Развіццё з разумным падыходам

- 10:07Людзі адукацыі

Клічаўскі раён Магілёўскай вобласці сельскі, невялікі, але дасягненні сістэмы адукацыі вартыя ўвагі. Пра адметнасці сваёй галіны расказвае начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Клічаўскага райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч МЯЛЕШКА. 

— Пачнём з агульнай карціны. Як развіваецца і куды рухаецца сістэма адукацыі Клічаўскага раёна?

— У 2016/2017 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі вучацца 1563 школьнікі і 509 выхаванцаў. Адным з паказчыкаў якасці адукацыі з’яўляецца той факт, што сярод выпускнікоў сярэдняй школы штогод маем медалістаў. Добрыя вынікі нашы выпускнікі паказваюць і пры здачы ЦТ, больш за 80 працэнтаў з іх паступаюць у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Пэўная сістэма работы склалася з адоранымі і таленавітымі навучэнцамі. Нашы школьнікі становяцца пераможцамі III і заключнага этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У гэтым годзе ў нас 5 дыпломаў і 1 заахвочвальны водгук на III этапе. Адзін навучэнец цяпер адстойвае гонар вобласці на заключным этапе алімпіяды па інфарматыцы ў Гродне. Пяць юных эколагаў нашага раёна ў ліпені мінулага года прадстаўлялі Беларусь на злёце юных эколагаў Саюзнай дзяржавы “Экалогія без межаў”, які праходзіў у Калінінградскай вобласці. Усе вярнуліся дадому з дыпломамі, атрыманымі ў камандных спаборніцтвах і асабістым заліку. Нельга не адзначыць і спартыўныя дасягненні. Ганарымся тым, што наша былая вучаніца Дар’я Навумава прынесла краіне першы медаль (“серабро”) на Алімпійскіх гульнях 2016 года ў Рыа-дэ-Жанэйра. Падрастае дастойная змена: Арцём Данільчык — чэмпіён Еўропы па цяжкай атлетыцы сярод юнакоў да 15 гадоў, Сюзанна Валадзько заняла другое месца па цяжкай атлетыцы на чэмпіянаце Еўропы сярод дзяўчат да 15 гадоў.

— Як развіваецца профільная адукацыя?

— Вяртанне ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі профільнага навучання педагагічныя работнікі, вучні, бацькі ўспрынялі як неабходную ўмову для паглыблення ведаў вучняў, больш якасную падрыхтоўку да здачы ЦТ. У бягучым навучальным годзе на павышаным узроўні асобныя прадметы вывучаюць больш за 35% навучэнцаў 10— 11 класаў. Сярод вучэбных прадметаў найбольш запатрабаваныя руская і беларуская, замежныя мовы, матэматыка, хімія, біялогія. Аднак у асобных сельскіх школах у сувязі з невялікай напаўняльнасцю класаў адкрыццё профіляў не заўсёды магчыма. Для вырашэння гэтай праблемы і задавальнення адукацыйных запытаў вучняў у нас арганізаваны міжшкольныя факультатыўныя заняткі па прадметах.

— Аляксандр Мікалаевіч, якая сёння роля ў вашага раённага метадычнага кабінета?

— На сучасным этапе роля РВМК значна ўзрастае ў сувязі з неабходнасцю рацыянальна і аператыўна выкарыстоўваць новыя методыкі, прыёмы і формы навучання і выхавання. Адзін з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці раённага вучэбна-метадычнага кабінета — работа з маладымі спецыялістамі, якая рэалізоўваецца праз арганізацыю настаўніцтва ва ўстановах адукацыі, раённыя прадметныя метадычныя аб’яднанні, раённую школу маладога настаўніка, кансультацыйныя пункты. Многія маладыя спецыялісты, якія прыйшлі ў наш раён за апошнія некалькі гадоў, праявілі сябе як ініцыятыўныя, мэтанакіраваныя, матываваныя на дасягненне вынікаў. Так, малады настаўнік фізікі сярэдняй школы № 1 імя Героя Савецкага Саюза П.А.Крываноса Клічава Аляксей Сяргеевіч Лапатчанка ўжо змог дасягнуць пэўных вынікаў. Навучэнцы Аляксея Сяргеевіча заваявалі дыплом III ступені на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы; дыплом I ступені ў раённым конкурсе работ даследчага характару. Майстэрства педагога выявілася і на Рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Аляксей Сяргеевіч стаў пераможцам раённага і лаўрэатам абласнога этапу конкурсу ў намінацыі “Фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка”. У наступным навучальным годзе ў раён прыбываюць 32 (!) маладыя спецыялісты. Спадзяёмся, што наш раён стане не толькі годнай стартавай пляцоўкай для кожнага з іх, але і сталым месцам жыхарства. Таму работы метадычнага кабінета ў цяперашні час і на найбліжэйшую будучыню хопіць.

