Рэкі без фасфатаў

- 11:28Выхаванне

Вы ведаеце, якая сувязь паміж вашым пральным парашком ці шампунем і летнім адпачынкам на рацэ? Тыя педагогі, якія сабраліся днямі ў БНТУ на семінар “Павышэнне экалагічнай культуры мясцовай супольнасці на прыкладзе інфакампаніі “Рэкі без фасфатаў”, сцвярджаюць: самая прамая.

А ўстанавіць гэтыя сувязі ім — а хутка і іх навучэнцам, іх бацькам, землякам — узяўся Цэнтр экалагічных рашэнняў. Разам яны будуць шукаць магчымасць вызваліць прыроду ад згубных рэчываў.

Як расказала каардынатар адукацыйных праектаў Цэнтра экалагічных рашэнняў Наталля Парэчына, цвіценне, або эўтрыфікацыя вадаёмаў, – гэта працэс інтэнсіўнага росту сіне-зялёных водарасцяў, якія спажываюць шмат кіслароду і тым самым утвараюць мёртвыя зоны на дне вадаемаў. А прычына гэтаму – пападанне ў вадаёмы фасфатаў, якія ўтрымліваюцца ў многіх мыйных сродках, шампунях, крэмах, зубных пастах.

“Праблема забруджвання навакольнага асяроддзя фасфатамі — не новая і актуальная абсалютна для любой краіны. І мы хочам прыцягнуць увагу да праблемы — пачынаючы ад педагогаў і школьнікаў да мясцовага насельніцтва тых населеных пунктаў, дзе яны пражываюць, — ад маленькай вёскі да буйных гарадоў, і прапанаваць шляхі рашэння праблемы, — расказвае Наталля Іванаўна. — Адзін з асноўных шляхоў пападання фасфатаў у вадаёмы – камунальныя сцёкавыя воды. А туды яны трапляюць у працэсе жыццядзейнасці чалавека — мыцця, выкарыстання бытавой хіміі і парфюмерна-касметычнай прадукцыі. Мы ўпэўнены, што, працуючы з педагогамі, а яны ў сваю чаргу — з дзецьмі і іх бацькамі, мы можам паўплываць на колькасць фасфатаў, якія трапляюць у выніку ў сцёкавыя воды”.

Згодна з маніторынгам рэк, які рэгулярна праводзіцца падведамаснымі структурамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, праблема забруджвання фасфатамі вельмі актуальная для Беларусі. Па статыстыцы Рэспубліканскага цэнтра радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя, практычна ў кожным квартале ў той ці іншай меры ідзе перавышэнне памежна дапушчальных канцэнтрацый па ўтрыманні фасфатаў у паверхневых водах. Калі гаварыць пра рэкі, то фасфатамі найбольш забруджаны басейн ракі Нёман (Мінская і Гродзенская вобласці). На жаль, тыя ачышчальныя збудаванні, якія працуюць у гарадах Беларусі, практычна не ачышчаюць сцёкавыя воды ад фасфатаў.

Як адзначыла Наталля Парэчына, сёння ў магазінах беларускіх гарадоў і вёсак у асноўным прадаюцца мыйныя сродкі, якія змяшчаюць фасфаты ў колькасці да 17% (дзеючы тэхнічны рэгламент Мытнага Саюза). Справа ў тым, што ў Еўрасаюзе выкарыстанне фасфатаў у бытавой хіміі забаронена, што не перашкаджае яму пастаўляць прадукцыю з фасфатамі на экспарт, у тым ліку ў Беларусь. Але, тым не менш, апошнім часам сітацыя мяняецца, і на нашым рынку з’яўляюцца айчынныя тавары бытавой хіміі, якія не змяшчаюць фасфаты або змяшчаюць іх у значна меншых колькасцях (да 5%), што, дарэчы, не робіць іх менш эфектыўнымі.

“Мы спадзяёмся, што ў выніку праведзенай інфармацыйнай кампаніі людзі больш даведаюцца пра шкоду фасфатаў і будуць выбіраць мыйныя і касметычныя сродкі з меншым утрыманнем фасфатаў або наогул без іх, – гаворыць Наталля Парэчына. –Для гэтага мы падрыхтуем каманду настаўнікаў (не менш за 70 чалавек), якія будуць дастаткова кваліфікаваныя і матываваныя, каб працягваць працу ў сістэме адукацыі”.

Цікава, што далучыліся да праекта не толькі настаўнікі біялагічнага профілю. Цікавай тэма стала і для матэматыкаў, гісторыкаў, філолагаў. Першымі да акцыі далучыліся школы і мясцовыя суполкі Вілейскага, Мядзельскага, Слуцкага і Барысаўскага раёнаў Мінскай вобласці, Дубровенскага і Шумілінскага раёнаў Віцебскай вобласці, Лідскага і Астравецкага раёнаў Гродзенскай вобласці, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Брэсцкай вобласці, Чавускі і Магілёўскі раёны Магілёўскай вобласці, а таксама Веткаўскі, Гомельскі, Мазырскі, Рэчыцкі і Хойніцкі раёны Гомельскай вобласці. Папоўнілі кампанію зацікаўленых і студэнты Магілёўскага і Баранавіцкага дзяржуніверсітэтаў.

Дарэчы, гэта тэма ў педагагічным асяродку гучыць не ўпершыню. Яе пачаткам была кампанія “Спынім фосфар”, якая пачыналася ў Шумілінскім раёне Віцебскай вобласці і Вілейскім раёне Мінскай вобласці ў 2012 годзе.

Марына Аляксеенка, настаўніца матэматыкі Башнеўская сярэдняй школы Шумілінскага раёна, успамінае: “Мы з дзецьмі два дні працавалі ў нашым магазіне і правяралі ўсю бытавую хімію на ўтрыманне фасфатаў, і тады, 5 гадоў назад, усяго толькі адна марка пральнага парашку не ўтрымлівала фасфатаў. Тое, чым мы тады заняліся, зацікавіла ўсіх нашых аднавяскоўцаў. А да гэтага ім усё роўна было, што ў складзе меў парашок, – галоўнае, каб добра мыў. І цяпер, калі прайшло 5 гадоў, нам будзе цікава паглядзець, як змянілася сітуацыя, свядомасць людзей. Тым больш што на працягу гэтых пяці гадоў праца па інфарміраванні не спынялася, у тым ліку і ў межах маіх аб’яднанняў па інтарэсах “Сябры прыроды” і “Спадчына”.

І.У. Кулікава, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Шумілінскай раённай гімназіі, ужо больш за 10 год прымае ўдзел у праектах Наталлі Парэчынай і яе калег.

“Дзікія квадраты”, “Назіранне за рэкамі”, даследаванне калодзежаў і вадаёмаў – мы з дзецьмі заўсёды з ахвотай уключаемся ў навучальныя праекты, – гаворыць Ірына Уладзіміраўна. – Уводныя семінары заўсёды праходзілі ў спалучэнні з практычнымі заняткамі, якія праводзілі розныя спецыялісты, вучоныя: батанікі, заолагі, арнітолагі, трэнеры. Яны вучылі і працаваць з дзецьмі, з грамадскасцю, ладзіць кампаніі і навучальныя летнікі.

Такія семінары зараджаюць жаданнем працаваць, бо табе даюць усё гатовае: тэхналогіі, метады, алгарытм дзеянняў і ўсё неабходнае абсталяванне.

Праводзіць хімічныя эксперыменты з тым мінімальным абсталяваннем, якое ёсць у школе, немагчыма, а тут нам давалі і неабходныя прыборы, і інфармацыйныя матэрыялы, і раздатачныя карткі, і вызначальнікі, і розныя наклейкі — усё, што робіць заняткі яркімі, маляўнічымі. Напрыклад, для правядзення хімічнага аналізу вады ў нас была ранцавая лабараторыя: выходзячы на раку, мы маглі проста на беразе правесці свае хімічныя доследы, вызначыць ступень забруджанасці ракі па 19 паказчыках.

І гэта мае вынік. Цяпер я працую ў раённай гімназіі і да нас прыходзяць вучыцца дзеці з сельскіх школ. У малодшых класах яны займаліся ў тых педагогаў, якія ў свой час праходзілі навучанне ў ЦЭР. І гэта відаць па саміх дзецях: яны ведаюць, як выбіраць прадукты, як чытаць этыкеткі, які ўплыў гэта мае на навакольнае асяроддзе. Гэта тыя крупінкі, з якіх і складаецца праца педагога”.

