Рэкі малыя, праблемы вялікія — вырашаем разам

- 11:27Выхаванне

Стаць удзельнікам яркага самабытнага фестывалю заўсёды цікава, а па запрашэнні сяброў цікава і прыемна ўдвая. Для журналістаў фестываль малых рэк, што прайшоў нядаўна ў Шаркаўшчынскім раёне, пачаўся ў Германавічах. Аматарам роднай прыроды аграгарадок добра вядомы як цэнтр экалагічнага выхавання і асветы, не ў малой ступені дзякуючы энтузіястам з мясцовай школы.

З настаўніцай біялогіі і геаграфіі Марынай Фёдаравай чытачы пазнаёміліся ў 2014 годзе, калі яна перамагла ў Рэспубліканскім конкурсе на лепшага грамадскага эколага (дарэчы, сёлетні пераможца фатограф Валерый Кавалёнак таксама выпускнік Германавіцкай сярэдняй школы). З вялікай цікавасцю сачылі мы за працай дарослых і юных удзельнікаў школьнага экалагічнага клуба. Тая ж, у сваю чаргу, была непарыўна звязана з праектам “Малыя рэкі — вялікія праблемы”, які з мая 2013 года рэалізоўваецца ў басейне ракі Дзісны на тэрыторыі трох раёнаў Віцебскай вобласці — Глыбоцкага, Пастаўскага, Шаркаўшчынскага, і фінансуецца Еўрапейскім саюзам і раённымі выканаўчымі камітэтамі. Вядучым партнёрам праекта выступае мясцовы фонд садзейнічання развіццю міжнароднага дыялогу і супрацоўніцтва “Інтэракцыя”.Да малых адносяцца рэкі даўжынёй да 100 км і плошчай вадазбору да 2 тысяч квадратных кіламетраў. Трэба сказаць, што гэта найбольш распаўсюджаны від водных аб’ектаў на Зямлі. Існаванне сярэдніх і буйных рэк і азёр залежыць менавіта ад малых рэчак з рачулкамі. Яны выступаюць крыніцай жыўлення падземных гарызонтаў, а ў многіх краінах — непасрэднай крыніцай пітной вады для жыхароў сельскіх раёнаў. Падобныя вадаёмы нярэдка выкарыстоўваюцца для паліву палёў, яны ж уяўляюць сабой важны фактар станаўлення такой важнай крыніцы эканамічнага росту, як аграэкатурызм. Разам з тым малыя рэкі вельмі ўразлівыя перад знешнімі ўздзеяннямі: з-за сваіх памераў яны не могуць досыць хутка самаачышчацца. Галоўныя пагрозы існаванню рачулак маюць тэхнагенны характар — гэта выкіды вытворчых адходаў з прадпрыемстваў, угнаенняў з палёў і сцёкаў з аўтамабільных дарог, бытавое смецце на берагах. Басейн Дзісны і яе прытокаў (асноўныя з іх — Бірвета, Янка, Авута, Голбіца, Яльнянка, Дрысвяты, Бярозаўка) складае 8180 квадратных кіламетраў. Толькі невялікая яго частка знаходзіцца ў Літве (рака выцякае з возера Дзіснай), большая — на тэрыторыі Віцебскай вобласці. А калі браць пад увагу, што сама Дзісна — адзін з асноўных прытокаў Заходняй Дзвіны (Даўгавы), якая, у сваю чаргу, упадае ў Балтыйскае мора, то лакальны на першы погляд праект набывае міжнароднае і агульнаеўрапейскае значэнне. Вопыт эколагаў пераконвае, што эфектыўна вырашаць праблемы малых рэк можна толькі скаардынаванымі сумеснымі намаганнямі грамадзян, мясцовых улад і грамадскіх арганізацый.
— Устойлівае ўзаемадзеянне ўсіх зацікаўленых бакоў дапамагае больш якасна рэалізаваць экалагічныя ініцыятывы, аператыўна выяўляць крыніцы забруджвання і прымаць меры для іх ліквідацыі. Гэтай мэце прысвечаны праект “Малыя рэкі — вялікія праблемы” і ўсе мерапрыемствы ў яго рамках, — падкрэсліла кіраўнік праекта Ірына Іванова.
Ініцыятыва атрымала шырокі грамадскі рэзананс. У размове з прадстаўнікамі СМІ кіраўнік праекта паведаміла, што да яго актыўна далучылася каля 400 чалавек: навучэнцы з 21 школьнага экалагічнага клуба, педагогі — кіраўнікі гэтых аб’яднанняў, і валанцёры, аб’яднаныя ў 15 экалагічных пастоў. Аматары прыроды правялі больш за 100 экспедыцый, падчас якіх даследавалі хімічны склад вады ў рэках, а таксама ачышчалі іх берагі. Узровень забруджанасці вады юныя эколагі вымяралі пры дапамозе спецыяльных мабільных лабараторый (у адпаведнасці з праектам іх было набыта 15 — па 5 на кожны раён). — Усё пачалося з таго, што нам прапанавалі ўступіць у школьны экалагачны клуб, — падзялілася ўражаннямі Алена Касцюкевіч з аграгарадка Удзела Глыбоцкага раёна. — Мне і маім сябрам прапанова прыйшлася даспадобы: захацелася даведацца пра нешта новае, паўдзельнічаць у сур’ёзнай і вельмі патрэбнай справе. Адкрыццём стала, наколькі складаная зараз сітуацыя нават з нашай маленькай Бярозаўкай, наколькі ёй неабходна наша дапамога. На працягу двух гадоў мы штомесяц выходзілі на рэчку, рабілі замеры, а потым звяралі паказчыкі і дасылалі іх арганізатарам праекта. Дзякуючы клубу я навучылася лепш разумець і цаніць жывое, прыроду, з’явілася жаданне яе ахоўваць і далей вывучаць.
Як праінфармаваў менеджар фонду “Інтэракцыя” Стас Гарэлік, дасланыя юнымі эколагамі і іх дарослымі аднадумцамі даныя па ўзроўні забруджанасці малых рэк аналізаваліся, а потым размяшчаліся на сайце праекта reka-disna.org. Такім чынам, на гэтым электронным рэсурсе кожны жадаючы можа знайсці актуальную інфармацыю аб стане рэк, даведацца, ці ў норме ўзровень фасфатаў, нітратаў і нітрытаў у вадзе. Мяркуецца, што пасля навуковай экпертызы тут жа з’явяцца пашпарты малых рэк, дзе будуць занатаваны іх фізічныя, хімічныя і біялагічныя характарыстыкі. Дакументы першымі (дарэчы, першымі ў сваім родзе — раней “пашпартызацыя” закранала выключна буйныя вадаёмы) атрымаюць Бярозаўка, Мнюта, Мядзелка і Янка. Акрамя таго, у ходзе спецыяльных урокаў школьнікі значна пашырылі свае веды аб месцы і ролі малых рэк у прыродзе. Экспертамі быў распрацаваны пяцігадовы план устойлівага развіцця малых рэк басейна Дзісны для ўсебаковай абароны гэтых вадаёмаў. У выніку акцый па зборы смецця дарослым і дзецям удалося навесці парадак больш чым на 100 кіламетрах берагавой лініі. Праект прадугледжвае рэалізацыю інфраструктурных праектаў у кожным з раёнаў. Як вынік — у аграгарадках Германавічы і Варапаева адноўлены гістарычныя паркі, у Глыбокім — набярэжная.
Калі падчас экскурсіі па прыгожым парку ў Германавічах каардынатар экалагічных пастоў “Малыя рэкі — вялікія праблемы” Вольга Мароз заўважыла, што гэтае месца працяглы час было несанкцыянаваным сметнікам, паверыць было цяжка.— Яшчэ калі я вучылася ў школе, мясцовыя жыхары зносілі сюды рыззё, бытавое смецце. Тэрыторыя парку зарастала крапівой, водная сістэма таксама прыходзіла ў заняпад, — пацвердзіла Марына Фёдарава. — Парадаксальна, але ў той жа час мы не мелі прыдатнага месца для грамадскага адпачынку. Асабіста мне як настаўніку біялогіі парк быў неабходны для правядзення ўрокаў. Дзіўна вывучаць расліны і жывых істот па карцінках, калі побач са сценамі школы на іх можна паглядзець! Упэўнена, што дзякуючы праекту “Малыя рэкі — вялікія праблемы” Германавіцкі парк стане гонарам аграгарадка. На сёння смецце вывезена, зараснікі прыбраны, дарожкі расчышчаны. Каля ракі ўсталявалі лавачкі і альтанкі, у якіх прыемна адпачыць і можна праводзіць урокі на свежым паветры. Да таго ж для патрэб школы набылі біноклі і падзорную трубу: вывучаць свет дзікай прыроды цяпер будзе зручней. Мы з навучэнцамі і калегамі марым пра далейшае добраўпарадкаванне і аднаўленне гістарычнай сістэмы сажалак — пакуль яны ў занядбанні.
