Для таго каб управіцца з нядобрымі жыццёвымі падзеямі, чалавеку неабходны рэсурсы, у першую чаргу — псіхалагічныя, як унутраныя крыніцы пераадолення гэтых падзей, а траўма раздзяляе чалавека з яго рэсурсам. Для аказання псіхалагічнай дапамогі падлеткам, якія перажываюць крызіс, псіхолагу важна разумець, які крызіс перажывае падлетак, на якой стадыі пражывання крызісу ён знаходзіцца і якія стратэгіі пераадолення крызісу ён выкарыстоўвае. І тут неабходна вызначыць ужо існуючыя ў падлетка “рэсурсы, якія вылечваюць” і дапоўніць іх новымі стратэгіямі (асабліва калі крызіс адчуваецца як тупік).
Псіхалагічная работа з крызіснымі станамі заключаецца ў палягчэнні эмацыянальнага стану падлетка і выхадзе на канструктыўнае вырашэнне сітуацыі крызісу. Асноўнае правіла: крызісны стан патрабуе ад чалавека вялікіх намаганняў, каб выйсці на звычайны ўзровень жыцця, таму сітуацыю нельга “адпускаць”, яна павінна кантралявацца.
На пачатковым этапе работы з падлеткам, які перажывае крызіс, псіхолагу важна засяродзіцца на наступным:
— наладзіць унікальны, эмпатычны, падтрымліваючы кантакт;
— растлумачыць падлетку, што яго думкі, пачуцці і рэакцыі — гэта вынік крызісных змен, але ён можа актыўна ўдзельнічаць у працэсе аднаўлення і яго перажыванні і паводзіны з’яўляюцца “нармальнымі” для гэтай сітуацыі.
Для арганізацыі псіхалагічнай работы з падлеткам важна ўлічваць “узровень крызісу, які перажываецца”, або тып крызісу.
- Руцінны крызіс: крызісная падзея не з’яўляецца псіхатраўмай, выклікае эмацыянальны дыскамфорт, абвостраны ўнутрыасобасныя супярэчнасці, у наяўнасці рэсурсы, сэнсы. Такі крызіс чалавек здольны пераадолець сам. Дапамога: адрэагаванне негатыўных перажыванняў, навучанне самарэгуляцыі, пераадоленне ўнутраных супярэчнасцей.
- Значны крызіс: крызісная падзея можа з’яўляцца псіхатраўмай, моцны эмацыянальны дыскамфорт, з’яўляецца ўнутрыасобасны канфлікт, дэфіцыт рэсурсаў, верагоднасць страты сэнсаў. Дапамога: адрэагаванне негатыўных перажыванняў, актуалізацыя ўнутраных рэсурсаў, пошук сэнсаў, пераадоленне ўнутрыасобаснага канфлікту, псіхатэрапеўтычная дапамога.
- Востры крызіс: крызісная падзея з’яўляецца псіхатраўмай, вельмі моцны эмацыянальны дыскамфорт, страта асобасных рэсурсаў і сэнсаў, адчуванне ўнутрыасобаснага вакууму. Дапамога спецыфічная (псіхатэрапеўтычная, псіхіятрычная), крызісная інтэрвенцыя.
Тактыка работы псіхолага з падлеткам у залежнасці ад “стадыі крызіснага стану” можа заключацца ў наступным:
— на стадыі “псіхічнага шоку” (перыяд дэзарганізацыі псіхічнай дзейнасці — да трох сутак з моманту псіхатраўмы): “быць побач”, актыўная прысутнасць, гаварыць павольна, пранікліва глядзець у вочы, больш маўчаць, вытрымліваць тэрапеўтычныя паўзы, паказваць сваю зацікаўленасць, падтрымку.
