Роўныя адукацыйныя магчымасці для кожнага

- 12:33Спецыяльная адукацыя

У Інстытуце інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка прайшло пасяджэнне секцыі “Інклюзія: роўныя магчымасці для кожнага ў адкрытай адукацыйнай прасторы”. Удзельнікамі секцыі сталі больш за 60 педагагічных работнікаў.

“Інклюзіўная адукацыя з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця сістэмы адукацыі краіны”, — адзначыла ў пачатку сустрэчы Святлана Сысой, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі.

Прынцып інклюзіі ў адукацыі забяспечвае роўны доступ да атрымання адукацыі для ўсіх навучэнцаў з улікам разнастайнасці асаблівых адукацыйных патрэб і індывідуальных магчымасцей кожнага навучэнца.

“У новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі прапануецца ствараць класы сумеснага навучання і выхавання, дзе разам асвойваюць змест адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі дзеці з АПФР і іх звычайныя аднагодкі, — расказала Вольга Хруль, загадчык лабараторыі спецыяльнай адукацыі НІА. — Такая форма навучання і выхавання апрабуецца ў рамках рэспубліканскага эксперыментальнага праекта. У канцэптуальных падыходах да развіцця сістэмы адукацыі краіны да 2030 года вызначана, што развіццё нацыянальнай сістэмы адукацыі і выхавання грунтуецца на аснове гуманістычнай парадыгмы”.

Станоўчымі бакамі сучаснай адукацыі асоб з АПФР выступаюць: адаптацыя зместу навучання не з пазіцыі спрашчэння вучэбнага матэрыялу, а з пазіцый спецыфікі яго падачы і адэкватнасці патрабаванняў да пазнавальных, сенсорных, рухальных, эмацыянальных магчымасцей навучэнцаў; уключэнне навучэнцаў у сумесную дзейнасць з улікам іх асабістых пераваг, рознага ўзроўню вучэбных дасягненняў, магчымасці выкарыстання канкрэтнага спосабу выканання задання. У тэхналогіі сумеснага навучання ключавым з’яўляецца захаванне парытэтных адносін і прыярытэту інтарэсаў дзіцяці. Неабходна ліквідаваць памылковыя ўяўленні аб бесперспектыўнасці навучэнцаў з АПФР, выкарыстоўваць у якасці прыкладу паспяховыя жыццёвыя гісторыі такіх людзей, фарміраваць у такіх дзяцей навыкі ўзаемадзеяння ў рэальных жыццёвых сітуацыях. Неабходна павышаць статус навучэнцаў з АПФР, прэзентаваць іх поспехі і дасягненні. Галоўнае пры гэтым, каб у педагога не наступіла эмацыянальнае выгаранне, а ў дзіцяці не сфарміравалася адмоўнае стаўленне да школы, бо вучыцца дзецям з АПФР трэба будзе ўсё жыццё.

“Інклюзіўныя працэсы ў адукацыі і сацыяльнай супольнасці любой краіны з’яўляюцца аб’ектыўнымі і маюць патрэбу ў навуковым абгрунтаванні, тэхналагічным рашэнні, удумлівым падыходзе да ўкаранення. Асноўным правадніком ідэй інклюзіі ў адукацыі з’яўляюцца педагагічныя работнікі. Іх падрыхтоўка — краевугольны камень у паступальным руху ў вырашэнні няпростай задачы забеспячэння сапраўднай якасці адукацыі для кожнага дзіцяці, — адзначыла Вера Хітрук, дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ. — Сёння неабходны рэальны пераход ад разумення парушэння дзіцяці ў развіцці з пункту гледжання медыцынскай мадэлі (дыягназу) да разумення яго функцыянальнасці, сфарміраванасці сацыяльных і жыццёвых кампетэнцый. Тут зыходны пункт — патэнцыялы і рэсурсы дзіцяці, яго функцыянаванне, якія вызначаюцца абмежаваннем жыццядзейнасці. Новы змест адукацыі настаўнікаў-дэфектолагаў будуецца на змене фокусу — ад парадыгмы карэкцыі дэфіцытарнасці да парадыгмы стварэння ўмоў для развіцця патэнцыялаў асобы і яе функцыянальных магчымасцей. У гэтым выпадку карэкцыя становіцца адным з механізмаў, якія забяспечваюць дасягненне мэты. Відавочна, што пераход на новую парадыгму непазбежна запатрабуе ўнясення змяненняў і дапаўненняў у кваліфікацыйна-прафесійны стандарт педагога, абазначэнне і размежаванне прафесійных кампетэнцый і функцыянальных абавязкаў педагогаў. Варта задумацца над распрацоўкай прафесійнага стандарту настаўніка-дэфектолага і настаўніка-лагапеда”.

Вынікі распрацоўкі вучэбна-метадычнага забеспячэння спецыяльнай і інклюзіўнай адукацыі, асаблівасці экспертнай ацэнкі вучэбных дапаможнікаў для дзяцей з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі, дасягненні і перспектывы развіцця кнігавыдання ў Беларусі знайшлі адлюстраванне ў дакладзе метадыста аддзела метадычнага забеспячэння спецыяльнай адукацыі НІА Валянціны Аляшкевіч.

