Разведчык з Кнігі вялікіх хімікаў

- 11:46Людзі адукацыі

У свае 93 гады акадэмік Уладзімір Сямёнавіч Камароў працягвае працаваць у Інстытуце агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і паказвае моладзі цудоўны прыклад эфектыўнай навуковай дзейнасці. Сярод яго вучняў 25 кандыдатаў і 3 дактары навук. Дзесяць гадоў назад імя акадэміка Камарова было запісана ў Кнігу вялікіх хімікаў свету побач з імёнамі Ламаносава, Мендзялеева і Нобеля. На лацкане святочнага касцюма вучонага — сем ордэнаў, а для ўсіх медалёў проста месца не хапае. Ваеннае ліхалецце будучы акадэмік сустрэў выпускніком невялікай сельскай школы на Магілёўшчыне. Мары аб прафесіі ваеннага медыка адышлі самі сабой. Як складваўся далейшы лёс юнака? Слова — Уладзіміру Сямёнавічу.

— Бацькі заўсёды прывучалі мяне да працы. Гэтая звычка — неабходная ўмова поспеху пры любой дзейнасці. Сям’я жыла ў вёсцы Княжыцы, недалёка ад Магілёва. Вучыўся я ў звычайнай сельскай школе. Усе прадметы мне даваліся лёгка, таму і адзнакі былі выдатныя. 10 клас закончыў у чэрвені 1941 года. Калі б вайна пачалася на некалькі дзён пазней, я паспеў бы падаць дакументы ў Ленінградскую ваенна-марскую медыцынскую акадэмію. Але страшэнная навала змяніла ўсе планы, і мяне разам з сябрамі прызвалі ў армію.
Спачатку накіравалі ў пяхотную роту, але затым я папрасіўся ў разведроту — такая служба падабалася больш. Разведчыкам быць няпроста. Кожныя 5 дзён трэба было здабываць языка. Гэта значыць злавіць фашыста і дацягнуць яго жывым да нашых акопаў. А папярэдне — размініраваць поле бою з нашага боку, пераадолець драцяную агароджу, зрабіць тое ж самае ў блізкай адлегласці ад нямецкага боку, а пасля адсачыць пэўнага немца, уварвацца ў варожую траншэю, звязаць яго і цягнуць да нашых байцоў. Пры гэтым амаль заўсёды завязваўся бой, у якім — цяжка гаварыць пра гэта — мы гублялі таварышаў, аднойчы паклалі нават палову разведроты.Памятаю, што задача для разведчыкаў пры першым маім заданні была нескладанай — высветліць, дзе знаходзяцца немцы і якое ў іх узбраенне. Спачатку па ўзаранай каляіне паўзлі праз поле. Але нас, навабранцаў, ніхто не папярэдзіў, што ў разведчыкаў форма адзення іншая, чым у пехацінцаў, што нам неабходна было яе памяняць. Таму, калі поўз, увесь час баяўся, што згублю штаны. Падняцца і падцягнуць іх не мог, адразу б кулю снайпера “злавіў”. Адчуваў сябе вельмі нязручна. Тым не менш дабраўся разам з усімі таварышамі да лесу, дзе мы і ўбачылі немцаў. Назіралі за імі цэлы дзень, затым з вынікамі назіранняў вярнуліся назад.

— За што вы атрымалі свой першы ордэн?
— Было гэта ў Прыбалтыцы. У нашу роту прыехаў камандзір дывізіі і папрасіў, каб мы даставілі языка. Двое сутак мы назіралі. Вызначылі, дзе знаходзяцца кулямётныя пункты — яны былі добра бачны, калі агонь вёўся ноччу. Нарэшце, дачакаўшыся трэцяй ночы, пайшлі. Толькі прабраліся за дрот з нашага боку, як трапілі ў залітую вадой варожую траншэю, якая знаходзілася ў нізіне. Пры назіранні мы яе не прыкмецілі. Побач былі сляды. Можна было спадзявацца на “ўлоў”. Сцішыліся і праз 5 хвілін сапраўды ўбачылі немца. Мы за яго і — ходу. У языка быў пісталет, але немец нават не спрабаваў супраціўляцца. Відаць, палон для яго быў за шчасце. Дапыталі праціўніка акуратна і ў лагер адправілі — жывым застаўся. Ён быў сувязным камандзіра нямецкай роты і паведаміў шмат каштоўнай інфармацыі: і нумар дывізіі, і ўзбраенне часцей, і хто іх камандзіры. Расказаў нават больш, чым чакалі: пра тое, дзе знаходзіцца варожы штаб, дзе размешчана артылерыя. На наступны дзень у штабе нашай дывізіі быў арганізаваны вечар у гонар разведчыкаў, з накрытымі сталамі, канцэртам. Байцы роты там жа былі ўзнагароджаны. Атрымаў і я, у свае 22 гады, ордэн Славы ІІІ ступені з прысваеннем звання малодшы сяржант. Было гэта ў 1944 годзе.

