Ва ўстановах адукацыі Пружанскага раёна вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю творчых ініцыятыў і лідарскіх якасцей вучняў. Педагогі лічаць, што гэта з’яўляецца важным фактарам прафесійнага самавызначэння школьнікаў.
— Значную ролю ў падтрымцы маладзёжных ініцыятыў, акрамя раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, адыгрываюць грамадскія аб’яднанні, у прыватнасці Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, — расказвае метадыст Пружанскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Ю.А.Пасько. — У гэтыя аб’яднанні ўваходзіць каля 82% вучняў 2—11 класаў. Пры падтрымцы раённых арганізацый БРПА і БРСМ рэалізаваны розныя дзіцячыя праекты: “Мой чысты двор, мая чыстая вуліца”, “Прызнанне”, “Роўны навучае роўнага”, “Ведаць, памятаць, ганарыцца” і “Клопат”. Члены дзіцяча-маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў актыўна ўдзельнічаюць у акцыях, прысвечаных перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне (“Расціце дрэвы ў славу Перамогі”, “За любімую Беларусь”, “Ветэран жыве побач” і “Кветкі Вялікай Перамогі”) і экалогіі (“Пасадзі дрэва” і “Збяры макулатуру — захавай жыццё дрэву”). Не забываюць школьнікі віншаваць з Днём настаўніка ветэранаў педагагічнай працы. На працягу некалькіх гадоў праходзіць акцыя “Жывая памяць”, прымеркаваная да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
У 2009 годзе Пружаны зрабілі першыя крокі ў рэалізацыі праекта глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей”, а ў 2014 годзе атрымалі адпаведны сертыфікат. У райцэнтры створаны гарадскі дзіцячы парламент, які выступае ініцыятарам розных праектаў і акцый. Члены парламента ўдзельнічаюць у круглых сталах і канферэнцыях, далучаюць да актыўнай сумеснай грамадскай дзейнасці школьнікаў. За час існавання гарадскога парламента старшакласнікаў было рэалізавана больш за 10 сацыяльна значных праектаў: “Зона адпачынку”, “У нагу з часам”, “Лесвіца поспеху”, “Алея памяці”, “Мы — разам” і інш. Адным з важных праектаў з’яўляецца праект “Сонца грэе нас усіх аднолькава”, мэта якога — дапамагчы дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльным прытулку, адаптавацца ў сучасным грамадстве і далучыцца да ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”.
— Для павышэння ўзаемадзеяння моладзі і ўлады ў Пружанах быў створаны “Люстраны выканкам”, удзельнікі якога могуць пабываць у ролі службовых асоб і з іх пазіцыі разгледзець праблемы, што тычацца пражывання дзяцей у горадзе, — гаворыць Ю.А.Пасько. — У рамках праекта “Улада і моладзь” школьнікі наведваюць райвыканкам, дзе знаёмяцца з раённымі службамі, працэсам падрыхтоўкі і разгляду пытанняў у розных сферах дзейнасці мясцовай улады.
Члены гарадскога дзіцячага парламента актыўна ўзаемадзейнічаюць з прадстаўнікамі раённага Савета дэпутатаў: разам рыхтуюць і праводзяць сесіі парламента, дзе вырашаюць пытанні, звязаныя з развіццём школьнага самакіравання, распрацоўкай прапаноў па прафілактыцы асацыяльных паводзін у маладзёжным асяроддзі, арганізацыі вольнага часу дзяцей, фарміраванні і прапагандзе здаровага ладу жыцця і інш.
— 20 гадоў на варце правапарадку ў Пружанах стаіць аператыўны маладзёжны атрад “Беркут”, які фарміруецца з актыўнай моладзі, у тым ліку са школьнікаў, — расказвае Ю.А.Пасько. — Разам з супрацоўнікамі раённай інспекцыі па справах непаўналетніх члены атрада інспектуюць вуліцы, наведваюць дзяцей з нядобранадзейных сем’яў, асабістым прыкладам вучаць падлеткаў сур’ёзна адносіцца да жыцця і адказваць за свае ўчынкі. Многія ўдзельнікі атрада паступаюць у Ваенную акадэмію Беларусі і Акадэмію МУС Беларусі.
У раёне рэалізоўваецца ініцыятыва роўнага навучання. Так, сярэдняя школа № 4 Пружан з’яўляецца апорнай пляцоўкай па ўкараненні прынцыпу “роўны вучыць роўнага” ў прафілактычнай рабоце з моладдзю ў сферы здаровага ладу жыцця. Актыўная жыццёвая пазіцыя членаў валанцёрскага атрада “Інсайт” дазволіла ўстанове выйграць конкурс малых грантаў валанцёрскіх груп у рамках праекта “Мясцовыя ініцыятывы валанцёрскіх груп у аддаленых раёнах і малых гарадах Беларусі”. Па выніках мінулагодняга абласнога конкурсу “Моладзь — за РАЎНАдзеянне” школьная каманда атрымала дыплом ІІ ступені.