— на найбольш суіцыданебяспечных стадыях дэзарганізацыі (перыяд “пражывання” псіхатраўмы — ад сутак да двух тыдняў) і дэмабілізацыі (перыяд поўнага ўсведамлення сітуацыі, якая склалася, яе бязвыхаднасці — ад некалькіх сутак да некалькіх тыдняў): дапамагчы пражыць падлетку моцныя пачуцці, умець спраўляцца з яго афектамі, звяртаць увагу на рэсурсную зону крызісу, зону магчымасцей, асаблівы кантроль за сітуацыяй.
— на стадыях адаптацыі, “прыняцця” (перыяд рацыяналізацыі псіхатраўмы, уключэння яе (або яе наступстваў) ва ўнутрыасобасную карціну свету, а таксама вырашэння псіхатраўміруючай сітуацыі — некалькі тыдняў) і аднаўлення (перыяд нармалізацыі псіхічнай дзейнасці працягласцю некалькі месяцаў): работа з тым, наколькі чалавек можа набірацца вопыту з пражытага крызісу і наколькі пражыты крызіс спрыяе яго асобаснаму росту.
З дапамогай наступных пытанняў можна захаваць і стабілізаваць стан, здароўе падлетка, дапамагчы яму свядома запусціць механізм “рэсурс пераадолення”, узяць сітуацыю пад кантроль і прыняць адказнасць перад самім сабой — гэта і ёсць тэрапеўтычны працэс: у хуткім часе пасля траўматычнай падзеі: “Калі гэта здарылася, што ты рабіў, што адчуваў, што думаў? І што табе дапамагло, а што, наадварот, пагоршыла твой стан?”; праз нейкі час: “Што табе дапамагло справіцца з сітуацыяй, а што цябе прыгнятала?”, “Якія дзеянні іншых людзей табе дапамаглі, а якія, наадварот, толькі ўзмацнялі твае перажыванні?”.
Выкарыстоўваючы мультымадальную мадэль BASIC Ph, можна ацаніць паводзіны чалавека, які змагаецца з крызісам, і выпрацаваць да яго эфектыўны падыход. Мадэль складаецца з шасці відаў стратэгій пераадолення крызісу: вера, пачуцці, зносіны, уяўленне, пазнанне, фізічныя здольнасці (цела). Любы чалавек мае пэўны набор гэтых стратэгій — свой “код выжывання”. Адны стратэгіі могуць часта выкарыстоўвацца, а іншыя практычна не. І тут важна вызначыць ужо існуючыя “рэсурсы, якія вылечваюць” і дапоўніць іх новымі стратэгіямі (асабліва калі крызіс адчуваецца як тупік).
Некаторыя рэкамендаваныя спосабы і прыёмы аказання псіхалагічнай дапамогі падлеткам у крызісным стане:
Метафара. Выкарыстанне ўзораў, казак, прыпавесцей, выпадкаў з жыцця дазваляе глянуць на сітуацыю быццам збоку, бяспечна, знізіць суб’ектыўную значнасць праблемы, яе ўнікальнасць.
Вызначэнне лагічных узаемасувязей. Псіхолаг разам з дзіцем вызначае паслядоўнасць падзей, выяўляе ўплыў унутраных (суб’ектыўных) фактараў на тое, што адбываецца, і іх узаемасувязь.
Эмацыянальнае заражэнне. Псіхолаг можа памяняць (адкарэкціраваць) эмацыянальны стан дзіцяці, заражаючы яго сваім эмацыянальным настроем.
Дапамога ў адрэагаванні неканструктыўных эмоцый у форме смеху, слёз, выгаворвання, актыўнага дзеяння (пахадзіць, пастукаць, пабіць падушку, патупаць нагамі, намаляваць, пачарціць, напісаць).
Рэлаксацыі ў форме медытацыі, аўтатрэнінгавых і рэлаксацыйных практыкаванняў.
Павышэнне энергіі і сілы. Рухальныя практыкаванні, пераўвасабленні, разумовае “падключэнне” да розных крыніц энергіі.
