Рэцэпт студэнцкага шчасця,

- 11:57Якасць адукацыі

або Важкія дывідэнды рэпетытарства

Гарачыя дзянькі сёлетняй уступнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай адукацыі нашай краіны ўжо скончаны — пару дзён назад завяршылася ўступная кампанія на платнае аддзяленне. Такім чынам, учарашнія абітурыенты, якія набралі дастатковую колькасць балаў на ЦТ, нарэшце могуць расслабіцца і, што называецца, удыхнуць лета поўнымі грудзьмі. І пракрычаць самому сабе і ўсяму свету: “Усё! Нарэшце! Скончана! Я! Стаў! Студэнтам!”

Гэта што тычыцца абітурыентаў 2017 года. А вось у абітурыентаў-2018, а дакладней іх бацькоў, зараз якраз — самая гарачая пара. Час падбору рэпетытараў на наступны сезон. Вы думаеце гэта так проста? Зусім не.

У нашым грамадстве, а дакладней, у пэўнай яго часткі, пануе цвёрдае меркаванне, што шлях ва ўніверсітэт зараз магчымы толькі адным маршрутам — праз заняткі з рэпетытарам. Усе мы жадаем сваім дзецям толькі найлепшага, таму да такой важнай справы, як выбар прафесіі і, адпаведна, выбар установы вышэйшай адукацыі, падыходзім надзвычай адказна. Мы шукаем Рэпетытараў.

Рэпетытарства як масавы від дзейнасці ўзнікла на постсавецкай прасторы менавіта тады, калі гэтая прастора стала постсавецкай — у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. І калі рэпетытараў той эпохі можна было зразумець — у краіны быў няпросты перыяд, настаўнікі зараблялі катастрафічна мала, а ім трэба было выжываць і карміць сем’і, — то сучаснае рэпетытарства — гэта, хутчэй, не заробак на кавалак хлеба, а атрыманне важкіх бонусаў, “дывідэндаў”. За свой розум, свае ўменні і навыкі, сваю абачлівасць і практычнасць. Ва ўсе часы школьныя настаўнікі, убачыўшы ў вучні жаданне вывучаць прадмет паглыблена, займаліся з дзіцем дадаткова. Зараз гэта выключна камерцыйны праект, пастаўлены на паток. Раней мы вучылі самых таленавітых і атрымлівалі ўнікальны, штучны прадукт. Зараз мы вучым усіх, у каго ёсць магчымасць заплаціць.

У інтэрнэце рэпетытарскія цэнтры растуць, як грыбы пасля цёплых летніх дожджычкаў. Як тут не разгубіцца. Маладыя і сталыя, пачынаючыя настаўнікі і педагогі з велізарным вопытам, настаўнікі пачатковай школы і ўніверсітэцкія выкладчыкі… І амаль у кожным рэзюмэ падкрэсліваецца: “Выкладаю свой прадмет у школе”. Міжволі задумваюся: калі гэтыя людзі рыхтуюцца да заняткаў (зранку — урокі ў школе, а вечарам і па выхадных — рэпетытарскія паслугі)? Заняткі ў групах і індывідуальна, адзін на адзін і ў віртуальнай прасторы, падрыхтоўка да ЦТ і АДЭ, да паступлення ў гімназію, прапрацоўка школьнага падручніка за некалькі гадзін, аўтарскія методыкі, выкараненне прабелаў у ведах, заняткі ў вольнай форме і нават на экскурсіях у музеі. Галава пухне. Што будзе лепш для майго дзіцяці? Мажліва, дачцэ варта падцягнуць некаторыя прадметы? Мажліва, і нам патрэбны рэпетытары?

