмы спакойнага вырашэння дробных праблем і непаразуменняў у сям’і, школе, пакуль яны не сталі цяжкавырашальнымі. Гэта задача настаўнікаў, адміністрацыі школ, метадыстаў, кіраўнікоў усіх узроўняў. І настаўнікам, і бацькам неабходна вучыцца слухаць, наладжваць зносіны, разумець іншых, спакойна адстойваць сваё меркаванне і разам шукаць вырашэнне праблем. Усяму гэтаму трэба абавязкова вучыць дзяцей. Будзем вучыцца разам, не адкладваючы гэтую задачу на пасля, бо залог поспеху ў любой справе — перш за ўсё своечасовасць.
Упэўнена, што толькі разам — намаганнямі ўлады, настаўнікаў, бацькоў, дзяцей, грамадскасці — можна зрабіць так, каб шлях у школу для кожнага быў лепшым у свеце. Толькі разам мы можам дапамагчы кожнаму стаць паспяховым і шчаслівым, а краіне — інтэлектуальна развітой і квітнеючай.
Віншую з новым навучальным годам! Усім поспехаў і росквіту!
Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ,
заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь,
метадыст Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.