Reweb стартуе ў маі

- 14:40Якасць адукацыі

Першы ў Беларусі студэнцкі ІТ-атрад створаны ў Віцебскай вобласці

Студатрадаўскі рух асвойвае віртуальную прастору: прэзентацыя праекта адбылася падчас II Абласнога маладзёжнага інтэрнэт-форуму, які прайшоў 12 красавіка на базе галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці і сабраў прадстаўнікоў грамадскага аб’яднання “БРСМ”, адказных за работу ў інтэрнэце, адміністратараў маладзёжных сайтаў, суполак у сацыяльных сетках, супрацоўнікаў маладзёжных прэс-цэнтраў, блогераў і фатографаў.

Як праінфармавала галоўны спецыяліст Віцебскага абкама БРСМ Кацярына Карнейчык, форум праводзіўся з мэтай развіцця інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і садзейнічання іх эфектыўнаму выкарыстанню ў рэгіёне, стварэння ўмоў для актыўнага далучэння моладзі да развіцця web-журналістыкі, маладзёжнага інтэрнэт-тэлебачання, стымулявання творчай актыўнасці праз сучасныя формы і метады работы з маладзёжнай аўдыторыяй, вучобы і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў тэрытарыяльных камітэтаў БРСМ. У якасці спікераў выступілі кіраўнікі інтэрнэт-парталаў, IT-кампаній, аўтары інтэрнэт-праектаў, лідары БРСМ.

— Арганізацыя работы са сродкамі масавай інфармацыі і ў інтэрнэт-прасторы — адзін з асноўных кірункаў дзейнасці Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ, — паведаміла Кацярына Карнейчык. — Сёння нашы тэрытарыяльныя камітэты актыўна пашыраюць сваю прысутнасць у інтэрнэт-сферы: створаны і вядуцца тэматычныя групы і старонкі ў сацыяльнай сетцы “УКантакце” (больш за 39 тысяч удзельнікаў), Facebook, акаўнты ў фотосетцы Instagram, каналы на відэахостынгу Youtube, мікраблогі ў сетцы Twitter, абнаўляюцца старонкі грамадскага аб’яднання “БРСМ”, размешчаныя на сайтах іншых арганізацый. Дзейнасць БРСМ рэгулярна асвятляецца ў рэгіянальных, абласных і рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі, прычым значная работа праводзіцца карэспандэнтамі маладзёжных прэс-цэнтраў, створаных пры тэрытарыяльных камітэтах.

Адкрываючы інтэрнэт-форум, першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Андрэй Белякоў падкрэсліў важнасць правядзення такіх мерапрыемстваў.

— Сімвалічна, што мы сустрэліся ў Дзень касманаўтыкі — свята, якое аб’ядноўвала калісьці людзей з усяго Савецкага Саюза. Праз некалькі дзясяткаў гадоў мы гаворым аб асваенні інтэрнэт-прасторы, — правёў аналогію маладзёжны лідар. — У гэтым напрамку чалавецтва зрабіла гіганцкі крок наперад, сёння практычна ўсе працэсы яго жыццядзейнасці так ці інакш звязаны з камп’ютарнымі тэхналогіямі. Мы гэта прымаем як данасць. Валодаючы інфармацыяй, валодаеш светам — і, канечне ж, вельмі важна ўмець арыентавацца ў інфармацыйным полі. Важна расказаць аб небяспецы, якую не заўсёды можна адразу заўважыць, станоўчым вопыце, які сёння ў нас ёсць, сустракацца і кантактаваць з людзьмі, якія дабіліся значных вынікаў, атрымалі прызнанне не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Многія з іх, дарэчы, атрымліваюць нядрэнныя прыбыткі праз інтэрнэт. У Беларусі ў кожнага ёсць магчымасць для развіцця ў гэтым напрамку. Парк высокіх тэхналогій і шэраг падобных арганізацый дапамагаюць маладым людзям вызначацца, у тым ліку з будучай прафесіяй, дапамагаюць засвойваць веды, якія на сёння вельмі запатрабаваны.