— Кажуць, узнагарода не заўсёды знаходзіць героя…
— Так, у мяне павінен быў быць і другі ордэн Славы. Пад Кёнігсбергам перад строем камандзір дывізіі аб’явіў аб узнагародах, у тым ліку і аб маёй. Але назаўтра загад: групам з разведчыкаў і сапёраў трэба ісці наперадзе танкаў і пяхоты, рабіць праходы ў мінных палях і драцяной агароджы. Мы рухаліся першымі, а штаб-дывізіі — за намі, за некалькі соцень метраў. Калі мы ўварваліся ў каменныя будынкі Кёнігсберга, нашы штаб-дывізіі з тылу атакавала нямецкая танкавая рота. Сцяг дывізіі байцам удалося выратаваць, але з астатніх дакументаў амаль нічога не засталося. Знішчаны былі і лісты ўзнагарод. Так я і не атрымаў свой ордэн Славы II ступені, аб якім абвяшчаў камандзір.
У войску служыў і пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны, да 1946 года. Быў узнагароджаны яшчэ ордэнам Чырвонай Зоркі за ўдзел у баях з японцамі.

— Як склаўся ваш лёс пасля дэмабілізацыі?
— Я паступіў на хімфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Спачатку марыў аб медінстытуце, нават дакументы туды падаваў, але воляй лёсу апынуўся ў БДУ. На курсе было 27 чалавек — 7 юнакоў, астатнія — дзяўчаты. Усіх студэнтаў размеркавалі па навукова-даследчых групах. Я трапіў да прафесара Старобінца, з ім прапрацаваў 5 гадоў. Вялікі след пакінуў гэты вучоны, шмат вядомых навукоўцаў ён выхаваў. За гады вучобы ва ўніверсітэце я надрукаваў 7 навуковых работ.
Пасля заканчэння ўніверсітэта мяне накіравалі ў аспірантуру Акадэміі навук у Інстытут хіміі. Пасля вайны ў навуцы было цяжка, не хапала сродкаў на рэактывы, абсталяванне. Кірунак маёй дзейнасці ў аспірантуры — высокамалекулярныя злучэнні. Такая тэма ў нашым інстытуце не практыкавалася, таму навуковым кіраўніком маёй работы быў прызначаны акадэмік Ліпатаў з Масквы — там прайшла і абарона кандыдацкай дысертацыі. Тэма яе: “Тэрмадынаміка набухання высокапалімерных бінарных сістэм — са станоўчым і адмоўным адхіленнем ад закона Рауля”. Усе гэтыя даследаванні праводзіліся ўпершыню. Таму маё імя і ўключылі ў Кнігу знакамітых хімікаў свету.
Не спыняючыся на дасягнутым, узяўся за распрацоўку доктарскай. Сам акрэсліў тэму: “Прыродныя адсарбенты і каталізатары для ачысткі вады і для сінтэзу новых рэчываў”. Больш як паўстагоддзя распрацоўваю яе. На гродзенскім заводзе ўкараніў адпаведны каталізатар, які і зараз працуе, за што атрымаў Дзяржаўную прэмію. Разам з маскоўскімі сябрамі рыхтаваўся ўкараніць у Полацку каталізатары — алюмасілікатны і цэалітны — для крэкінгу нафты, што дазволіла б павялічыць колькасць бензіну, што ў выніку атрымліваецца, з 60 да 90 працэнтаў. Але задуманае не ажыццявілася.
За час сваёй дзейнасці атрымаў 175 аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы, напісаў 10 кніг і больш за 800 навуковых артыкулаў. Магу інтуітыўна прадказваць вынікі многіх эксперыментаў.
Зараз маладыя людзі ў аспірантуру ісці не хочуць. Лічу, што кіраўніцтву акадэміі неабходна ехаць ва ўніверсітэты, гутарыць са студэнтамі сам-насам, зацікаўліваць і запрашаць. Магчыма, навукоўцаў, як і спартсменаў, трэба рыхтаваць з маленства.
Напрыканцы шчырая парада маладым: не трацьце час марна. Калі прыходжу з інстытута, заўсёды знаходжу справу — малюю, пішу артыкулы, складаю вершы. Выдаў кнігу-альбом: на адным баку старонак — карціны, а побач на другім — вершы. Як удаецца захоўваць працаздольнасць? Гімнастыка і правільнае харчаванне. Стараюся прытрымлівацца рэжыму дня. Жыццё — вялікі дар, таму карыстайцеся ім з розумам.

Гутарыў Яўген ЦЕРАХАЎ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.