Россып творчасці і таленту

- 13:12Адукацыйная прастора

Пра настаўнікаў, якія рыхтуюць настаўнікаў

Прыёмная кампанія ў сістэме сярэдняй спецыяльнай адукацыі будзе доўжыцца яшчэ амаль месяц, а ў Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа яна выходзіць на фінішную прамую. Аб сёлетнім прыёме і аб тым, якія адметнасці будзе мець для ўстановы новы навучальны год, расказвае дырэктар каледжа А.В.ЖУРАЎЛЁВА.

— Алена Васільеўна, тэм для размовы ў нас шмат, але пачнём з самай злабадзённай. Прыёмная кампанія яшчэ працягваецца, але застаецца не так многа часу да яе завяршэння. Для тых падлеткаў, хто яшчэ не вызначыўся, наступаюць самыя хвалюючыя дні. Як у вас ідуць справы ў прыёме абітурыентаў?

— З новага навучальнага года ў наш каледж прый­дуць 165 першакурснікаў, якія выбралі спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, “Фізічная культура”, “Замежная мова”, “Дызайн графічны”. Такую коль­касць навучэнцаў мы запланавалі сёлета прыняць. Ужо на пачатак жніўня мы бачым, што па кожнай спецыяльнасці ёсць конкурс. Каледж даволі папулярны сярод моладзі, яго добра ведаюць у нашым рэгіёне і за яго межамі. На працягу ўсяго навучальнага года мы актыўна праводзім прафарыентацыйную работу, наведваем школы, запрашаем да сябе вучняў і іх баць­коў. Нашых гасцей на тэрыторыі каледжа сустракае фантан жаданняў пад назвай “Знайдзі сваю прафесію”. Па яго перыметры ўстаноўлены каменныя знакі з назвамі ўсіх тых спецыяльнасцей, па якіх рыхтуе каледж, як своеасаблівы зыходны пункт выбудоўвання сваёй прафесійнай траекторыі, россып творчасці і таленту. Камень увасабляе ідэю трывалых ведаў і навыкаў, так званых hard skills, якія мо­гуць атрымаць у нас навучэнцы. Кветнікі, якія размясціліся побач, адлюстроўваюць навыкі soft skills, у тым ліку чалавечыя якасці — прыяз­насць, запал, камандны дух, крэатыў­насць, камунікабельнасць. Заўважу, што да 1993 года ўстанова рыхтавала кадры па адной спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”. Але з цягам часу, адсочваючы запыты на кадры рэгіянальнага рынку працы, пажаданні мола­дзі, улічваючы магчымасці і імкненні нашага педагагічнага калектыву, мы адкрылі спецыяльнасці “Замежная мова”, “Фізічная культура”.

Нясвіж — адзін з самых прыгожых і старажытных гарадоў Беларусі. Тут размяшчаецца адзін з самых вядомых за мяжой музейных комплексаў — Нясвіжскі палацава-паркавы ансамбль, які з 2005 года ўнесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Таму і ўзнікла неабходнасць рыхтаваць спецыялістаў для турыстычнай галіны. Неверагодна прыгожыя краявіды Нясвіжчыны прыцягваюць творчых людзей, дзе яны натхняюцца на стварэнне сваіх работ. Таму асаблівай папулярнасцю сярод абітурыентаў карыстаецца спецыяльнасць “Дызайн графічны”. І зусім нядаўна мы сталі ажыццяўляць набор на спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя”, якая запатрабавана ў адукацыйнай сферы.

— Сапраўды, Нясвіж лічыцца жамчужынай нашай Беларусі. Знаходжанне каледжа ў старадаўнім будынку сімвалізуе перадачу вам у спадчыну гістарычных і культурных здабыткаў нашых продкаў, як наказ захоўваць і прадаўжаць нацыянальныя традыцыі.

