“Разумная” цяпліца для вешанак і трутавікоў

- 11:45Навука і інавацыі

Гомельскія студэнты вырошчваюць лекавыя грыбы пры дапамозе камп’ютарных тэхналогій

Лекавыя ўласцівасці грыбоў вядомы чалавецтву з даўніх часоў, але цікавасць да іх вывучэння захоўваецца і сёння. Вялікай папулярнасцю сярод студэнтаў біялагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны карыстаецца гурток “Эксперыментальная мікалогія”. Кіруе навуковым напрамкам дацэнт кафедры лесагаспадарчых дысцыплін кандыдат сельскагаспадарчых навук Вячаслаў Труханавец. 

Вячаслаў Труханавец з магістранткай кафедры лесагаспадарчых дысцыплін Дзіянай Плашчынскай у цяпліцы.

Гурток для апантаных даследчыкаў

Заняткі ў гуртку “Эксперыментальная мікалогія” праводзяцца ў межах студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Лясы Беларусі”. Студэнты прымаюць удзел у даследаваннях пачынаючы з 2 курса. Спецыяльна распрацаваная навуковая праграма накіравана на паступовы, паэтапны рух ад простых даследаванняў у невялікай групе да больш складаных, індывідуальных, самастойных.

Вячаслаў Труханавец звяртае ўвагу на тое, што асноўная мэта заняткаў — пазнаёміць студэнтаў з разнастайным светам грыбоў, выпрацаваць у іх навыкі самастойнага практычнага вядзення навукова-даследчай работы ў галіне мікалогіі, у прыватнасці, прамысловага і аматарскага грыбаводства.

— Работа ў гуртку грунтуецца на калектыўным і індывідуальным падыходзе, пры гэтым студэнт спачатку працуе ў невялікай групе, асвойвае навыкі правядзення мікалагічных работ, затым, як правіла, самастойна, — удакладняе даследчык. — У абавязковым парадку ў нас выконваецца прынцып пераемнасці: шматгадовыя работы студэнта па тэматыцы звязаны паміж сабой і дазваляюць выкарыстоўваць раней атрыманыя веды і ўменні для правядзення эксперыментаў на больш высокім узроўні. Вялікае значэнне надаецца арыентацыі на атрыманне станоўчага выніку. Гэта дазваляе падтрымліваць пастаянную цікавасць да творчага выканання даследаванняў.

Вячаслаў Труханавец адзначае, што тэматыка студэнцкіх даследаванняў вельмі разнастайная і плануецца з улікам актуальнасці і навізны, у асноўным па пытаннях штучнага вырошчвання ядомых і лекавых грыбоў. Адыгрываюць сваю ролю і матэрыяльныя магчымасці ўніверсітэта. У ГДУ ёсць у наяўнасці калекцыя культур базідыяльных макраміцэтаў, аўтаклаваў, тэрмастаты, кліматычныя камеры для атрымання пладовых цел грыбоў і іншае лабараторнае абсталяванне.

Студэнты ўдзельнічаюць у выкананні навукова-даследчых праектаў, на падставе назапашанага матэрыялу рыхтуюць выступленні, навуковыя публікацыі, дыпломныя работы і праекты па штучным вырошчванні грыбоў, укараняюць свае даследаванні ў лесагаспадарчую вытворчасць.

Кіраванне гаспадаркай праз інтэрнэт рэчаў

Апошнім часам члены гуртка “Эксперыментальная мікалогія” далучыліся да сумеснага інавацыйнага праекта біялагічнага факультэта з факультэтам фізікі і інфармацыйных тэхналогій. У выніку міждысцыплінарнага ўзаемадзеяння быў распрацаваны тэхналагічны працэс вырошчвання сельскагаспадарчых культур ва ўмовах поўнай аўта­матызацыі. У аснову новага адукацыйнага модуля лёг праект аспіранта ГДУ сярэбранага прызёра V Міжнароднага конкурсу “Інтэрнэт+” Аляксея Зайцава “Хутар Мёбіуса”, які дазваляе кіраваць малой фермерскай гаспадаркай праз інтэрнэт рэчаў.

— Зараз цяпліца праходзіць тэставую падрыхтоўку да ўвядзення ў эксплуатацыю. Ужо зроблены мантаж электраабсталявання, усталяваны сервер і метэастанцыя, — расказвае Аляксей Андрэевіч. — Метэастанцыя можа вызначаць вільготнасць і тэмпературу паветра як на вуліцы, так і ў цяпліцы, а таксама атмасферны ціск, узровень асветленасці. Ёсць датчык дажджу.

У якасці эксперымента маладыя міколагі змясцілі ў цяпліцу субстратныя блокі, прарослыя міцэліем грыбоў “Вешанка ражковая”, “Вешанка Фларыдская”, “Трутавік лакіраваны” і “Герыцыум грабенчаты”.

— У нас ёсць невялікая калекцыя культываваных грыбоў, многія з якіх валода­юць лячэбным дзеяннем. У межах праекта мы ўпершыню паспрабуем вырошчваць іх у цяпліцы, — падкрэслівае Вячаслаў Труханавец. — Работа ў “разумнай” цяпліцы стане выдатнай практыкай пры засваенні студэнтамі курса “Недраўляная прадукцыя лесу з асновамі грыбаводства”. Яны змогуць на свае вочы назіраць, як адбываецца працэс вырошчвання грыбоў пры дапамозе камп’ютарных тэхналогій.