* * *

Знаёмая клапатліва раіць педагогаў, паслугамі якіх скарыстоўвалася сама, калі яе дзіця некалькі гадоў назад паступала ва ўніверсітэт. Тэлефаную. Рэпетытар К. пацвяр-джае, што яшчэ маюцца вольныя месцы ў яе шчыльным працоўным графіку, але трэба вызначыцца літаральна сёння-заўтра. На яе паслугі заўсёды чарга. Працаваць яна можа толькі ў пэўныя гадзіны, таму майму дзіцяці трэба будзе неяк падстроіцца пад гэты напружаны рытм. Давядзецца ў гадзіну пік ехаць праз усю сталіцу. Пра заняткі ў спартыўнай секцыі і студыі ігры на гітары давядзецца забыць. І каштаваць гэта будзе, мякка кажучы, зусім не танна. (Дарэчы. Не верце, калі вам гавораць, што рэпетытара можна знайсці за тую суму, якая была ў мінулым сезоне, ці тую, якая агучваецца ў інтэрнэце. Яны вельмі рэдка супадаюць. Часцей за ўсё рэпетытар захоча атрымаць за сваю працу ў сярэднім на 30—50 працэнтаў больш. Попыт стымулюе цэнаўтварэнне. Мы самі сваімі дзеяннямі падказваем рэпетытарам, што гатовы плаціць больш.)

Іду далей. Рэпетытар Т. запрашае нас дадому. Яна настолькі прыязная да нас з дачкой, што тут жа, на месцы, хочацца заключыць з ёй дамову. Працуе педагог па ўласнай методыцы, выкладае ў школе і з усім спраўляецца. Праблем не будзе. Майму дзіцяці нават не давядзецца нічога пісаць. Ні радочка. Усё будзе запісваць рэпетытар. Цікава. Бачу, як у майго дзіцяці загараюцца вочы: рэпетытар ёй падабаецца, гэта той тып настаўніка, якіх дачка шукае ў школе. Вось ёсць жа такія педагогі! І яны працуюць у нашых школах. Ну што, дамаўляемся?

І тут пытанне кошту паслуг спускае мяне з нябёс на зямлю. Замест агучаных па тэлефоне 10 еўра за гадзіну рэпетытар жадае атрымліваць 15. І гэта плата не за астранамічную, а за акадэмічную гадзіну, якая доўжыцца 45 хвілін… Усё з той жа прыязнай усмешкай рэпетытар тлумачыць, што мінулагоднія цэны ўжо не актуальныя. У наступным годзе яе дзіця будзе паступаць ва УВА, таму ёй неабходны грошы… на рэпетытараў. Яна б рада дапамагчы нам, але фінансы — рэч жорсткая. Я павінна яе зразумець. Я і разумею: для яе важна толькі ўласнае дзіця, а маё дзіця — яе магчымасць зарабіць.

Меркаванні наконт таго, ці патрэбны рэпетытары, каб паступіць ва ўстанову вышэйшай адукацыі. З адкрытых крыніц інтэрнэту:

* Самаадукацыя адыгрывае вялікую ролю. Калі я рыхтаваўся да паступлення, то сам займаўся рускай мовай і гісторыяй Беларусі і набраў 70 — 80 балаў на ЦТ. Калі інтэлект вышэй за сярэдні і добрая ступень арганізацыі, то можна вывучыць і па падручніках.

* Можна і самому паступіць на бюджэт, калі прыкладаць да гэтага належныя намаганні.

*Нельга паступіць у ВНУ без рэпетытараў. У мяне ўнук ходзіць то да аднаго рэпетытара, то да другога. Школьных гадзін не хапае для вывучэння пэўных прадметаў. У мой час было больш гадзін беларускай мовы.

* Можа, і можна, але я не змог. Пайшоў на платнае. Тут не столькі рэпетытары важныя, як шанцаванне.

* Дачка паступала ў мінулым годзе. З рэпетытарамі займалася апошнія два класы. Займалася з імі англійскай, матэматыкай і грамадазнаўствам. Выдаткавалі мы каля трох тысяч долараў на гэта. Паступіла. Змагла б без іх? Можа, і змагла б, але ўжо вельмі мы перажывалі.

* У школьных настаўнікаў нізкая заработная плата, таму няма матывацыі для належнага навучання. І абітурыентам прыходзіцца шукаць рэпетытараў.