— Мы ўспрымаем гэта менавіта так. Будынак, у якім знаходзіцца каледж, — былы жаночы манастыр, дзе нашы асветнікі, грамадскія дзеячы Мікалай Радзівіл (Сіротка) і Эльжбета-Яўхіма Радзівіл, упершыню ў гісторыі стварылі цэнтр жаночай адукацыі. (Знакамітыя польскія князі Радзівілы кіравалі нашым горадам з ХV стагоддзя.) Нароўні са створанымі пры іх удзеле велічнымі ўзорамі нясвіжскай архітэктуры, арыгінальнымі ландшафтамі наваколля, прадстаўнікі гэтага знакамітага роду надавалі вялікае значэнне духоўнаму і культурнаму развіццю, заснавалі першы беларускі тэатр, запрашалі ў горад вядомых мастакоў і музыкантаў. Ідэя асветы ўвасаблялася ў жыццё праз будаўніцтва храмаў і манастыроў. У адным з іх была рэалізавана ідэя ву­чыць жанчын правільна выхоўваць дзяцей. Манашкі вучылі дзяцей вядомых шляхетных родаў пісьму, чытанню, малітвам, спевам, розным навукам, такім як эканоміка хатняй гаспадаркі, рукадзелле, фларыстыка. Манастыр быў адкрытым і для звычайных гараджан. У 1945 годзе ў гэтым будынку размясцілася Нясвіжскае педагагічнае вучылішча. Больш дакладна і падрабязна пра гісторыю нашага краю і гісторыю адукацыі ў Нясвіжы можна даведацца ў аднайменным музеі або зазірнуўшы на нашы інфармацыйныя рэсурсы, дзе ёсць спасылка на віртуальную версію музейнай экспазіцыі. Хачу дадаць, што калі ўстанова мае педагагічны профіль, то навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення — гэта і ёсць інвестыцыя ў будучыню, якая засноўваецца на гісторыі, культуры і нацыянальных традыцыях нашай краіны, на спадчыне нашых продкаў.

— Унікальнасць месца, у якім вы працуеце, магчыма, пара­джае крыніцу ідэй, інавацый, шматлікіх праектаў. Мяркуючы па высокай выніковасці дзейнасці вашай установы, шматграннасці работы калектыву, гэтая крыніца невычэрпная. Закранём адзін з кірункаў — праектную дзейнасць. Які праект з’яўляецца асноўным?

— Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, РІПА, галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мін­аб­лвыканкама мы адны з першых у краіне рэалізоўваем праект, які дазволіць падрыхтаваць выпускнікоў каледжа для педагагічнай работы ва ўмовах інклюзіі. Наш праект мае назву “Распрацоўка і апрабацыя мадэлі адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для рэалізацыі адукацыйных пра­грам сярэдняй спецыяльнай адукацыі ва ўмовах інклюзіі”.

У рамках праекта мы вучым будучых выхавальнікаў устаноў дашкольнай адукацыі і настаўнікаў пачатковых класаў кампетэнцыям, якія звязаны з работай у інклюзіўнай адукацыйнай прасторы. Мы забяспечваем метадычнае суправаджэнне гэтых кампетэнцый па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, наладжваем сістэму псіхолага-педагагічнага су­праваджэння адукацыйнага працэсу ва ўмовах інклюзіі. Праект уключае два асноўныя блокі: 1-ы — стварэнне адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для прафесійнай адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, 2-гі — падрыхтоўка выпускнікоў да работы па спецыяльнасцях “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя” ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі.

Нашы навучэнцы вучацца ўзаемадзейнічаць з лю­дзь­мі, якія маюць інваліднасць, асаблівасці псіхафізічнага развіцця, з дапамогай факультатыўнага курса “Інклюзіўная адукацыя”, школы сенсорнага развіцця і дадатковай камунікацыі, школы сацыяльнага валанцёра, падчас праходжання практык ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. У каледжы створаны адмысловы інфармацыйны рэсурс па тэме інклюзіўнай адукацыі, дзе прадстаўлена інфармацыя аб працэсе распрацоўкі і ўкаранення ў адукацыйнае асяроддзе каледжа эксперыментальнага праекта, для забеспячэння метадычнай падтрымкі творчай групы педагогаў, якія ўдзельнічаюць у яго рэалізацыі, удасканалення іх прафесійнай кваліфікацыі і самаадукацыі, для зносін з дапамогай сеткавага інфармацыйна-адукацыйнага сэрвісу. Такім рэсурсам з’яўляецца сайт “Інклюзіўная адукацыя”.

— Раскажыце, калі ласка, пра сайт больш падрабязна?

