Рэгуліроўшчыкі на школьных скрыжаваннях

- 11:25Сацыяльны ракурс

Любы педагог, незалежна ад прадмета, які выкладае, час ад часу аказваецца ў ролі своеасаблівага міратворца: уключаецца ў рэгуляванне спрэчных момантаў, канфліктаў паміж вучнямі, бацькамі і дзецьмі, настаўнікамі і бацькамі. І гэта нармальна, бо жыццё, у тым ліку школьнае, зусім не раўнюткая хуткасная траса, а складаная дарога з мноствам паваротаў і перашкод. Безумоўна, часцей за ўсё ў ролі “рэгуліроўшчыкаў” даводзіцца выступаць спецыялістам сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстаноў адукацыі, у тым ліку сацыяльным педагогам. У кожнага такога спецыяліста ёсць свае методыкі, заснаваныя на агульнапрынятых прынцыпах работы, і ўласныя педагагічныя набыткі.

Невыпадковы паварот

У сярэдняй школе № 30 Мінска больш за 1600 вучняў і каля 150 педагогаў, калектыў якіх узначальвае дырэктар Святлана Мікалаеўна Чурбанава. Але пры такой вялізнай населенасці ўстановы адукацыі тут звычайная сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба з двума педагогамі-псіхолагамі і двума сацыяльнымі педагогамі. Адна з жанчын, зрэшты, зараз знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. Таму фактычна ў школе сёння працуе адзін сацыяльны педагог, праўда, не зусім звычайны. Пару гадоў назад Наталля Мікалаеўна Кулікова стала лепшым сацыяльным педагогам Кастрычніцкага раёна Мінска, фіналістам гарадскога конкурсу прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”. Тады ў фінале яна разам са сваімі вучнямі ў конкурсе “Прэзентацыя сацыяльна значнай акцыі” прадставіла праект па рабоце ў інтэграваных класах па методыцы “роўны навучае роўнага”.

На той момант Наталля Мікалаеўна не так даўно працавала сацыяльным педагогам у школе, але работай паспела захапіцца. Інакш як можна перамагчы ў спаборніцтве з больш вопытнымі калегамі? Між іншым, па першай адукацыі мая суразмоўніца — юрыст, закончыла ў свой час Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва. Затым была двухгадовая перападрыхтоўка па спецыяльнасці “Педагог сацыяльны” ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі.

Як там апынулася малады юрыст, якая пэўны час працавала ў Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы кулінарыі? Спачатку ёй і самой здавалася, што выпадкова: перападрыхтоўку прапанаваў прайсці дырэктар каледжа, а яна, падумаўшы, пагадзілася. Разважала прыкладна так: “Гэтая адукацыя і ў рабоце, і ў асабістым жыцці спатрэбіцца: сваіх дзяцей будзе прасцей выхоўваць”. Але аб рабоце ў школе ўсур’ёз не задумвалася. Праўда, даволі хутка высветлілася, што многія выпадковасці пры бліжэйшым разглядзе аказваюцца ў ланцугу лёсу надзейным звяном, якога не хапала для адчування, што ў жыцці ўсё ідзе як трэба, што ты знаходзішся на сваім месцы.

Вось і Н.М.Кулікова зараз гаворыць: “На цяперашняй пасадзе працую каля пяці гадоў і паспела пераканацца, што работа з дзецьмі для мяне вельмі важная, зносіны з імі прыносяць шмат задавальнення. Вялікае значэнне мае і тое, што тут добры калектыў, — гэта важна на любой рабоце. А такую згуртаванасць, якая ёсць у нашым калектыве, трэба яшчэ пашукаць”.

Да таго як уладкавацца ў 30-ю школу, жанчына год працавала ў сацыяльна-педагагічным цэнтры Савецкага раёна сталіцы. Даведаўшыся пра вакансію сацыяльнага педагога ў школе, прыйшла паразмаўляць і ўразілася — вельмі спадабаўся калектыў. А ў рабоце аказаліся запатрабаванымі абедзве атрыманыя адукацыі: веданне законаў вельмі нядрэнна дапаўняе спецыяльныя веды сацыяльнага педагога, якому пастаянна даводзіцца супрацоўнічаць з інспектарамі па справах непаўналетніх, работнікамі прытулкаў, участковымі міліцыянерамі і г.д.