* Я б сказала, што без рэпетытара паступіць практычна немагчыма. Матэрыял у школе падаецца разрознена.

* Я не магу сказаць, што абавязкова трэба браць рэпетытара, не ва ўсіх у гэтым ёсць патрэба. Але для замацавання ведаў некаторым, можа быць, патрэбна падтрымка.

* Рэпетытары цану сабе набіваюць, без іх ніяк.

* Поспех вучня — гэта яго стараннасць і старанне, пэўныя здольнасці, жаданне ісці да пастаўленай мэты. Нават самы добры рэпетытар не зможа ўкласці веды гультаяватаму і немэтанакіраванаму абітурыенту. З другога ж боку, рэпетытар вельмі добра дапамагае стараннаму вучню, які імкнецца да ведаў.

Ведаеце, я цалкам разумею і падтрымліваю гэтую жанчыну. Яна поўнасцю мае рацыю як маці. Аднак каб вы ведалі, як прыкра на сэрцы.

Можа, з аб’явамі ў інтэрнэце мне пашанцуе больш? Цікавая акалічнасць: запаўняю заяўку на сайце ў прасторы байнэта, а праз пару хвілін мне тэлефануюць… з Масквы. Аказваецца, у сталіцы Расійскай Федэрацыі добра разумеюць мае патрэбы і рэкамендуюць на выбар некалькі рэпетытараў па беларускай (!) мове, якія змогуць займацца з маім дзіцем у нас дома. Гэта прадыктавана, напэўна, клопатам пра маё дзіця, бо навошта 16-гадовай дзяўчынцы ездзіць па вечарах праз увесь горад. І каштаваць гэта будзе не надта дорага. Рызыкну патэлефанаваць па прадастаўленых нумарах тэлефонаў.

Два нумары аказваюцца неактуальнымі — настаўнікі спынілі сваю рэпетытарскую дзейнасць. Далей мне “шанцуе” больш. Рэпетытар Р. адразу пытаецца, куды будзе паступаць мая дачка. У БДУ? Тады ёй патрэбны вельмі высокі бал. Ці ведаю я, што прахадныя балы ў гэтую ўстанову вышэйшай адукацыі ў гэтым годзе выраслі на 30—50 – адзінак? Ведаю. Таму мне трэба будзе заплаціць не тую суму, якая пазначана ў аб’яве на сайце, а большую ўдвая — 20 еўра за гадзіну. Аказваецца, кошт заняткаў залежыць яшчэ і ад гэтага фактару. Ну лагічна ж! Нам занадта дорага? Тады яна можа даць нумар тэлефона свайго былога вучня, які зараз працуе выкладчыкам аднаго з вядучых універсітэтаў і адначасова набірае групу як рэпетытар. Можа, ён пагодзіцца працаваць за меншую суму? І наогул, якія могуць быць развагі пра кошт, калі гаворка ідзе пра паспяховую здачу ЦТ і будучыню майго дзіцяці?

Рэпетытар М. больш гібкая ў плане аплаты. Так, яна згодна займацца за агучаныя 10 еўра за гадзіну, аднак крыху бянтэжыцца, калі я гавару, што хацела б папрысутнічаць на першых занятках, каб скласці ўражанне пра тое, ці падыходзіць яна нам як педагог. Некалькі разоў пераносіць наша знаёмства і першыя заняткі і, у рэшце рэшт, дасылае СМС, што не будзе працаваць з маёй дачкой. Каментарыі, як мне думаецца, не патрэбны.

* * *

Я нездарма так падрабязна апісвала свае пошукі ідэальнага рэпетытара. У нашым грамадстве чамусьці лічыцца, што школа не зможа даць веды для паўнавартаснай падрыхтоўкі да ЦТ. У нашым грамадстве рэпетытары — паважаныя людзі, іх прозвішчы на слыху, самыя ўдачлівыя з іх ствараюць прыватныя кампаніі па падборы рэпетытараў і, думаю, нядрэнна зарабляюць. Гэтыя людзі маюць “вагу” ў нашым грамадстве, іх запрашаюць на ток-шоу, бяруць у іх інтэрв’ю па тэме ўступнай кампаніі. Іх меркаванне цэніцца. Як і іх час. І за ўсё гэта плацяць бацькі будучых студэнтаў.