Значная ўвага ў рамках праекта ўдзялялася развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў: толькі на творчы конкурс аб малых рэках дзеці прадставілі больш за 100 эсэ і фотаздымкаў. Выставы работ дзейнічалі з мая па чэрвень мінулага года ў Паставах, Глыбокім і Шаркаўшчыне. Дзеці ўдзельнічалі ў конкурсе фатаграфій, напісанні эсэ аб сваіх рэках, а для гэтага трэба было вывучыць многа матэрыялаў, прайсці многа кіламетраў, зрабіць цікавыя кадры, за што яны таксама атрымлівалі своеасаблівую маральную ўзнагароду: было цікава адчуць сябе і вучонымі, і журналістамі. Акрамя таго, улетку сёлета і ў мінулым годзе прайшлі 2 экалагічныя лагеры, і калі да ўдзелу ў першым з іх навучэнцы адносіліся крыху насцярожана, то цяпер пуцёўка ўспрымаецца як узнагарода лепшым за актыўную працу. Першы раз юныя эколагі сабраліся ў канцы ліпеня пазамінулага года. Тады ў Германавічах хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся працаваць з сайтам праекта reka-disna.org і хімічнымі лабараторыямі для вызначэння ступені забруджанасці вады. Гэтым летам юныя гаспадары лагера займаліся падрыхтоўкай… фестывалю малых рэк! Дарослыя вырашылі: паколькі праект ствараўся для школьнікаў, для павышэння экалагічнай культуры навучэнцаў, то яны і будуць галоўнымі генератарамі ідэй для заключнага мерапрыемства. Атрымалася выдатна!Святу папярэднічала канферэнцыя “За чыстыя малыя рэкі басейна ракі Дзісны Віцебскай вобласці”. На ёй партнёры, якія працуюць у рамках праекта “Малыя рэкі — вялікія праблемы”, абмеркавалі вынікі ініцыятывы і разгледзелі варыянты працягу супрацоўніцтва. А непасрэдна фестываль малых рэк, арганізатарамі якога выступілі Шаркаўшчынскі райвыканкам і фонд “Інтэракцыя”, сабраў у гарадскім парку райцэнтра больш за 500 удзельнікаў. Маштабнае свята стала месцам адпачынку і вучобы, абмену ведамі і навыкамі, дзякуючы якім многія жыхары Глыбоцкага, Пастаўскага і Шаркаўшчынскага раёна пачалі больш уважліва ставіцца да малых рэк. Гасцей запрашалі чатыры тэматычныя пляцоўкі. На адукацыйнай можна было даведацца, як забруджванне малых рэк уплывае на якасць вады ў студнях, паспаборнічаць у экалагічных гульнях, конкурсах і віктарынах, азнаёміцца з прэзентацыямі праектаў па энерга- і рэсурсазберажэнні, экалагічных і прыродаахоўных ініцыятыў і нават мабільнай гульні ECOKIDS, а яшчэ пад кіраўніцтвам Валерыя Кавалёнка павучыцца будаваць домікі для прыгожых птушак гогаляў. Што да творчасці, то дарослых і дзяцей чакалі майстар-класы па маляванні пейзажаў ад мясцовых мастакоў (маляваную выяву малых рэк мог заказаць любы жадаючы), выстава лепшых фотаработ удзельнікаў школьнага конкурсу фатаграфій і эсэ на тэму малых рэк, які праводзіўся вясной 2014 года, гасцінны і творчы горад майстроў (прычым рамеснікі разам з удзельнікамі займаліся вырабам керамікі, упрыгажэнняў, сувеніраў менавіта на тэму вады і малых рэк). Уразіла “фотасушка” здымкаў, зробленых падчас праекта. Фатаграфіі, якія вельмі спадабаліся, дазвалялася забраць на памяць. Самых маленькіх наведвальнікаў і іх бацькоў вабілі выступленні дзіцячага экалагічнага тэатра, экалагічная гульня-квест і майстэрня па вырабе экацацак. І, канечне ж, мноства атракцыёнаў! Аматарам водных прагулак запомнілася катанне па Дзісне (лодка ўмяшчальнасцю 28 чалавек курсіравала па рацэ праз кожныя 30 хвілін). На завяршэнне ўрачыстасцей удзельнікі праекта былі адзначаны памятнымі прызамі і дыпломамі. Фінальныя акорды свята прагучалі на галоўнай сцэне ў выкананні калектываў з Мінска — “Нагуаль”, “У нескладовае” і “Рэха”.— Праект “Малыя рэкі — вялікія праблемы” — добрая ініцыятыва, якая вучыць усіх нас беражліва адносіцца да водных рэсурсаў. Яго ўдзельнікі змаглі даведацца шмат новага і шмат чаму навучыцца. І галоўную ўдачу, самае важнае дасягненне праекта я бачу менавіта ў захопленасці дзяцей ідэямі экалагічнага выхавання, — перакананы старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Мікалай Баговіч. — Навучэнцы з цікавасцю далучаюцца да такіх важных спраў, як падтрыманне чысціні і парадку, абарона прыроды. Пасля таго як школьніка навучылі рабіць хімічны аналіз вады і ён яго правёў, пабачыў вынікі, напэўна, ён не стане больш кідаць смецце ў раку. Наадварот, кагосьці яшчэ за руку спыніць, не дасць нашкодзіць прыродзе і людзям. Да таго ж праект быў рэалізаваны ў цікавай гульнявой форме, пры гэтым дзеці навучыліся карыстацца сучаснымі лабараторыямі, у іх з’явіліся сучасныя плавальныя сродкі, для таго каб збіраць пробы з розных вадаёмаў, палепшылася матэрыяльная база ўстаноў адукацыі. У Германавіцкім парку цяпер можна праводзіць адпаведныя вучэбныя заняткі — гэта своеасаблівая дадатковая матывацыя да вывучэння хіміі, фізікі, біялогіі. Дзякуй фонду “Інтэракцыя” і ўсім партнёрам праекта за праведзеную работу. Будзем спадзявацца, што такая дзейнасць працягнецца. Мы са свайго боку заўсёды адкрытыя для супрацоўніцтва.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.