Рэалізуюць сумесны праект

Плюсы і мінусы глабалізацыйных працэсаў абмеркавалі беларускія і польскія студэнты падчас работы адкрытага дыскусійнага клуба, які адбыўся ў рамках Міжнароднага студэнцкага форуму “Полікультурны дыялог моладзі Прынёмання: моладзь і будучыня”.

Такі форум быў арганізаваны ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Удзел у ім прынялі студэнты ГрДУ і дзвюх польскіх навучальных устаноў — Універсітэта ў Беластоку і Вышэйшай дзяржаўнай школы прафесійнага навучання імя Ангелюса Сілесіуса ў Валбжыху.

Як расказала начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю ГрДУ Аксана Котава, паміж Гродзенскім універсітэтам і дзвюма польскімі ВНУ заключаны дамовы аб супрацоўніцтве, у якіх значнае месца адведзена студэнцтву. На студэнцкім форуме сустрэліся актывісты маладзёжных арганізацый і абмеркавалі актуальныя для іх пытанні — гэта і арганізацыя навучання і адпачынку, удзел у грамадскім жыцці.

— Мне было вельмі цікава ўдзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах форуму, — гаворыць студэнтка факультэта эканомікі і кіравання ГрДУ Наталля Крупіца. — Атрымліваеш новы вопыт у грамадскай рабоце. Мне як намесніку старшыні студэнцкага прафкама важна было даведацца пра арганізацыю адпачынку польскіх студэнтаў, пра работу іх грамадскіх арганізацый, пачуць пазіцыю па многіх пытаннях.

Праграму форуму яго арганізатары з ГрДУ падрыхтавалі вельмі насычаную. Тут былі трэнінгі па камандаўтварэнні “Я — лідар”, работа над праектамі (тэмы па чатырох кірунках былі дадзены ў першы дзень работы), літаратурна-канцэртная праграма “Пад іменем Купалы”, экскурсіі па Гродне і палатачны лагер на Аўгустоўскім канале, дыскатэка ў маладзёжным цэнтры.

На адкрыты дыскусійны клуб “Моладзь і выклікі культурнай глабалізацыі” запрасілі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь — члена Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Лілію Кір’як і члена Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Тамару Далгашэй, начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Вярсоцкага, прарэктара па выхаваўчай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Васіля Сянько. Адбылася дыскусія аб сучасных глабалізацыйных працэсах і месцы кожнай дзяржавы і кожнага чалавека ў іх, якія плюсы і мінусы яны нясуць.

А завяршылася работа форуму прадстаўленнем праектаў, над якімі працавалі ўдзельнікі на працягу чатырох дзён. Прапанаваны студэнтамі з Валбжыха праект па ўкараненні ў маладзёжнае асяроддзе здаровага ладу жыцця па прынцыпе “роўны вучыць роўнага” будзе рэалізоўвацца ў дзвюх навучальных установах — Вышэйшай дзяржаўнай школе прафесійнага навучання імя Ангелюса Сілесіуса ў Валбжыху і Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *