Рэальнасць або моднае слова?

- 15:06Спецыяльная адукацыя

У прэс-цэнтры Дома прэсы прайшоў майстар-клас “Інклюзія — рэальнасць або моднае слова?”. Мерапрыемства арганізавана Праграмай развіцця ААН (ПРААН) у Рэспубліцы Беларусь і Міністэрствам інфармацыі краіны пры ўдзеле грамадскіх арганізацый, што займаюцца праблемамі людзей з інваліднасцю, з мэтай фарміравання сацыяльна адказнага журналісцкага пула.

У майстар-класе прынялі ўдзел Сяр гей Кручынін, кіраўнік рабочай групы па распрацоўцы інфармацыйнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь па паўнапраўным уключэнні (інклюзіі) людзей з інваліднасцю ў грамадства, прафесар Інстытута сучасных ведаў імя А.М.Шырокава, і Аляксандр Аўдзевіч, эксперт гэтай рабочай групы.

Канвенцыя аб правах інвалідаў, прынятая Генеральнай Асамблеяй ААН 13 снежня 2006 года, уступіла ў сілу 3 мая 2008 года. Яе ўдзельнікамі з’яўляюцца больш за 160 дзяржаў свету. Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб правах інвалідаў у кастрычніку 2016 года. У цяперашні час урад краіны завяршае распрацоўку праекта Нацыянальнага плана дзеянняў па рэалізацыі канвенцыі. Кампанентам Нацыянальнага плана будзе з’яўляцца ў тым ліку дзейнасць, накіраваная на фарміраванне пазітыўных адносін у грамадстве да людзей з інваліднасцю праз СМІ.

Як адзначыла каардынатар праектаў ПРААН у Рэспубліцы Беларусь Вольга Атрошчанка, у канвенцыі вялікае значэнне надаецца інфармацыі, дзейнасці СМІ. Журналісты маюць магчымасць уплываць на фарміраванне грамадскага меркавання аб людзях з інваліднасцю, ствараць іх станоўчы вобраз. Сёння назіраецца павелічэнне колькасці матэрыялаў на тэмы інваліднасці ў друку, на тэлебачанні, у сацыяльных сетках. Але існуе палярнасць у асвятленні гэтага пытання: людзі з інваліднасцю паўстаюць у журналісцкіх матэрыялах або як героі, якія, пераадольваючы перашкоды, здзяйсняюць нейкі подзвіг, або як ахвяры, якім патрэбна дапамога і шкадаванне. І тое, і другое не зусім правільна.

Аб тым, што робіцца Міністэрствам інфармацыі, рэспубліканскімі і рэгіянальнымі СМІ па асвятленні гэтай тэмы, расказаў кансультант упраўлення друкаваных СМІ і знешніх сувязей Міністэрства інфармацыі Фёдар Яўгенавіч Рамашка. Дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу пытанням сацыяльнай адаптацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Гэтая работа будзе яшчэ больш узмоцнена ў сувязі з тым, што Беларусь далучылася да Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў. СМІ праводзяць вялікую работу ў гэтым кірунку. Напрыклад, Лідскім тэлерадыёаб’яднаннем сумесна з адным з прадпрыемстваў Ліды былі распрацаваны спецыяльныя пандусы для людзей на калясках, якія ўсталёўваюцца ў пад’ездах.

Вядучыя тэлеканалы сумесна з Міністэрствам інфармацыі і Беларускім таварыствам глухіх праводзяць работу па інфармацыйнай даступнасці тэлепраграм для людзей з абмежаваннямі — у напрамку павелічэння колькасці гадзін у эфіры, прызначаных і адаптаваных для асоб з парушэннем слыху. У першым квартале 2017 года Белтэлерадыёкампаніяй былі ўведзены ў эксплуатацыю спецыяльныя серверы вяшчання з функцыяй схаванага субцітравання, якое прыводзіцца ў дзеянне пры дапамозе спецыяльнай кнопкі на пульце тэлевізара.

Штогод Міністэрства інфармацыі арганізоўвае Рэспубліканскі конкурс “Тэлевяршыня” сярод электронных СМІ і “Залатая ліцера” сярод друкаваных выданняў. Па выніках мінулага года гран-пры заваявала газета “Астравецкая праўда” з праектам “Неабмежаваныя магчымасці”. У намінацыі “Лепшы праект рэгіянальнага тэлебачання” перамаглі праекты “Тэлемарафон. Сагрэем дзіцячыя сэрцы” (тэлерадыёкампанія “Магілёў”) і “Падарожжа без межаў” (Лідскае тэлерадыёаб’яднанне). Адзін з герояў апошняга праекта — лідчанін Аляксандр Аўдзевіч. Нягледзячы на тое, што ён перамяшчаецца на калясцы, яму прыйшла авантурная ідэя — у адзіночку праехаць па Еўропе на ручным веласіпедзе. Аляксандр праехаў 13 краін і даказаў сабе і ўсім, што абмежаванні існуюць толькі ў нашай галаве і няма нічога немагчымага.

