Разам мы даб’ёмся большага!

- 12:23Якасць адукацыі

Дэлегацыя з Тамбоўскага мнагапрофільнага кадэцкага корпуса імя Героя Савецкага Саюза лётчыка-касманаўта СССР Л.С.Дзёміна наведала сярэднюю школу № 68 Мінска. Паміж установамі адукацыі, якія рэалізуюць агульныя мэты і задачы — выхоўваць падрастаючае пакаленне ў духу патрыятызму і грамадзянскасці, быў падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве.

У цырымоніі падпісання прынялі ўдзел прарэктар па міжнародным супрацоўніцтве і інфармацыйна-ідэалагічнай рабоце Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Таццяна Якаўлеўна Янушкевіч, намеснік начальніка крымінальна-выканаўчага факультэта Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь палкоўнік міліцыі Валерый Анатольевіч Жванскі, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Заводскага раёна Мінска Кацярына Генадзьеўна Станілевіч.

Сярэдняя школа № 68 з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па выхаваўчай рабоце (грамадзянска-патрыятычны напрамак). У мінулым навучальным годзе тут адбыўся 12-ы выпуск класаў прававой накіраванасці. А пачыналася ўсё з таго, што ў 2003 годзе на аснове дагавора аб супрацоўніцтве з Акадэміяй МУС былі адкрыты класы прававой накіраванасці. Тут добра разумеюць, што, каб выхаваць чалавека творчага і таленавітага, які любіць родных і блізкіх, сапраўднага грамадзяніна сваёй краіны, неабходна не толькі развіваць веды, уменні, навыкі, але і ствараць цэласную сістэму выхаваўчай работы, накіраваную на фарміраванне гарманічнай, рознабаковай, высокамаральнай асобы навучэнца.

— Мы ўпершыню заключаем такі міжнародны дагавор з агульнаадукацыйнай школай, — адзначыў дырэктар мнагапрофільнага кадэцкага корпуса М.Я.Хвораў. — Ужо ёсць ідэі цікавых сумесных праектаў. Напрыклад, хочам правесці вочна-завочную навукова-практычную канферэнцыю “Кадэцтва: учора, сёння, заўтра”. Арганізаваць суправаджэнне такога мерапрыемства можна з дапамогай дыстанцыйнага курса “Віртуальны метадычны кабінет сярэдняй школы № 68 Мінска”.

У працэсе абмеркавання сумеснай дзейнасці, а таксама ў сувязі з падрыхтоўкай да 950-годдзя Мінска і 80-годдзя Тамбоўскай вобласці для выяўлення і падтрымкі таленавітых і адораных дзяцей і падлеткаў і іх педагогаў з галіны літаратурнай творчасці і краязнаўства, выхавання любові да сваёй малой радзімы, умацавання сяброўства і супрацоўніцтва бакі дамовіліся аб правядзенні Міжнароднага конкурсу літаратурнай творчасці “Што я ведаю пра родны горад”. Рэгламент правядзення конкурсу, палажэнне і патрабаванні да конкурсных работ размешчаны на афіцыйных сайтах устаноў.

У гэты ж дзень адбыўся ўрачысты прыём у кадэты навучэнцаў 5 “Б” класа сярэдняй школы № 68 Мінска. Для ўдзельнікаў сустрэчы была арганізавана экскурсія “Беларускі каляндар” (у школьным музеі Беларускай нацыянальнай культуры), падрыхтаваная кіраўніком музея С.А.Панкрашовай. Экскурсію правялі навучэнцы ўстановы. Спектакль “Ад роднага парога пачынаецца дарога…” (аўтар сцэнарыя і рэжысёр-пастаноўшчык Г.П.Ціцянкова) прадставілі навучэнцы 3, 7 і 9 класаў.

Пасля заканчэння сустрэчы ў знак наладжвання сяброўскіх адносін госці ўручылі мінскай школе сцяг Тамбоўскай вобласці і ікону Святога Піцірыма Тамбоўскага. М.Я.Хвораў уручыў медаль “20 гадоў кадэцкаму корпусу імя Л.С.Дзёміна” дырэктару школы № 68 В.У.Нямковіч і намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Л.Я.Зязетка за ўклад, унесены ў наладжванне кантактаў паміж навучальнымі ўстановамі.

Расійскім гасцям была прэзентавана дзейнасць Паста № 1 Мінска, адзначана спецыфіка арганізацыі і нясення Ганаровай вахты памяці і рэалізацыі выхаваўчага праекта “Паставец” у сталіцы. Пасля заканчэння сустрэчы была праведзена экскурсія на плошчы Перамогі і ўскладзены кветкі да Вечнага агню.

Людміла ЗЯЗЕТКА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 68 Мінска.