На аб’екце пры дапамозе мабільнага тэлефона ажыццяўляецца кантроль мікраклімату. У перспектыве тут будзе створана сістэма з аўтаматызаваным кіраваннем. Сярод існуючых магчымасцей цяпліцы — кіраванне асвятленнем (дзённае святло і фіта­лямпы), уключэнне паліву, вентыляцыя і ацяпленне. У хуткім часе плануецца абсталяваць канструкцыю відэаназіраннем. Такім чынам, з’явіцца магчымасць кантраляваць паказчыкі з экрана манітора.

Заняткі ў гуртку.

Цікавыя факты пра грыбы

Чым жа прывабліваюць студэнтаў даследаванні грыбоў, якія культывуюцца, чым цікавы іх свет? Прапануем некаторыя цікавыя факты пра грыбы, з якімі праводзяцца даследаванні ў гуртку.

Вешанка звычайная. Акрамя мікраэлементаў (медзь, цынк, жалеза, марганец) і макраэлементаў (фосфар, калій), змяшчае цэлы комплекс вітамінаў: А, С, D, групы РР, пантатэнавую кіслату і інш. Вешанка з’яўляецца ўніверсальным дыетычным прадуктам, бо ў ёй няма значнай колькасці хіціну, цалкам адсутнічае гарчычны алей і іншыя раздражняльныя рэчывы. Наяў­насць у вешанкі біялагічна актыўных рэчываў з супрацьпухліннай, імунамадулюючай, антывіруснай актыўнасцю робіць яе перспектыўнай для выкарыстання ў медыцынскіх мэтах. Акрамя таго, грыб дапамагае выводзіць з арганізма цяжкія металы і радыеактыўныя элементы. Спосабы культывавання вешанкі на драўніне простыя, танныя і зручныя для ўласнай гаспадаркі і дачнікаў. З аднаго асінавага адрубка можна атрымаць некалькі кілаграмаў грыбоў у перыяд да трох гадоў. А з адной тоны сухой саломы ў прамысловых умовах можна вырасціць да адной тоны свежых грыбоў.

Ленцінус ядомы (шыітаке). Яго называюць японскім чорным грыбам, грыбам даўгалецця, эліксірам жыцця. Выкарыстоўваецца ў комплекснай супрацьпухліннай тэра­піі, пры разнастайных імунадэфіцытных станах, валодае здольнасцю зніжаць халестэрын, выкарыстоўваецца як прафілактычны сродак для прадухілення вірусных і прастудных захворванняў. Лідарамі па вытворчасці і выкарыстанні шыітаке ўжо шмат гадоў застаюцца Японія, Кітай і Карэя. Гэтыя грыбы вырошчваюцца і знаходзяць шырокае прымяненне ў Канадзе, ЗША, Аўстраліі, Францыі, Германіі, Галандыі.

Трутавік лакіраваны валодае імунамадулюючым дзеяннем, паказвае высокую супрацьпухлінную, гепатапратэктарную, супрацьвірусную актыўнасць. Даследчыкамі ўстаноўлена наяўнасць у складзе пладовых цел трутавіка вялікай колькасці біялагічна актыўных рэчываў рознай хімічнай прыроды, якія валодаюць разнастайным тэрапеў­тычным дзеяннем. Прэпараты з пладовых цел, спор і міцэлію трутавіка лакіраванага заспакойваюць нервовую сістэму, паляпшаюць работу печані, нырак, праяўляюць імунастымулюючыя, антыаксідантныя і антыстрэсавыя ўласцівасці, дапамагаюць пры лячэнні хранічнага бранхіту, артрытаў, дыябету, вірусных захворванняў, палягчаюць стан хворых пасля хіміятэрапіі.

Герыцый шыпаваты (малпавая галава, барада старога) лічыцца ядомым грыбам і шырока распаўсюджаны ў Паўднёва-Усходняй Азіі (Кітаі і Японіі), Еўропе, Паўночнай Амерыцы. Ён належыць да экалагічнай групы дрэвазнішчальных грыбоў і расце на дубах, арэхах, клёнах і некаторых іншых шырокалісцевых пародах дрэў. Грыб валодае не толькі выдатнымі смакавымі якасцямі і прыемным водарам, але і лячэбнымі ўласцівасцямі: прэпараты з герыцыя праяўляюць супрацьпухлінную актыў­насць, дапамагаюць пры хранічным гастрыце, язве і раку страўніка і стрававода, хранічным бранхіце, выкарыстоўваюцца для прафілактыкі хваробы Альцгеймера. У традыцыйнай кітайскай медыцыне герыцыем лечаць унутраныя органы, грыб стымулюе абменныя працэсы, паляпшае агульнае самаадчуванне.

Адметнай асаблівасцю грыбных прадуктаў з’яўляецца тое, што яны ўяўля­юць сабой “жывыя сістэмы”, якія валодаюць біялагічнай актыўнасцю і праяўляюць эфекты фізіялагічнага ўздзеяння. Перавагі функцыянальных прэпаратаў грыбнага паходжання відавочныя: яны натуральныя для арганізма чалавека і пры лішку сама­стойна выводзяцца з яго.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.