“Разнастайнасць індывідуальных адукацыйных патрэб нашых выхаванцаў абумоўлівае неабходнасць асаблівай увагі да стварэння інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі, — расказала настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 11 Вілейкі Таццяна Богдан. — Такі вопыт дазволіў установе ў 2015 годзе стаць раённым рэсурсным цэнтрам інклюзіўнай адукацыі. Намаганні, прынятыя калектывам сада па фарміраванні інклюзіўнага адукацыйнага асяроддзя, спрыялі індывідуалізацыі адукацыйнага працэсу, уліку магчымасцей і патрэб кожнага дзіцяці, арганізацыі камфортных і бяспечных умоў; гнуткасці, варыятыўнасці, эфектыўнасці інклюзіўнай практыкі; стварэнню супольнасці педагогаў і бацькоў, у якім інклюзіўныя каштоўнасці падзяляюцца, прымаюцца і трансліруюцца ўсімі яго ўдзельнікамі. У рамках рэалізацыі міжнароднага праекта па ўдасканаленні аказання ранняй комплекснай дапамогі ў садзе была створана гульнятэка. Пачала працаваць група кароткачасовага знаходжання, якую наведваюць і выхаванцы з АПФР. Як вынік — забяспечваецца максімальна ранняе выяўленне дзяцей з асаблівасцямі і арганізуецца карэкцыйная работа з імі”.

Сярэднія школы № 25 Мінска і № 3 Дзятлава рэалізуюць эксперыментальны праект па апрабацыі адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах інклюзіі асоб з АПФР, накіраваны на аб’яднанне дзяцей у адзінай адукацыйнай прасторы і вызначэнне новых спосабаў узаемадзеяння на роўных. “Усведамленню навучэнцамі права кожнага чалавека быць пачутым, быць часткай грамадства садзейнічае арганізацыя шэрага валанцёрскіх ініцыятыў з прыцягненнем валанцёрскай супольнасці і ўключэнне навучэнцаў з асаблівасцямі ў гэтую дзейнасць, а таксама ў актыўную пошукавую, творчую, экскурсійную, тэатральную і іншую дзейнасць”, — адзначыла намеснік дырэктара сярэдняй школы № 3 Дзятлава Алена Баклага.

“Выкарыстанне дыферэнцыраванага навучання дазваляе кожнаму вучню займацца ў сваім тэмпе і на сваім узроўні і пры гэтым пераходзіць з аднаго ўзроўню на іншы, выбіраючы ўсё больш складаныя заданні. Такім чынам, працэс навучання прадугледжвае актыўную дзейнасць кожнага вучня, — адзначыла намеснік дырэктара сярэдняй школы № 25 Мінска Таццяна Бандарэнка. — Падчас дыферэнцыраванай самастойнай работы ў настаўніка з’яўляецца магчымасць аказваць індывідуальную дапамогу дзецям, не адцягваючы ўвагу іншых навучэнцаў класа, абмеркаваць алгарытм выканання задання, правесці бягучы кантроль. З 2012 года ў школе на занятках выкарыстоўваецца канструктар LEGO, у тым ліку пры рабоце з навучэнцамі з АПФР. Яго адукацыйныя магчымасці велізарныя. Як вынік — стварэнне тэматычных творчых праектаў з удзелам усіх дзяцей”.

“Каля 35% устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі штогод арганізуюць навучанне асоб з АПФР, — адзначыла начальнік аддзела Цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі РІПА Алена Фалевіч. — Так, у Мінскім дзяржаўным каледжы электронікі функцыянуе рэсурсны цэнтр інклюзіўнай адукацыі. Ва ўстанове займаюцца маладыя людзі з парушэннямі слыху, функцый апорна-рухальнага апарату. З нядаўняга часу арганізавана навучанне асоб з парушэннямі зроку. На базе Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа рэалізуецца эксперыментальны праект па распрацоўцы і апрабацыі мадэлі адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя для рэалізацыі праграм сярэдняй спецыяльнай адукацыі ва ўмовах інклюзіі. Апрабацыя тэхналогій дыстанцыйнага навучання асоб з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату праходзіць у Магілёўскім дзяржаўным эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы. Сёння маладыя людзі з АПФР маюць магчымасць прадэманстраваць свае прафесійныя навыкі ва ўмовах конкурсаў прафмайстэрства WorldSkills Belarus”.

Выступленне дырэктара Гомельскага абласнога ЦКРНіР Таццяны Усавай і дырэктара Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Святланы Якіменка было прысвечана ўзаемадзеянню ўстаноў спецыяльнай адукацыі і дадатковай адукацыі па стварэнні інклюзіўнай адукацыйнай прасторы на прыкладзе тэатралізаванай дзейнасці з удзелам дзяцей з АПФР і іх звычайных аднагодкаў.

Надзея ЦЕРАХАВА.