Пераацэнка. Пераацэнка негатыўных пачуццяў і думак дазваляе выпрацаваць новы погляд на сітуацыю — “змяніць рамку”.
Унутраныя перамовы. Псіхолаг можа дапамагчы дзіцяці ўсвядоміць бакі, якія канфліктуюць (субасобы), і арганізаваць унутраныя перамовы, якія вядуць да кампрамісу. Пасля спецыяльных трэніровак дзіця навучыцца падключаць да перамоў свайго Творцу — мудрую творчую сілу, якая ёсць у кожнага чалавека.
Трансфармацыя асабістай гісторыі. Калі нельга змяніць рэальныя падзеі жыцця, то можна змяніць адносіны да іх. У тых выпадках, калі падлетак пакутуе ад думак, што ён не сказаў або не зрабіў нечага, можна прапанаваць яму зрабіць гэта, актуалізаваўшы адпаведную сітуацыю падчас псіхалагічнай работы (у думках, у гульнявой мадэлі).
Мэтаўпарадкаванне. Пошукам новых жыццёвых мэт і сэнсаў варта заняцца, калі дзіця адчувае апустошанасць, у яго малая каштоўнасць уласнага існавання, яно хоча змяніць сваё жыццё, але не ведае, у якім напрамку рухацца (рацыянальныя тэхнікі, творчае ўяўленне).
Аказанне дапамогі ў пошуках ідэнтычнасці.
Напрыклад, методыка “Засяроджанае летуценне”. Яе рэалізацыя ажыццяўляецца ў некалькі крокаў.
- Складанне праекта жаданай будучыні. Для гэтага можна выкарыстоўваць запіс усіх жаданняў без крытыкі і абмежаванняў на працягу 10—15 хвілін; складанне фільма пра ўласнае жыццё з фіксацыяй шэрага кадраў з жаданай будучыні; падарожжа на “машыне часу” ў сваю будучыню; мысленнае падарожжа ў “асаблівае месца”, дзе можна пагутарыць з мудрацом і пачуць яго павучанні, і інш.
- Вызначэнне часавай сеткі. Калі ўсё, што вылучана на першым этапе, адносіцца да заўтрашняга дня, трэба падумаць пра блізкую перспектыву; калі мэты адносяцца да далёкага часу, варта падумаць пра найбліжэйшыя крокі іх рэалізацыі.
- Выбар найбольш важных мэт і каштоўнасцей, абгрунтаванне іх важнасці.
- Праверка сфармуляваных мэт і каштоўнасцей на пазітыўнасць, канкрэтнасць, дасягальнасць, зразумеласць, этычнасць.
- Складанне спіса рэсурсаў для дасягнення мэты.
- Складанне спіса абмежаванняў на шляху да мэты.
- Складанне пакрокавага плана дасягнення мэты.
Трэба адзначыць, што канкрэтныя дзеянні, практыкаванні, працэдуры, якія выбірае псіхолаг для аказання псіхалагічнай падтрымкі, залежаць ад самой сітуацыі і асобы падлетка. І ёсць падлеткі, якія ў цяжкай сітуацыі самі звяртаюцца па дапамогу. Але ёсць і тыя, якія могуць адчуваць вострую патрэбу ў падтрымцы, але не ўмеюць выказаць яе, і ў гэтым выпадку задача дарослага — прапанаваць сваю дапамогу. Аднак калі дзіця яўна адштурхвае дарослага, то варта з павагай аднесціся да яго жадання і вельмі мякка, неназойліва арганізаваць дапамогу і ўдзел. Галоўнае, каб дзеянні былі накіраваны на сацыялізацыю падлетка за кошт ліквідавання прычын, якія перашкаджаюць паспяховаму пражыванню крызіснай або стрэсавай сітуацыі.
Анжэла КРЫВАНОС,
педагог-псіхолаг гімназіі № 5 Гродна.