— У ІТ-сферы неабходна не толькі ўмець арыентавацца, але і рабіць так, каб іншым людзям гэта таксама было лёгка і проста. Сёння БРСМ эфектыўна працуе ў гэтым напрамку, — адзначыў выконваючы абавязкі першага сакратара Віцебскага абкама БРСМ Віктар Глушын. — Мы вельмі актыўна прысутнічаем у інтэрнэце, размяшчаючы там пазітыўную інфармацыю пра нашы справы і мерапрыемствы. Гэта тая пляцоўка, дзе можна рэалізаваць многія цікавыя задумы. Тым прыемней прэзентаваць праект, які аб’яднаў два вядучыя напрамкі нашай дзейнасці — другасную занятасць моладзі і работу ў інтэрнэт-прасторы: першы ў краіне студэнцкі ІТ-атрад. Адбор у яго праводзіўся з лютага. У выніку атрымалася каманда з сямі чалавек-праграмістаў, вэб-дызайнераў, маркетолага і менеджара, а ўзначаліў яе студэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Мацвей Мацвееў — адзін са стваральнікаў праекта інтэрнэт-сэрвісу Yotravels, які стаў фіналістам конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Атрад будзе дыстанцыйна выконваць праектныя заданні нашага партнёра — фірмы “ТиАйТи плюс”.

— Мы актыўна супрацоўнічаем з установамі адукацыі, прычым не толькі дапамагаем прасоўваць праекты, але і запрашаем да сябе на практыку студэнтаў профільных спецыяльнасцей. Так і нарадзілася ідэя арганізаваць студэнцкі ІТ-атрад. Канчаткова яна аформілася ў час правядзення абласнога этапу конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, дзе я выступаў экспертам, — расказаў дырэктар фірмы “ТиАйТи плюс” Максім Волкаў. — Ёсць многа здольных маладых людзей, і яны жадаюць працаваць. У той жа час у нашай сферы адчуваецца вострая патрэба ў кадрах, якія могуць працаваць крэатыўна, творча. Студатрад пачне дзейнічаць у маі, спачатку ў фармаце web-студыі — будзе займацца стварэннем, суправаджэннем і прасоўваннем сайтаў. Праз некалькі месяцаў маем намер выйсці на самаакупнасць, а ў перспектыве не выключаем ідэю стварэння ўласнага прадукту.

На магчымасці інтэрнэту як магутнага інструменту для развіцця бізнесу, спецыялізаваныя інтэрнэт-рэсурсы, якія аказваюць комплекснае суправаджэнне бізнесу пачынаючы з моманту зараджэння ідэі, звярнуў увагу ўдзельнікаў форуму дырэктар Віцебскага бізнес-цэнтра Леанід Шур. Прафесійнымі сакрэтамі з маладымі адміністратарамі інтэрнэт-рэсурсаў падзяліўся кіраўнік аднаго з самых папулярных рэгіянальных інфармацыйных парталаў GorodVitebsk.by Андрэй Лапін. З асаблівай цікавасцю аўдыторыя выслухала выступленне ўладальніцы інтэрнэт-прэміі БРСМ у намінацыі “Лепшы акаўнт у Instagram” Яўгеніі Вайцянок з Дуброўна. Вясновыя ноткі ў дзелавую атмасферу форуму прыўнесла цырымонія ўзнагароджання пераможцы абласнога інтэрнэт-конкурсу “Міс фота БРСМ” (альбом конкурсу ў суме набраў амаль 7,5 тысячы лайкаў!) — ёй стала Марына Пузырова з Дуброўна. Таксама актывісты БРСМ наведалі музейную экспазіцыю галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці, а таксама прынялі ўдзел у фарсайт-дыскусіі па пытанні правядзення дэнамінацыі беларускага рубля.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.