— Ён створаны ў сістэме “Вэб-Майстэрня” і ўяўляе сабой асобны тэматычны рэсурс. Інфармацыя пра ўкараненне мадэлі інклюзіўнай адукацыі пастаянна абнаўляецца. Сайт можна назваць візітнай карткай установы адукацыі па рэалізацыі праекта. Запрашаем вас наведаць яго па спасылцы inkluziv.nesko.by. Выхад на тэматычны рэсурс магчымы і з сайта каледжа. Сайт мае свой асабісты слоган, які адлюстроўвае мэту інклюзіўнай адукацыі, а таксама лагатып. Аўтар лагатыпа К.Сакалова, навучэнка каледжа па спецыяльнасці “Дызайн графічны”. Наведаўшы наш сайт, вы зможаце ўбачыць увесь аб’ём праведзенай работы па рэалізацыі праекта за пэўны час. Галоўная старонка дае карыстальніку ўяўленне пра структуру сайта. Тут вы знойдзеце нарматыўныя і прававыя акты і стратэгічныя дакументы, якія рэгламен­туюць інклюзіўную адукацыю, каляндарныя планы эксперыментальнай дзейнасці ў рамках праекта, у адпаведнасці з якімі вядзецца работа.Таксама там прадстаўлены пералік артыкулаў па інклюзіўнай прафесійнай адукацыі, які існуе ў нашай краіне і ў свеце.

Свой вопыт работы мы таксама стараемся трансліра­ваць. Наведвальнікі сайта могуць азнаёміцца з публікацыямі ў СМІ членаў творчай групы па пытаннях інклюзіўнай адукацыі. Прадстаўлена шмат карыснай інфармацыі для бацькоў, адлюстравана работа валанцёрскага атрада “Эра міласэрнасці”, сабрана медыятэка, прадстаўлена работа псіхолага з бацькамі, размешчаны навіны ў свеце інклюзіі і шмат іншай карыснай інфармацыі. На сайце мы праводзім сацыялагічныя апытанні і запрашаем вас, паважаныя калегі, у іх паўдзельнічаць, бо нам важна ваша меркаванне. Зваротная сувязь, якую мы атрымліваем дзякуючы нашым апытанням, дазваляе намеціць далейшыя напрамкі работы, а аналіз атрыманых адказаў яшчэ раз дае магчымасць пераканацца ў тым, што мы на правільным шляху.

Пытанне, якое ў вас можа ўзнікнуць, гэта як мы прыйшлі да разумення неабходнасці ўкаранення інклюзіі ў прафесійную адукацыю. Усё вельмі проста. Гэта абумоўлена тым, што ў цяперашні час у адпаведнасці з гуманістычнымі і дэмакратычнымі сусветнымі стандартамі чалавецтву неабходны пераход да новага адзінага грамадства, якое ўключае лю­дзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Мы разумеем, што працэс укаранення практыкі інклюзіўнай адукацыі доўгачасовы і складаны. Аналізуючы гэтую адукацыю сёння, становіцца відавочным, што галоўным правадніком і рэалізатарам ідэй з’яўляецца педагог. Таму хто, як не мы? Менавіта мы, настаўнікі будучых настаўнікаў і выхавальнікаў, павінны падрыхтаваць нашых выпускнікоў працаваць у новых прафесійных умовах, у тым ліку ва ўмовах інклюзіі, і падрыхтоўка павінна апярэджваць укараненне практык інклюзіўнай адукацыі.

Скажу яшчэ пра адзін праект, які мы рэалізоўваем. Гэта апрабацыя SMART-асяроддзя ў якасці мадэлі арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Яго мэтай з’яўляецца стварэнне ўмоў для фарміравання інтэрактыўнага адукацыйнага SMART-асяроддзя ва ўстанове адукацыі, якое ўключае ў сябе сістэму ўзаемадзеяння ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу і якое забяспечвае даступнасць і павышэнне якасці адукацыйных паслуг.

— Ці адпавядае матэрыяльная база каледжа вашым пачынанням?

