Рух да маўлення

- 11:53Спецыяльная адукацыя

У кожным дзіцяці схавана закладзеная прыродай нястрымная патрэба ў руху. Для яго бегаць навыперадкі, скакаць на адной назе, пераймаць рухі людзей, жывёл і птушак, якія яго акружаюць, настолькі ж натуральна, як дыхаць. Гэтая патрэба дзяцей задавальняецца не толькі на фізкультурных занятках, ранішняй гімнастыцы, прагулцы на свежым паветры і падчас рухавых гульнях, але і ў дынамічных паўзах, артыкуляцыйнай гімнастыцы, пальчыкавых гульнях і фанетычнай рытміцы. Развіццё рухальнай сферы дзіцяці, агульнай, артыкуляцыйнай і дробнай маторыкі — аснова паспяховага выхавання і навучання дашкольнікаў з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі.

У дэфекталагічнай навуцы мы гаворым пра кампенсаторнае развіццё: калі парушаны слых, неабходна развіваць зрокавае ўспрыманне і дотык, калі парушаны зрок, то робім упор на слыхавое ўспрыманне і дотык, а калі парушана маўленне — развіваем усе віды маторыкі. Лічу, што комплекс рухальных практыкаванняў (дынамічная паўза, артыкуляцыйная гімнастыка, фанетычная рытміка і пальчыкавая гульня), якія з’яўляюцца неад’емнай часткай карэкцыйных заняткаў, мае станоўчы эфект. Дзякуючы такім практыкаванням, у дзяцей развіваецца ўвага, мысленне, памяць, актыўны слоўнік, пашыраецца ўяўленне пра навакольны свет.

Паскладовы маўленчы рытм, які прагаворваецца ў дынамічных практыкаваннях, раўнамерна паўтараецца і па сваіх механізмах з’яўляецца падобным да хадзьбы, дыхання, сэрцабіцця. Ён успрымаецца дзецьмі лёгка, як натуральны, просты для запамінання. На карэкцыйных занятках выкарыстоўваю наступныя практыкаванні фізкультхвілінак: “Хмарка”, “Птушыны двор”, “Сняжок”, “Едзем на машыне”, “Дзяўчынкі і хлопчыкі”, “Вясна” і іншыя. Моўны матэрыял падбіраю так, каб ён быў зразумелы і даступны ў вымаўленні, адпавядаў лексічнай тэме. Напрыклад, зімой, калі выпадае снег, выкарыстоўваю практыкаванне “Сняжок”, якое спрыяе і замацаванню лічэння да чатырох. Прагаворваючы вершаваныя тэксты дынамічных паўз, дзеці вучацца ўспрымаць навакольны свет, што спрыяе лепшаму засваенню матэрыялу, які вывучаецца, прымаюць на сябе ролі жывой і нежывой прыроды, жывых істот, ролю іншых людзей. Напрыклад, “Як ходзяць качачкі?” (дзеці хістаюцца), “Пакажам, як хістаюцца качачкі”, “Як гавораць качачкі?” (“кра-кра-кра”) і г.д.

У сваёй рабоце выкарыстоўваю здароўезберагальныя тэхналогіі. Рухальныя практыкаванні стараюся праводзіць прыкладна ў сярэдзіне заняткаў, калі неабходна змена віду дзейнасці са статычнай на дынамічную. Агульнаразвіццёвыя практыкаванні чаргую з гульнямі для пальчыкаў. Пальчыкавыя гульні самі па сабе дораць дзецям здароўе, таму што пры гэтым адбываецца ўздзеянне на скурное покрыва рук, дзе знаходзіцца мноства пунктаў, звязаных з тымі ці іншымі органамі. Галоўная мэта пальчыкавай гімнастыкі — пераключэнне ўвагі, паляпшэнне каардынацыі і дробнай маторыкі, што непасрэдна ўздзейнічае на разумовае развіццё дзіцяці. Даказана, што тонкія рухі пальцаў рук станоўча ўплываюць на развіццё дзіцячага маўлення. Узровень маўленчага развіцця знаходзіцца ў непасрэднай залежнасці ад ступені сфарміраванасці тонкіх рухаў пальцаў рук. Дзіця, якое мае высокі ўзровень развіцця дробнай маторыкі, умее лагічна разважаць, у яго дастаткова развіты памяць, увага і звязнае маўленне.

