Рэктар БДУ: «Моладзь павінна адчуваць значнасць уласнага голасу і адказнасць за развіццё краіны»

- 14:15Моя гражданская позиция

Як зрабіць, каб энергія і памкненні студэнцкай моладзі былі накіраваны на дабрабыт краіны, а не наадварот? Адказ ведае Андрэй Кароль — рэктар БДУ, доктар педагагічных навук, прафесар. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Андрей Король

Праектная дзейнасць

Знешнепалітычная сітуацыя і глабальная перабудова свету, рост інфармацыйных тэхналогій і маніпуляванне людзьмі сёння ўказ­ваюць на неабходнасць развіцця дасведчанасці моладзі ў галіне права, палітыкі, у інфармацыйных і электаральных пытаннях. Некампетэнтнасць у гэтых тэмах становіцца пагрозай для любой краіны. А таму нароўні з фарміраваннем прафесійных навыкаў важна прывіваць студэнтам прававую і інфармацыйную культуру. У БДУ для гэтага ёсць усе неабходныя ўмовы і рэсурсы. Профільныя факультэты, фундаментальная інтэлектуальная база юрыдычнага профілю ў спалучэнні з інавацыйнымі адукацыйнымі тэхналогіямі, якія ўкараняюцца ў вучэбны працэс, дазваляюць нам аптымізаваць навучанне і выхаванне, напоўніць гэтыя працэсы ўзаемадапаўняльным зместам.

Вялікую ролю ў адукацыі моладзі мы адводзім не толькі прававой культуры, але і праектнай дзейнасці. Студэнтам даецца магчымасць быць ініцыятарамі і рэалізатарамі мерапрыемстваў, галоўны прынцып якіх — “роўны вучыць роўнага”. Напрык­лад, на юрыдычным факультэце сфарміравана маладзёжная мабільная інфармацыйная група. Юнакі і дзяўчаты наведваюць факультэты, працуюць са школьнікамі, каб на даступнай мове данесці інфармацыю аб асноўных палажэннях Канстытуцыі, растлумачыць прызначэнне адзінага дня галасавання. 

Інфармацыйная гігіена

Мы ствараем умовы для фарміравання запатрабаваных часам кампетэнцый і навыкаў інфармацыйнай гігіены праз правядзенне сустрэч студэнтаў з экспертамі, палітыкамі, прадстаўнікамі органаў улады. Вельмі важныя рэгулярныя размовы з моладдзю.

Часам нязручныя пытанні ад студэнтаў дапамагаюць нам убачыць, чым яны занепакоены, ацаніць узровень іх дасведчанасці і аб’ектыўнасці ў палітычных і прававых тэмах.

Дарэчы, пытанне студэнта, а не яго адказ з’яўляецца ключавым кампанентам эўрыстычнай сістэмы, якую мы эфектыўна выкарыстоўваем у БДУ. Запытанне праз спазнанне аб’ектаў навакольнага свету даз­валяе навучэнцу адкрыць сябе, вызна­чыць свае сэнсы і мэты, выявіць і раск­рыць патэнцыял. Напрыклад, з канца мінулага навучальнага года ў нас стартаваў праект “Дыялог рэктара са студэнтамі”. Праз гэтую сацыяльна значную ініцыятыву імкнёмся сфарміраваць у моладзі грамадзянскую адказнасць, патрыятызм, дасведчанасць па актуальных праблемах. Абмяркоўваем па­дзеі ў свеце і нашай краіне, выступленні і заявы нашага Прэзідэнта па пытаннях дзяржаўнага і партыйнага будаўніцтва.

Фарміраванне лідараў

БДУ — інтэлектуальны цэнтр па пад­рыхтоўцы высокапрафесійных спецыя­лістаў для розных сфер эканомікі, у тым ліку для ўсіх галін улады. Многія нашы выпускнікі працуюць у Адміністрацыі Прэзідэнта, Палаце прадстаўнікоў і Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Гэта дапамагае задаволіць дзяржаўны запыт на падрыхтоўку спецыялістаў і скаардына­ваць свае дзеянні ў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Аднак гэта толькі адзін з вектараў нашага ўзаемадзеяння. Другі напрамак — прыцягненне вучоных БДУ ў якасці экспертаў і распрацоўшчыкаў законаў. Напрыклад, з 36 удзельнікаў Канстытуцыйнай камісіі, што працавала над новай рэдакцыяй Асноў­нага закона Беларусі, трое — супрацоўнікі юрыдычнага факультэта.

Трэцяй формай партнёрства можна назваць прыцягненне нашай моладзі да абмеркавання заканатворчых праектаў. Іх жыццядзейнасць залежыць ад актуальнасці і патрэбнасці ў гэтых новаўвядзеннях нашага грамадства. А ў гэтым пытанні вельмі адчувальнай аўдыторыяй выступае студэнц­тва, таму важна арыентавацца на іх думку. З удзе­лам дэпутацкага корпуса ў БДУ право­дзяцца лекцыі, семінары, адкрытыя дыялогі, дыскусійныя пляцоўкі. Гэта дапамагае моладзі лепш разумець мэтазгод­насць і змест прынятых змяненняў і ініцыіраванне новых.

Чацвёрты вектар звязаны з удзелам актывістаў універсітэта ў рабоце Маладзёжнага парламента Беларусі. Такая практыка дазваляе ім увайсці ў прафесійнае кіраўнічае асяроддзе, хутчэй рэагаваць на бягучы парадак дня ў краіне, разумець прымаемыя законы і праекты. Такая дзейнасць фарміруе лідараў меркаванняў, якія адначасова становяцца “мостам” для зваротнай сувязі па перадачы запытаў ад мола­дзі і трансліруюць ёй важныя для дзяржавы рашэнні.

Практыка аднамаментных выбараў не новая і прымяняецца ў многіх краінах. Змяненне беларускай электаральнай сістэмы, безумоўна, крок наперад у развіцці грамадзянскай усвядомленасці і актыўнасці. Цяпер кожны выбаршчык зможа комплексна ўбачыць і зразумець, як выбудоўваецца палітычная і грамадска-грамадзянская вертыкаль, ацаніць узаемазалежнасць і зладжаную работу ўсіх галін улады. Акрамя таго, адзіны дзень галасавання дазволіць засяродзіць на адным працэсе ўсе палітычныя сілы ў краіне і кансалідуе грамадства для ўдзелу ў выбарчым пра­цэсе.

Моладзь павінна адчуваць знач­насць уласнага голасу і адказнасць за развіццё дзяржавы, бо яны ўжо яе частка і будучыня ў іх руках. На ўсіх сустрэчах з кіраўніцт­вам БДУ студэнты задаюць пытанні пра важ­насць удзелу ў выбарах і перавагі правя­дзення адзінага дня галасавання. Тлумачым, што новая форма мае шэраг магчымасцей. Гэта ўмацаванне і актывізацыя грамадзянскай пазіцыі насельніцтва, прыўнясенне яснасці і разумення ў выбарчы працэс, яго механізмы і складнікі, стварэнне аптымальных умоў для правя­дзення выбараў дэпутатаў, ад якіх будзе залежаць вырашэнне як прыватных, так і глабальных грамадска-палітычных праб­лем.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва БДУ