— Матэрыяльная база адпавядае сучасным патрабаванням. Гэта 27 вучэбных кабінетаў, мабільны і стацыя­нарныя камп’ютарныя класы, мультыборды, інтэрактыўныя дошкі, спартыўная і трэнажорная залы, лыжная база, кабінет рытмікі і харэаграфіі, 3 вучэбна-метадычныя кабінеты, выкладчыцкая, мастацкія майстэрні, бібліятэка. Мы маем высакахуткасны доступ да інтэрнэту, сістэму відэаназірання, набылі графічныя планшэты. Хочацца асобна расказаць пра гольф-поле. Гэта ўнікальны праект, у рамках якога мы добраўпарадкавалі тэрыторыю (побач з каледжам) для гульні ў міні-гольф. Цяпер там праводзяцца спаборніцтвы альбо можна проста пагуляць у гольф. Гэта такі від спорту, які нікому не проціпаказаны, матывуе на цесныя зносіны, стварае своеасаблівы драйф для падлеткаў, дарослых, людзей з рознымі фізічнымі і псіхічнымі асаблівасцямі. Для нашага кале­джа — гэта асаблівы элемент інклюзіўнага асяроддзя.

— Алена Васільеўна, апошнім часам мы часта сустракаліся з вамі, педагогамі і навучэнцамі вашага каледжа на пляцоўках WorldSkills. Не магу не спытацца, якія планы па развіцці гэтага напрамку вы маеце на новы навучальны год?

— Мы ўключыліся ў гэты рух у самым пачатку, і ў далейшым толькі развіваем свой удзел у ім. Для нас заўсёды была ключавой у адукацыі навучэнцаў іх практычная прафесійная падрыхтоўка. Мы не павінны замыкацца ў гэтым толькі ў самой установе, мы хочам дэманстраваць сваё майстэрства на нацыянальнай, міжнароднай арэне, убачыць, як мы там выглядаем на фоне іншых, хочам укараняць у практыку ўсё новыя і новыя здабыткі, фарміраваць адукацыйны і прафесійны стандарт у падрыхтоўцы будучых настаўнікаў і выхавальнікаў. Вялікая работа была праведзена па падрыхтоўцы да IV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэр­ства WorldSkills Belarus у 2020 годзе. Мы актыўна ўдзельнічалі ў міні-чэмпіянатах “WorldSkills — старт прафесійнага станаўлення”. У рамках правядзення абласных этапаў конкурсу нашы навучэнцы сталі пераможцамі і прадставілі Мін­скую воб­ласць на нацыянальным чэмпіянаце ў 2020 годзе па трох кампетэнцыях: “Дызайн графічны” (Карына Сакалова, навучэнка 3 курса, эксперт М.Н.Канавалаў), “Дашкольная адукацыя” (Зінаіда Казлова, навучэнка 4 курса, эксперт Г.У.Яўланава), “Пачатковая адукацыя” (кампетэнцыя была прадстаўлена на чэмпіянаце ўпершыню, у ёй выступала Настасся Асташэвіч, выпускніца каледжа, цяпер настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Дзяржынска, эксперт А.М.Глобаж). Удзель­нічаючы ў конкурсе, мы набылі велізарны прафесійны вопыт і заявілі пра сябе на рэспубліканскім узроўні. Нягледзячы на тое, што правядзенне V Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus плануецца толькі ў 2023 годзе, падрыхтоўка ўдзель­нікаў вядзецца вельмі актыўна. Сярод навучэнцаў 2—3 курсаў рэгулярна праходзяць унутраныя міні-чэмпіянаты па названых кампетэнцыях з удзе­лам валанцёраў 1 курса. Мы па­стаянна ўдзельнічаем у міні-чэмпіянатах “WorldSkills — старт прафесійнага станаўлення”, якія праводзяцца ў фармаце анлайн. Настасся Бунцэвіч, навучэнка 3 курса спецыяльнасці “Пачатковая адукацыя”, удала выступіла на міні-чэмпіянаце ў рэжыме анлайн і заняла 3-е месца ў публічным выступленні па тэме “Педагагічная мудрасць: кнігі, якія вучаць”, дзе прэзентавала сучасную кнігу Ларысы Толкач “Я спрачаюся з будучыняй”.

Як бачна, каманда нашых педагогаў, нашых навучэнцаў — гэта згуртаванне працаздольных, творчых, мэтанакіраваных людзей, якія імкнуцца рэалізоўваць свае ідэі на практыцы і тым самым удасканальваць сваё майстэрства.

Інтэрв’ю падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.