Выкарыстанне пальчыкавых гульняў робіць працэс выхавання і навучання больш разнастайным, цікавым і радасным. У працэсе такіх гульняў замацоўваю ў дзяцей веданне пор года (“Стары лясун”), склад сям’і (“Сям’я”), спосабаў дзеяння з агароднінай (“Гаспадыня”) і інш. Акрамя таго, гэтыя практыкаванні выхоўваюць дзяцей: сарока-варона не дала “гэтаму”, ён ваду не насіў, дровы не сек і кашку не варыў, таму есці не будзе, хто не працуе — той не есць. Па ўмеласці дзіцячай рукі спецыялісты на аснове даных сучасных даследаванняў могуць зрабіць выснову пра асаблівасці цэнтральнай нервовай сістэмы і мозга. І калі некалі такія высновы базіраваліся проста на вопыце ўрачоў і педагогаў, то цяпер узаемасувязь мозга і рукі — аксіёма, пацверджаная самымі дакладнымі датчыкамі спецыяльных прыбораў. Тактыльныя адчуванні дзіцяці асабліва абвастраюцца ў той момант, калі вочы ў яго заплюшчаны.

У сваёй рабоце выкарыстоўваю гульню “Чароўны мяшочак”. Ёсць два варыянты гульні. Першы: у мяшочак кладу фігурку, і дзіця вызначае, што ўнутры, навобмацак. Не можа вымавіць назву — пакажа на карцінцы. Другі варыянт: кладу дзве-тры фігуркі і прашу дастаць, напрыклад, божую кароўку.

Фарміраванню ў дашкольнікаў правільнага вымаўлення спрыяе фанетычная рытміка — сістэма рухальных практыкаванняў, у якіх розныя рухі (корпуса, галавы, рук, ног) спалучаюцца з вымаўленнем пэўнага маўленчага матэрыялу (выразаў, слоў, складоў, гукаў). У сваёй рабоце выкарыстоўваю элементы такіх практыкаванняў і лічу іх неабходнай умовай паспяховай работы па аўтаматызацыі гукаў. Рухі ў працэсе такіх практыкаванняў з’яўляюцца сродкам для правільнага вымаўлення і маўлення дашкольнікаў. Канчатковая мэта фанетычнай рытмікі — фанетычна правільна аформленае маўленне без рухаў.

Яшчэ адзін від практыкаванняў — артыкуляцыйная гімнастыка. Вымаўленне гукаў мовы — гэта складаны рухальны навык органаў артыкуляцыі, да якіх адносяцца язык, губы і мяккае паднябенне. Такую зарадку праводжу на кожных індывідуальных і падгрупавых занятках. Традыцыйна склалася пэўная паслядоўнасць практыкаванняў. Дзеці, асабліва старшыя дашкольнікі, ведаюць гэтыя практыкаванні і могуць выканаць іх самастойна. Гэта “Плоцік”, “Іголачка”, “Арэлі”, “Келішак”, “Трубачка”, “Горка”, “Блінчык”, “Футбол”, “Гадзіннічак”, “Конік”, “Грыбок”, “Гармонік” і “Маляр”. Калі дзецям цяжка выканаць тое ці іншае практыкаванне, тады расказваю бацькам, як яно выконваецца. Вельмі важна такую гімнастыку праводзіць штодзень, развіваючы рухавасць органаў артыкуляцыі. Усе практыкаванні выконваюцца пад лічэнне ад 5 да 10.

Існуюць спецыяльныя комплексы артыкуляцыйных гімнастык пры пастаноўцы і аўтаматызацыі канкрэтных гукаў. Але лічу, калі практыкаванне дзіцяці знаёма, не лішнім будзе яго паўтарыць. А сама гімнастыка, калі выконваецца рэгулярна, не зойме шмат часу. Такім чынам, можна зрабіць выснову пра тое, што выкарыстанне на карэкцыйных занятках здароўезберагальных тэхналогій і задавальненне натуральнага жадання дашкольнікаў у разнастайных рухальных практыкаваннях выступае як сродак выхавання і навучання на карэкцыйных занятках. Дынамічныя практыкаванні спрыяюць развіццю каардынацыі рухаў, агульнай маторыкі і замацаванню вучэбнага матэрыялу, знаёмяць з навакольным светам, выконваюць выхаваўчыя функцыі. Фанетычная рытміка фарміруе дакладнасць вымаўлення гукаў мовы, інтанацыйную структуру, рэгулюе голас і маўленчае дыханне. Пальчыкавая гімнастыка, якая суправаджаецца рыфмаваным вершаваным тэкстам, развівае дробную маторыку рук і маўленне дзяцей. Артыкуляцыйная гімнастыка развівае рухавасць органаў артыкуляцыі, што з’яўляецца неабходнай умовай правільнага маўлення дзяцей.

Ніна БЕЛАВА,
настаўнік-дэфектолаг Корнадскага дзіцячага сада — базавай школы
Свіслацкага раёна Гродзенскай вобласці.