Разгледзець патэнцыял юных навукоўцаў

- 11:08Навіны рэгіёнаў

Развіццё інтэлектуальнай творчасці навучэнцаў і далучэнне іх да навукова-даследчай дзейнасці — такія мэты канферэнцыі навукова-даследчых работ школьнікаў “Патэнцыял”. У гэтым годзе мерапрыемства адбылося 28 раз і прайшло з удзелам прадстаўнікоў Мінскай вобласці.

Прадстаўнікі сярэдняй школы № 11 Слуцка на канферэнцыі.

XXVIII Адкрытая маскоўская інжынерная канферэнцыя школьнікаў “Патэнцыял” сабрала на базе Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта “Маскоўскі энергетычны інстытут” 550 юных навукоўцаў з Расіі і Беларусі. Удзельнікам прапаноўвалася 18 прадметных секцый, каб прадставіць вынікі сваёй даследчай дзейнасці.

Навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці кожны год бяруць у­дзел у гэтай прэстыжнай канферэнцыі і дасягаюць там поспехаў. Не стаў выключэннем і іх удзел сёлета.

Каманда з трох чалавек прадстаўляла на канферэнцыі Нясвіжскі раён. Усе яны вярнуліся дадому з узнагародамі. Дыплом І ступені атрымала Настасся Плакса, навучэнка Ланскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Яна прадставіла на суд журы секцыі “Фізіка” сваё “Даследаванне электрагідраўлічнага ўдару”. Дапамагаў дзяўчыне ў рабоце над даследаваннем настаўнік фізікі А.А.Атліванчык. Дзве дзяўчыны з Гарадзеі прадстаўлялі на канферэнцыі тры работы. За дзве з іх яны былі ўзнагароджаны заахвочвальнымі дыпломамі. Яна Гецман адзначана за работу “Вызначэнне экалагічнага стану сажалак палёў фільтрацыі ААТ “Гарадзейскі цукровы камбінат” шляхам біяіндыкацыі”. Таксама дыпломы ўручаны Яне Гецман і Алене Галабокавай за сумесны “Праект практычных мера­прыемстваў “Цудоўнае далёка пачынаецца сёння”. Абедзве дзяўчыны вучацца ў сярэдняй школе № 2 Гарадзеі, кіраўнік іх работ — настаўніца геаграфіі В.Я.Вайтовіч.

Гонар Слуцкага раёна абаранялі навучэнцы сярэдняй школы № 11 горада. Цімафей Стамброўскі і яго настаўнік Д.В.Чарноў падрыхтавалі для выступлення на канферэнцыі “Інтэрактыўны STEM-падручнік па фізіцы з выкарыстаннем робататэхнікі”. А Настасся Крыўленя і Артур Царыковіч прадставілі сумесны праект Phone Paint Detector і ўзнагароджаны за яго дыпломам I ступені. Гэтае дасягненне стала магчымым пад кіраўніцтвам педагога У.А.Жука.

Дыплом ІІ ступені — узнагарода навучэнкі Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Аляксандры Лагуновай. Сваё даследаванне “Пошук спосабу экспрэс-ацэнкі гетэрозісу капусты белакачаннай на ранніх стадыях развіцця” яна рабіла пад кіраўніцтвам настаўніка С.А.Конюх-Сініцы.

“Бронзавую” ўзнагароду атрымала вучаніца сярэдняй школы № 4 Чэрвеня Паліна Сламянец за даследаванне “Змена відавога складу экасістэмы возера Натальеўскага горада Чэрвеня” пад кіраўніцтвам педагогаў С.Л.Хартановіч і В.Г.Шчурок.

Традыцыйна канферэнцыя прадугледжвала не толькі работу прадметных секцый, але і мерапрыемствы пазнавальнага, развіццёвага і метадычнага характару. Напрыклад, удзельнікі маглі наведаць лекцыі і майстар-класы па біямедыцыне, энергетыцы, прыкладной фізіцы, хіміі, радыёэлектроніцы, робататэхніцы. Работа канферэнцыі дазволіла разгледзець патэнцыял юных навукоўцаў, заахвоціць моладзь і далей займацца даследчай дзейнасцю.

Дар’я РЭВА.
Фота з уласнага архіва ўдзельнікаў канферэнцыі