Рух у правільным напрамку

- 10:38Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Беларусь павінна быць неад’емнай часткай еўрапейскіх і еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў. Аб гэтым заявіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей па выніках сустрэчы з міністрам замежных спраў Люксембурга Жанам Асельборнам.

“Беларусь знаходзіцца ў Еўропе і з’яўляецца еўрапейскай дзяржавай. Мы, я лічу, павінны быць неад’емнай часткай еўрапейскіх і еўразійскіх інтэграцыйных працэсаў, — сказаў Уладзімір Макей. — Калі ёсць нейкія праблемы паміж сябрамі, мы гэтыя праблемы павінны абмяркоўваць. Таму мы настроены выбудоўваць з Еўрапейскім саюзам адносіны праз той раўнапраўны і канструктыўны дыялог, які намеціўся і існуе цяпер”.

Міністр адзначыў, што ўсе праблемныя пытанні, якія могуць узнікаць на шляху беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва, будуць вырашаны.

Уладзімір Макей адзначыў, што гэта першы візіт кіраўніка знешнепалітычнага ведамства еўрапейскай дзяржавы ў Беларусь пасля выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. “Мы разлічваем, што ваш візіт пасадзейнічае ўмацаванню нашых адносін у розных сферах”, — сказаў міністр.

Кіраўнік МЗС Беларусі прапанаваў абмеркаваць развіццё двухбаковага ўзаемадзеяння, адносіны Беларусі і ЕС, а таксама сітуацыю ў рэгіёне.

У сваю чаргу Жан Асельборн адзначыў, што Беларусь і ЕС рухаюцца ў правільным напрамку, хоць сітуацыя і неідэальная.

Кіраўнік МЗС Люксембурга запрасіў Уладзіміра Макея зрабіць візіт у яго краіну ў зручны для беларускага дыпламата час.