Новы напрамак

Не забываючыся пра напрацаваныя раней прынцыпы, якія ўжо стала ўвайшлі ў школьнае жыццё, у педагагічную практыку, любы зацікаўлены спецыяліст ідзе далей. Бо чаму можа навучыць той, хто сам не вучыцца новаму? Вось і сацыяльны педагог сярэдняй школы № 30, не пакідаючы ўжо звычайных метадаў (таго ж прынцыпу “роўны навучае роўнага”), імкнецца да выкарыстання новых практыка-арыентаваных метадаў работы.

У кабінеце Наталлі Мікалаеўны нароўні з граматамі, дыпломам пераможцы раённага прафесійнага спаборніцтва размяшчаецца і сертыфікат аб заканчэнні курсаў па аднаўленчай медыяцыі.

Жанчына кажа, што, калі атрымаецца, працягне навучанне ў гэтым напрамку, стане дыпламаваным медыятарам (спецыялістам па вырашэнні канфліктаў), бо такі метад, на думку маёй суразмоўніцы, вельмі карысны і перспектыўны, дазваляе разгледзець усе складнікі канфлікту надзвычай дэталёва, дабрацца да самай яго сутнасці, пачатку. І гэты пачатак можа аказацца зусім нечаканым для ўдзельнікаў спрэчкі. А значыць, і вырашэнне канфліктнай сітуацыі будзе больш плённым, чым проста пакаранне вінаватых і пацісканне рук адно аднаму.

МЕДЫЯЦЫЯ — адна з тэхналогій альтэрнатыўнага ўрэгулявання спрэчак (англ. alternative dispute resolution, ADR) з удзелам трэцяга, нейтральнага, непрадузятага ў гэтым канфлікце, боку — медыятара, які дапамагае бакам выпрацаваць пэўнае пагадненне па спрэчцы. Пры гэтым бакі цалкам кантралююць працэс прыняцця рашэння па ўрэгуляванні спрэчкі і ўмоў яе вырашэння.

Медыяцыя грунтуецца на прынцыпах добраахвотнасці, канфідэнцыяльнасці, узаемапавагі, раўнапраўя бакоў, нейтральнасці і непрадузятасці медыятара, празрыстасці працэдуры.

Вылучаюць некалькі відаў медыяцыі, у тым ліку школьную.

Медыяцыя як метад рэгулявання спрэчак пакуль не вельмі вядомая ў Беларусі, тым больш медыяцыя школьная, таму работу, якая праводзіцца ў сталічнай школе № 30, можна назваць унікальнай. Перш за ўсё школьныя спецыялісты пачалі супрацоўнічаць з Саюзам юрыстаў Беларусі.

Вось, напрыклад, якія даныя можна адшукаць у інтэрнэце: “Школьная медыяцыя даказала, што вырашэнне канфліктаў паміж навучэнцамі з дапамогай іх равеснікаў прыводзіць да шчаслівага вырашэння 7 з 10 канфліктаў” (даныя даследавання, праведзенага ў Рэспубліцы Малдова). У мінскіх школьнікаў вопыт пакуль, канечне, куды меншы, але ў 30-й школе старэйшыя дзеці, якія прайшлі адпаведнае навучанне, уключаюцца ў вырашэнне спрэчак паміж малодшымі школьнікамі. Цяперашнія васьмі- і дзевяцікласнікі ў мінулым навучальным годзе прайшлі курс навучання ў мінскім цэнтры “Медыяцыя і права”, атрымалі адпаведныя сертыфікаты прымірыцеляў. Зараз у сярэдняй школе № 30 нават дзейнічае клуб “Школа прымірэння”. А цэнтр задзейнічаў у праекце “Школьная медыяцыя” і некаторыя іншыя ўстановы адукацыі Беларусі. У нас такі рух, у адрозненне, напрыклад, ад Расіі, толькі пачынаецца.

Акрамя таго, мінулай вясной у школе з удзелам спецыялістаў цэнтра і школьных педагогаў прайшлі медыяцыі з цэлым класам (28 чалавек). Так склалася, што клас сабраўся не вельмі дружны, ёсць завадатар канфліктаў паміж аднакласнікамі, назіраецца ціск на слабыя месцы некаторых з іх. Дзеля выпраўлення сітуацыі былі праведзены індывідуальныя гутаркі са школьнікамі, агульныя трэнінгі. Падлеткі выпрацавалі агульны звод паводзін, якога паабяцалі прытрымлівацца. Н.М.Кулікова адзначае, што вынікі такой работы прыкметныя, сітуацыя ў класе палепшылася, хаця і патрабуе пэўнай прапрацоўкі. Праводзілася і медыяцыя з адной сям’ёй, якая зараз знята з уліку тых, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

“У сваёй школе мы разам з дырэктарам, з намеснікам па выхаваўчай рабоце Таццянай Віктараўнай Батвінка вырашылі і далей выкарыстоўваць медыяцыю для вырашэння канфліктаў”, — гаворыць Наталля Мікалаеўна.