Па словах Ю.А.Пасько, развіваць творчыя здольнасці дзяцей добра дапамагае летняя аздараўленчая кампанія, у час якой працуе змена “Лідар”, дзейнічаюць профільныя атрады, рэалізоўваюцца розныя праекты і ініцыятывы. Па выніках мінулагодняга абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэйшым!” Кляпацкая сярэдняя школа і сярэдняя школа № 5 Пружан атрымалі дыпломы ІІІ ступені.
— Асноўная мэта летніх лагераў працы і адпачынку заключаецца ў стварэнні належных умоў для павышэння сацыяльнай актыўнасці падлеткаў, заснаванай на сацыяльна значнай працы, — адзначае Ю.А.Пасько. — Сёлета на Пружаншчыне працавалі 10 атрадаў, куды ўвайшоў 91 старшакласнік. У рабоце атрадаў былі задзейнічаны дзеці з малазабяспечаных і няпоўных сем’яў, а таксама апякунскія дзеці.
У школах раёна дзейнічаюць каля 260 аб’яднанняў па інтарэсах і 74 спартыўныя секцыі. У сярэдняй школе № 5 Пружан рэалізаваны праект па стварэнні школьнага тэлебачання “Пяцёрачка”. Ён дапамагае вучням раскрыць і рэалізаваць творчыя ініцыятывы і здольнасці. Добры выхаваўчы эфект прыносяць інтэрактыўныя праекты “Розныя і ўсё ж аднолькавыя”, “Погляд знізу”, “Ведай нашых”, “Ад зін дзень з жыцця выпускніка”, “Сустрэчы з вядомымі людзьмі” і “Пасля ўрокаў”, якія выклікаюць вялікую цікавасць у вучняў.
— З мэтай развіцця творчых ініцыятыў і лідарскіх якасцей школьнікаў ва ўстановах дадатковай адукацыі працуюць гурткі па розных напрамках дзейнасці, — гаворыць Ю.А.Пасько. — Так, у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Пружан дзейнічаюць 53 аб’яднанні па інтарэсах для 1,1 тысячы вучняў. У Ружанскім мнагапрофільным цэнтры па рабоце з дзецьмі, падлеткамі і моладдзю адкрыта 38 аб’яднанняў, якія наведваюць каля 540 вучняў. У Цэнтры дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства працуюць 17 аб’яднанняў для 255 вучняў.
Вялікай папулярнасцю сярод школьнікаў карыстаецца народная студыя моды і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Папараць-кветка” (кіраўнік В.М.Лапука), якая з 1996 года дзейнічае ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Пружан. Калекцыі юных мадэльераў неаднаразова займалі прызавыя месцы ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Акрамя таго, удзельнікі студыі развіваюць акцёрскія здольнасці.
Добра развіваецца на Пружаншчыне і інтэлектуальны рух. Праводзяцца інтэлектуальныя чэмпіянаты і турніры па гульні “Што? Дзе? Калі?” для вучняў. Высокія вынікі ў іх паказваюць каманды “Бліцкрыг” з сярэдняй школы № 5 Пружан і “Хуткія кактусы” з гімназіі Пружан, якія атрымліваюць у абласных спаборніцтвах дыпломы рознай вартасці.
— Значная ўвага ўдзяляецца развіццю турыстычна-краязнаўчай работы, — расказвае Ю.А.Пасько. — Падчас экскурсій і паходаў школьнікі вывучаюць сацыяльна-эканамічнае, палітычнае, гістарычнае і культурнае развіццё вёсак, аграгарадкоў, раёна і краіны. Шмат увагі ўдзяляецца і экалагічнаму выхаванню вучняў. Дзеці добраўпарадкоўваюць прышкольныя тэрыторыі, даглядаюць помнікі, гарадскія і сельскія могілкі. Штогод школы Пружаншчыны становяцца пераможцамі і прызёрамі абласных конкурсаў “Цудоўней стане Брэстчына мая” і “Энергія і асяроддзе пражывання”. Добрыя вынікі вучні раёна паказваюць у Рэспубліканскай выставе-конкурсе “Восеньскі марафон”, абласных акцыях “Зберажы дрэва — здай макулатуру” і “Берагчы прыроду — значыць любіць Радзіму”, абласным злёце юных лесаводаў.
Інтэлектуальная і творчая дзейнасць адораных вучняў (у раённым банку даных іх 238) не застаецца без увагі з боку мясцовай улады. За дасягнутыя поспехі ў розных напрамках дзейнасці таленавітыя дзеці адзначаюцца граматамі і грашовымі прэміямі райвыканкама.
— Амаль 50% сёлетніх выпускнікоў Пружаншчыны паступілі ва УВА, каля 33% — у ССНУ і каля 12% — у ПТНУ, — адзначае Ю.А.Пасько. — Радуе, што многія з іх пасля заканчэння вучобы вяртаюцца працаваць у родныя мясціны. Так, усе кіраўнікі школ Пружан нарадзіліся тут і скончылі мясцовыя ўстановы адукацыі. Умовы, створаныя ў раёне, цалкам дазваляюць раскрыцца творчаму патэнцыялу вучняў, праявіць сябе ў пэўным відзе цікавай і карыснай дзейнасці, а затым выбраць прафесію, якая не толькі адпавядае жаданням і магчымасцям выпускнікоў, але і патрэбам сучаснай эканомікі.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.