Мне зараз хочацца сказаць нашым шматлікім рэпетытарам: “Людзі, майце сумленне”. Так, ваша работа — гэта чыстая камерцыя, дык не трэба гаварыць нам, бацькам, што вы працуеце дзеля нашых дзяцей. Не трэба ганіць школу, дзе вы працавалі або працуеце да гэтага часу, таму што яна дае вам магчымасць назапасіць веды, уменні і навыкі і прымяніць іх на практыцы. Масавая школа зрабіла кожнага з вас прафесіяналам. Будзьце ўдзячнымі.

Прызнаюся: у мяне няма адназначнай высновы наконт з’явы рэпетытарства. Я не магу адназначна сказаць, што гэта добра або дрэнна. Ну што такога, калі чалавек дапамагае дзіцяці асвоіць праграму? Але мне заўсёды прыкра ад таго, што многія з нас ацэньваюць сваю работу толькі грашыма. Ёсць база — яна ўваходзіць у адукацыйны стандарт, а ўсё, што звыш, — за дадатковую плату. Знаёмы настаўнік-рэпетытар разважае так: “За зарплату я праводжу ўрокі, а за мае веды і ўменні трэба заплаціць”.

Цікава, так толькі ў адукацыйнай галіне ці гэта паўсюдная з’ява? Уявім сабе сітуацыю. Высакакласны пекар прыходзіць на працу, атрымлівае заказ на выпечку хлеба, атрымлівае стандартны набор прадуктаў і пачынае працаваць. І вось ён, пекар, замешваючы цеста для хлеба, выпякае яго ў двух варыянтах. Базавы варыянт — шэры і звычайны, па стандарце. І камерцыйны варыянт — па ўласнай методыцы, з духмянымі травамі, па старадаўніх ці, наадварот, найноўшых рэцэптах. Набор прадуктаў — аднолькавы, часавыя затраты — такія ж. Аднак свой камерцыйны варыянт пекар ацэньвае ўдвая даражэй, чым стандартны. Думаю, мы будзем абурацца, бо хлеб — ён і ёсць хлеб, нельга яго прадаваць па завышанай цане, нават калі яго выпякаў суперпрафесіянал, які перабраў у сваім жыцці мноства рэцэптаў і выбраў найсмачнейшы. Ён не мае права цаніць свой розум і ўменні так дорага!

Я ўпэўнена толькі ў адным: калі ты прафесіянал — ты кожны дзень працуеш напоўніцу. Ты не можаш інакш. Ты не можаш зранку праводзіць стандартныя ўрокі, а вечарам тварыць за грошы. Муза творчасці не прыйдзе ў строга вызначаны час нават да самага вопытнага і кампетэнтнага. Нават за 20 еўра ў гадзіну. На тое яна і муза.

Гарачыя дзянькі сёлетняй уступнай кампаніі ва ўстановы вышэйшай адукацыі нашай краіны ўжо скончаны. А будучым абітурыентам і іх бацькам няхай пашанцуе на выдатных Настаўнікаў. Такіх, якіх успамінаеш пасля ўсё жыццё.

Наталля КАСТЭНКА.

P.S.: Я дзякую сваёй настаўніцы рускай мовы і літаратуры Залескай сярэдняй школы Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці Тамары Уладзіміраўне Ліс за тое, што яна займалася са мной дадаткова, не зважаючы на ўласны час і абсалютна бясплатна. За тое, што натхняла і падбадзёрвала мяне. За тое, што гаварыла, што журналістыка — гэта мая будучыня, і верыла ў мае сілы. Дзякуй вам, мая любімая Настаўніца!