— А як наладжана ўзаемадзеянне з бацькамі ў вашым раёне?

— Праблемы ва ўзаемадзеянні школы і сям’і ёсць. Сям’я павінна быць ядром у выхаванні кожнага дзіцяці. Але нядобранадзейнасць у сям’і, на жаль, нярэдкая з’ява. У сацыяльна-небяспечным становішчы ў цяперашні час у раёне знаходзяцца 69 дзяцей з 29 сем’яў. Педагогі разумеюць сваю адказнасць перад дзецьмі і грамадствам за лёс такіх дзяцей. Вядзецца вельмі вялікая работа па раннім выяўленні сямейнай нядобранадзейнасці, што неабходна для аказання своечасовай дапамогі такім сем’ям, каб не даводзілася адбіраць дзяцей з сям’і, а пасля не пазбаўляць бацькоў бацькоўскіх правоў. Нашы педагогі актыўна ўзаемадзейнічаюць з усімі сем’ямі, а не толькі з праблемнымі. Гэта ў сваю чаргу дапамагае дасягаць тых вынікаў, якія мы маем у алімпіядным руху, работах даследчага характару, спартыўных дасягненнях.

— Наколькі запатрабаваны вучнямі і бацькамі шосты школьны дзень і што ў гэты дзень прапануюць школы раёна?

— Па статыстыцы, шостым школьным днём у раёне ахоплена штотыдзень больш за 70% вучняў. Апорнымі цэнтрамі правядзення шостага школьнага дня ў раёне з’яўляецца сярэдняя школа № 1 Клічава і раённы Цэнтр дзіцячай творчасці. У першай школе створаны выдатныя ўмовы для правядзення ў тым ліку і спартыўных мерапрыемстваў у любую пару года. У Цэнтры дзіцячай творчасці кожную суботу праводзяцца раённыя мерапрыемствы па мастацкім, вакальным, экалагічным, эстэтычным і іншых напрамках. Акрамя таго, кожную суботу ў кожнай установе адукацыі дзецям прапануюць удзел у мерапрыемствах, разнастайных па змесце, кірунках, характары, формах і метадах. Установы імкнуцца па максімуме прыцягнуць бацькоў да ўдзелу ў мерапрыемствах шостага школьнага дня. У суботу праводзяцца факультатыўныя заняткі для старшакласнікаў, працуюць аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі.

— Што хвалюе начальніка аддзела адукацыі сёння?

— Пытанні захавання бяспечных і камфортных умоў для навучэнцаў, арганізацыя падвозу, харчавання, развіццё вучэбна-матэрыяльнай базы ўстаноў, павышэнне якасці навучання, эфектыўнасць выхаваўчай работы, выкананне патрабаванняў Дэкрэта № 18 у раёне і многае іншае. З 2017 года раён прымае ўдзел у апрабацыі пілотнага праекта нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Для адпаведнасці нарматывам фінансавання неабходна далейшая аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі раёна. Хочацца адзначыць, што пры разумным падыходзе да аптымізацыі выйграюць і настаўнікі, і вучні, і бацькі. Як паказала практыка, закрыццё класаў з адным навучэнцам, малакамплектных школ прыводзіць да лепшай сацыялізацыі і росту асобаснага развіцця дзяцей, дасягнення імі больш высокіх вынікаў у вучобе. Але, падкрэсліваю, аптымізацыя павінна быць разумнай. І вось тут нам неабходна знаходзіць залатую сярэдзіну. Таму надзённая задача — усё ацаніць, узважыць, пралічыць і прымаць правільныя рашэнні. Спадзяюся, што ўдзел у апрабацыі пілотнага фінансавання, а затым і работа па гэтым напрамку створыць неабходныя ўмовы для далейшага развіцця сістэмы адукацыі нашага раёна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.