Дарожныя работы

Калі ўжо працягваць асацыяцыі школьнага жыцця з няпростай дарогай, то, канечне, пры ўсіх новаўвядзеннях, адаптацыі работы СППС да новых выклікаў і ўвядзенні сучасных методык заўсёды застаецца звычайная штодзённая работа. А для сацыяльнага педагога гэта ў першую чаргу абарона правоў і законных інтарэсаў дзяцей, прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў сярод падлеткаў, прапаганда здаровага ладу жыцця.

На школьным уліку дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, зараз стаяць 5 чалавек. Для школы з 1604 навучэнцамі, гэта, канечне, вельмі мала. Уплывае на прыведзеную лічбу, безумоўна, тое, што мікрараён, да якога належыць школа, дастаткова добранадзейны. За апошні год з лішнім, як расказвае сацыяльны педагог, на ўлік трапляюць дзеці з сем’яў, у якіх адбываюцца нейкія канфлікты, а не з тых, дзе бацькі п’юць, як гэта часцей за ўсё бывае. Адначасова на ўліку максімальна могуць стаяць восем сем’яў, не больш.

Ды і пры канфліктных сітуацыях сям’я не адразу трапляе на ўлік СНС. Інфармацыя аб грамадзянах, якія здзейснілі тое ці іншае правапарушэнне, прыходзіць у школу з Кастрычніцкага РУУС або з судоў, а тут ужо высвятляюць, ці ёсць у сям’і гэтага чалавека непаўналетнія. Калі ў сям’і ёсць навучэнцы школы, бацькоў запрашаюць на савет прафілактыкі.

“Адзіны сур’ёзны канфлікт у сям’і з выклікам міліцыі — для нас — званок трывогі, для бацькоў — папярэджанне, — тлумачыць Наталля Мікалаеўна Кулікова, — але гэта яшчэ не прычына ставіць сям’ю на ўлік. З ёй трэба працаваць, каб не давесці да гэтага. Але калі інфармацыя аб канфліктах, правапарушэннях трапляе да нас пастаянна, калі класны кіраўнік заўважае, што ў дзіцяці знізілася паспяховасць, ёсць агрэсія ў яго паводзінах і г.д., то калегіяльна разглядаем пытанне аб прызнанні таго, што дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы”.

На ўліку па справах непаўналетніх стаіць усяго 1 падлетак, хаця гадоў пяць назад такіх навучэнцаў было 16. І каб не вярнуцца да гэтай ці нават меншай лічбы, пры ўсёй добранадзейнасці мікрараёна неабходна пастаянная работа. Таму і сацыяльны педагог не расслабляецца: кожны месяц, як тое і патрэбна, адпраўляецца ў рэйды па сем’ях, запрашае бацькоў на кансультацыі ў школу. Тычыцца гэта не толькі дарослых з групы рызыкі (назавём іх так), але і тых мам і татаў, якія хочуць больш даведацца пра выха-ванне, правільныя зносіны з падлеткамі. Так, педагогі СППС вучыліся на курсах па паспяховым бацькоўстве ў Мінскім гарадскім інстытуце развіцця адукацыі, а затым арга-нізавалі заняткі для жадаючых мам і татаў навучэнцаў сваёй школы.

Наладжана пастаяннае супрацоўніцтва з раённым клубам дадатковай адукацыі “Ветразь”, клубамі цэнтра “Спадарожнік”, “Эколаг”, “Кактус” для дзяцей, якія стаяць на розных відах прафілактычнага ўліку. Сумесныя заняткі, круглыя сталы ці то ў школе, ці то на плошчах “Ветразя” праходзяць пастаянна. Напрыклад, нядаўна адбыўся круглы стол з удзелам інспектара па справах непаўналетніх па тэме “Здольнасць адказваць за свае ўчынкі — адна з найважнейшых якасцей асобы”. А такая здольнасць, такія навыкі і з’яўляюцца адным з найважнейшых вынікаў, да якіх імкнуцца спецыялісты СППС.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва Наталлі КУЛІКОВАЙ
і сайта мінскага цэнтра“Медыяцыя і права”.