Выстава сумеснай творчасці бацькоў і выхаванцаў ясляў-сада № 6 Мастоў — добрая традыцыя напярэдадні святкавання Новага года.
Творчасць дзяцей — гэта чароўны свет, у якім цікава ўсім — і самім дзецям, і дарослым. Бацькі яшчэ не ведаюць, кім будзе дзіця, калі стане дарослым, але ім хочацца развіць яго творчыя здольнасці, выхаваць спагадлівасць да ўсяго прыгожага ў жыцці, прывіць любоў да мастацтва. Ужо пачынаючы з малодшага дашкольнага ўзросту дзеці ў працэсе зносін з дарослымі аддаюць перавагу прадукцыйнай дзейнасці. Даўно вядома, што сумесная творчасць дзяцей і бацькоў фарміруе добрыя даверлівыя адносіны паміж імі, аказвае станоўчы ўплыў на развіццё дзіцяці і прывучае яго супрацоўнічаць. Сумесны творчы працэс бацькоў і дзяцей стымулюе ўсебаковае развіццё дзіцяці, удасканальвае маторныя навыкі, фарміруе ўяўленне, раскрывае творчы патэнцыял. Акрамя гэтага, гэта яшчэ цікавае і займальнае баўленне часу.
Бацькі нашых выхаванцаў актыўна ўдзельнічаюць у жыцці дашкольнай установы, што збліжае педагогаў і бацькоў, бацькоў і дзяцей. Вось і сёлета напярэдадні Новага года ў рамках акцыі “Нашы дзеці” была аформлена выстава сумесных работ выхаванцаў і іх бацькоў “Мы сустракаем Новы год”. Здзіўляе невычэрпная фантазія бацькоў і дзяцей, разнастайнасць, непаўторнасць кожнага вырабу, зробленага сваімі рукамі. Няхай асноўная работа па стварэнні такіх вырабаў часта ляжыць на старэйшых членах сям’і, але дзеці з кожным наступным вырабам уносяць больш свайго асабістага працоўнага ўдзелу і вельмі ганарацца вынікам сумеснай з бацькамі творчасці. Радуе, што выхаванцы з павагай і гордасцю разглядаюць не толькі свае вырабы, але і работы сваіх аднагодкаў. У выніку сумеснай работы дзеці становяцца больш адкрытымі, разняволенымі, развіваюць зносіны паміж сабой. Афармленне выставы спрыяе збліжэнню педагогаў, выхаванцаў і іх бацькоў, а дашкольную ўстанову напаўняе святочнай атмасферай хатняй утульнасці.
Г.А.НЕНАДОВІЧ,
намеснік загадчыка ясляў-сада № 6 Мастоў Гродзенскай вобласці.