Слова Аляксандру Аўдзевічу: “Людзі, як правіла, баяцца так званай бачнай інваліднасці, імкнуцца схаваць свае праблемы са здароўем. Нядаўна я сутыкнуўся з сітуацыяй, якая парушае ўсе магчымыя стэрэатыпы і вымушае аб многім задумацца. На велапрабегу ў Аўстрыі я пазнаёміўся са спадаром Хельмутам — арганізатарам гэтага мерапрыемства, 55-гадовым уладальнікам атэля. На першы погляд, ён звычайны мужчына без асаблівых праблем са здароўем. Мы з ім па-сяброўску пасядзелі і разышліся. На наступны дзень я зноў сустрэў яго ў цудоўным настроі, але… на інваліднай калясцы. Я быў шакіраваны: “Хельмут, што здарылася?” — спытаўся ў яго. “А навошта напружвацца? У мяне ўжо не тыя, што раней, суставы. Трэба ж даваць ім адпачынак”.

Чаму сярод людзей з інваліднасцю, якія працуюць, 90% робяць гэта ў рэжыме аддаленага доступу? І толькі ў адзінкавых выпадках яны з’яўляюцца публічнымі людзьмі, ездзяць у офісы, удзельнічаюць у розных сацыяльных праектах. Чаму людзі з інваліднасцю не становяцца работадаўцамі, афіцыянтамі, барменамі? Праблема не толькі ў адсутнасці безбар’ернага асяроддзя. Проста часта людзі з інваліднасцю не могуць нават уявіць сябе ў сацыяльна актыўнай ролі. Напрыклад, у кафэ ў якасці барыста. Сёння гэта модная і запатрабаваная прафесія. Калі чалавек з інваліднасцю стане вельмі крутым барыста, будзе варыць самую смачную каву, адбою ад кліентаў у яго не будзе, мяркую, на яго парушэнне ніхто з наведвальнікаў не зверне ўвагу”.

“У кожнага чалавека свае асаблівасці здароўя. У аднаго — праблемы з сэрцам, у другога — цукровы дыябет, што прыводзіць да інваліднасці, — адзначыла старшыня Бе лАД ДІіМІ Алена Цітова. — Не заўсёды мы можам нават здагадацца, якая ў чалавека праблема. Але стэрэатыпы праяўляюцца, як правіла, у адносінах да бачнай інваліднасці. Інклюзія — гэта калі ў грамадстве створаны ўмовы для ўсіх, незалежна ад здольнасцей і магчымасцей. Усё, што адбываецца ў грамадстве, павінна тычыцца і людзей з інваліднасцю. Наша арганізацыя аб’ядноўвае каля 3 тысяч сем’яў па ўсёй Беларусі, і ў кожнай ужо існуе свая ўнутраная інклюзія. У нашых сем’ях няма дзялення на “мы” і “яны”, няма ярлыкоў “інвалід”, “няздольны”. Ёсць проста любімыя дзеці. Мы абвяшчаем роўныя правы і роўныя магчымасці”.

Удзельнікі дыскусіі абмеркавалі тэму граматнага падтрымання зносін з людзьмі з АПФР. Калі чалавек на калясцы, то, размаўляючы з ім, пажадана сядзець, каб кантактаваць з ім на адным узроўні — вочы ў вочы. Такім людзям, як і звычайным, трэба гаварыць “ідзі сюды”, “стань сюды”, а не “пераедзь сюды”. Калі ў чалавека парушаны зрок, то для наладжвання ўзаемаадносін суразмоўца можа на словах расказаць пра сябе, як ён выглядае, паціснуць яму руку, усталяваўшы тым самым тактыльны кантакт, і г.д.

“З PR-спецыялістам ПРААН Марыяй Вінчэўскай мы правялі відэапытанне сустрэчных на вуліцы: “Ці ведаеце вы, што такое інклюзія?” — расказаў прафесар Сяргей Кручынін. — Як аказалася, большасць не ведае. Для спецыялістаў тэрмін “інклюзія” рабочы, для ўсіх астатніх — новы і незнаёмы. Павінен прайсці час, каб гэтае слова прыжылося ў грамадстве. Трэба даць яму адпаведнае напаўненне. І на журналістах у гэтым плане ляжыць асаблівая місія. У многім ад іх залежыць, ці будзе тэрмін “інклюзія” правільна ўспрыняты грамадствам. Трэба больш пісаць на адпаведныя тэмы, прычым рабіць гэта кампетэнтна. Ды і самім людзям з інваліднасцю варта праяўляць большую актыўнасць, быць адкрытымі і шчырымі са СМІ. Трэба далучаць тых, хто прымае адказныя рашэнні, да інклюзіўных працэсаў. І напаўняць паняцце “інклюзія” канкрэтнымі станоўчымі прыкладамі, якія падкрэсляць яе неабходнасць і важнасць, іншымі словамі — візуалізаваць тэрмін”.

Напрыканцы майстар-класа прайшоў інтэрактыў “Двухбаковы рух” (што чакаюць людзі з інваліднасцю і журналісты адзін ад аднаго).

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва ПРААН Беларусі.