Л.Ф. Анасовіч, выкладчык біялогіі сярэдняй школы № 3 Вілейкі, кіраўнік Рэгіянальнага інфармацыйнага цэнтра па пытаннях якасці вады, таксама адзначае, што першая спроба звярнуць увагу людзей на праблему фасфатаў, зацікавіла многіх.

“Самае важнае ва ўсіх гэтых праектах – інфармаванне дзяцей, а тыя прыносяць інфармацыю ў свае сем’і, і пачынаецца змяненне светапогляду, погляду на жыццё ў дарослых, – гаворыць Людміла Францаўна. – Мы сапраўды часта не звяртаем увагі на тое, што купляем, і тым больш не знаходзім сувязі паміж складам прадукцыі і цвіценнем вадаёмаў, паміж праблемамі скуры, паміж алергіяй і дэрматытамі і ў нас саміх, і ў нашых дзяцей. Для некаторых людзей лімітуючы фактар – цана і якасць парашка ці касметычных сродкаў. Усе нашы дзеці – у будучыні дарослыя, бацькі. І калі не цяпер, то ў будучыні, стоячы ля паліцы з бытавой хіміяй, яны абавязкова ўспомняць нашы даследаванні. Можа, тое, што я расказваю на ўроках біялогіі, як размнажаюцца кветкі, некаму будзе і не трэба. А вось практычныя веды спатрэбяцца кожнаму, бо менавіта ад дасведчанасці будзе залежыць і здароўе людзей, і, калі хочаце, захаванне геному ўвогуле”.

У межах кампаніі “Рэкі без фасфатаў” будзе праведзена анкетаванне мясцовых жыхароў, каб высветліць, што яны ведаюць праблему ўплыву фасфатаў на навакольнае асяроддзе. Школьнікі правядуць даследаванні магазінаў для вызначэння долі бесфасфатных мыйных сродкаў на паліцах крам, зробяць запісы ў “Кнігах водгукаў і прапаноў” з просьбай пастаўляць сінтэтычныя мыйныя сродкі без фасфатаў ці пагутараць пра гэта з таваразнаўцамі і загадчыкамі магазінаў і распаўсюдзяць плакаты “У гэтым магазіне вы можаце купіць бесфасфатныя мыйныя сродкі, якія НЕ шкодзяць нашым рэкам і азёрам”.

Акрамя таго, школьнікі падчас экскурсій на мясцовыя ачышчальныя збудаванні даведаюцца, якія яны прымяняюць метады выдалення злучэнняў фосфару з камунальных сцёкавых вод і раскажуць пра гэта ў сваіх кароценькіх відэарэпартажах “Куды ідуць сцёкавыя вады майго дома?” і размесцяць іх наYouTube. Настаўнікі з усіх рэгіёнаў, якія захацелі ўзяць удзел у праекце, правядуць адкрытыя ўрокі для дзяцей з суседніх раёнаў з мэтай прыцягнення ўвагі да праблемы. Акрамя таго, у кожным раёне пройдуць інфармацыйныя акцыі “Рэкі без фасфатаў”.

А каб расказаць і паказаць, як правесці ўсю гэтую работу найбольш эфектыўна, і быў праведзены семінар. Натуральна, што кампанія пяройдзе ў цыкл даследчых работ навучэнцаў. Таму Ірына Рамуальдаўна Клявец, настаўнік-метадыст, пераможца конкурсу “Настаўнік года 2006” Рэспублікі Беларусь, падрабязна расказала пра інавацыйныя падыходы ў навучанні і даследчай дзейнасці навучэнцаў. Падчас майстар-класа ад экспертаў педагогі навучыліся чытаць этыкеткі і выяўляць фасфаты і іх вытворныя ў мыйных сродках, даведаліся, як зрабіць відэарэпартаж, як планаваць і праводзіць асветніцкія мерапрыемствы для мясцовага насельніцтва, як наладзіць супрацоўніцтва са СМІ і падрыхтаваць для іх артыкул.

Інфармацыйная кампанія “Рэкі без фасфатаў” працягнецца да 30 красавіка 2018 года і завяршыцца 2-дзённым фестывалем на базе Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе і пройдзе падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне самых актыўных удзельнікаў.

Святлана НІКІФАРАВА